Будаўніцтва на ферме ў Дабромыслі
выходзіць на фінішную прамую
У Беларусі захавалі і ўклалі новы сэнс у традыцыю святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі: прынята прымяркоўваць да свята адкрыццё сацыяльна значных і вытворчых аб’ектаў. Наш раён – аграрна-прамысловы, шмат увагі надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. І цяпер адразу ў некалькіх гаспадарках раёна вядзецца будаўніцтва і рэканструкцыя малочнатаварных ферм. Пабывалі на будоўлі кароўніка на МТФ філіяла «Дабромысль» ДП «Брэст-травы» разам з дырэктарам прадпрыемства Аляксандрам Пятліцкім. У другой палове лістапада аб’ект здадуць у эксплуатацыю.
Да будаўніцтва новага сучаснага кароўніка, разлічанага на 286 кароў, прыступілі ў чэрвені. Спачатку ўласнымі сіламі дэманціравалі невялікі стары хлеў, які не адпавядаў сучасным патрабаванням па ўтрыманні кароў. І за некалькі месяцаў на яго месцы вырас новы будынак.
Праект новага кароўніка – тыпавы, будынак – шасцірадны, з натуральнай вентыляцыяй, прызначаны для ўтрымання буйной рагатай жывёлы па прагрэсіўнай стойлавай тэхналогіі. У дзень візіту ішоў мантаж стойлавага абсталявання для бяспрывязнага ўтрымання БРЖ, укладвалася плітка. На новай ферме з’явяцца і паілкі з падагрэвам, і шчоткі-часалкі для рагуль. Дойны статак тут невялікі, павялічваць яго не плануецца, і месца ў новым кароўніку для яго хопіць.
Будаўніцтва аб’екта вядзецца УП «Івацэвіцкая ПМК-11», а мантажом нясучых жалезабетонных канструкцый займалася ААТ «Кобрынскі СБК». Узвядзенне будынка абышлося ў 1 млн 600 тыс. Частку сродкаў у крэдыт дало ААТ «Савушкін прадукт» – 800 тыс. руб. Астатняя частка сумы – уласныя сродкі сельгаспрадпрыемства і ДП «Брэст-травы». Наперадзе – добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол кароўніка.
– Я кірую гаспадаркай ужо тры гады. З самага пачатку хацеў абнавіць ферму, толькі не было для гэтага магчымасці, вырашаліся іншыя пытанні, а іх у гаспадарцы, якую прыняў, было шмат, – расказвае Аляксандр Пятліцкі. – У тым, што ідэя з фермай не засталася проста ідэяй, вялікая заслуга старшыні райвыканкама Аляксандра Грыцука. Будаўніцтва распачалося дзякуючы сумеснаму рашэнню кіраўніцтва раёна, ДБ «Брэст-травы» і філіяла «Дабромысль». Наша мэта – павялічыць надоі. Да канца года павінны выйсці на надой ад каровы 4 700 кг (планавае заданне – 4 500 кг), пакуль маем 4 016 кг. Тры гады таму даілі каля 3 000 кг – надоі невялікія былі і тады, і цяпер невысокія, робім усё, каб іх павялічыць. Вырасла таварнасць малака. Усё малако рэалізуецца класам «Экстра».
Хочацца таксама пабудаваць і новы прафілакторый для жывёлы. «Вялікае малако» немагчыма без добрай базы і без захавання тэхналогіі. Стараемся прытрымлівацца яе на кожным этапе. Але зазначу, што ёсць пытанне з кадрамі – цяпер працуем без заатэхніка, без штатнага ветэрынарнага ўрача. Харошаму спецыялісту гатовы плаціць добра – і больш за 2 тыс. руб, калі будзе рэзультат.
Філіял «Дабромысль» ДП «Брэст-травы» займаецца і вырошчваннем быкоў, рэалізацыяй мяса. 154 быкі ўтрымліваюцца на ферме ў в. Сялец.
Аляксандр Пятліцкі па спецыяльнасці аграном, перад тым, як стаць кіраўніком, працаваў галоўным аграномам, пасля – намеснікам дырэктара па раслінаводстве ў гаспадарцы ў Баранавіцкім раёне. Цяжкіх задач не баіцца, рады адчуваць маральнае задавальненне, калі нешта атрымліваецца. Атрымліваецца не ўсё адразу, але важна спрабаваць зноў і зноў, не апускаць рукі, ісці да рэзультату.
Філіял «Дабромысль» – адна з самых малых гаспадарак раёна, мае 2 655 га сельгасугоддзяў, 1 722 ворных зямель. Тут вырошчваюць зерневыя, проса, кукурузу на корм і на насенне, а таксама травы.
Землі ў гаспадарцы не надта ўрадлівыя, а тыя, што маглі б гарантаваць добры ўраджай, чакаюць меліярацыі. План па нарыхтоўцы кармоў сельгаспрадпрыемства сёлета выканала – праўда, крыху не дабралі сенажу, а вось сіласу нарыхтавалі больш, чым планавалі.
Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні кукурузы на насенне, якое здаецца на Івацэвіцкі кукурузакалібровачны завод для далейшай перапрацоўкі.
– Сеем насеннем кукурузы беларускай селекцыі, імпартнае не купляем – і рэзультаты добрыя, я задаволены, – сцвярджае кіраўнік гаспадаркі. – На асобных палях расце кукуруза і па 3 м. Ураджайнасць кукурузы на зялёную масу сёлета – 318,9 ц/га.
У планах кіраўніка – сеяць травы на насенне і дабіцца добрай ураджайнасці, выходзіць на больш высокія рэзультаты работы ў жывёлагадоўлі. Паралельна вырашаюцца і іншыя пытанні – ад замены акон і дзвярэй у адміністрацыйным будынку да рамонту майстэрняў, стварэння там пакояў для прыёму ежы і адпачынку – іх не было. Набываецца тэхніка, абсталяванне. І гаспадарка, у якой працуе 52 чалавекі, няхай і невялікімі крокамі, але ідзе па шляху развіцця.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Раман ЖУК:
– Рэканструкцыя, мадэрнізацыя і тэхнічнае перааснашчэнне вытворчых аб’ектаў аграпрамысловага комплексу ў раёне вядзецца пастаянна. Возьмем мінулы год і 9 месяцаў бягучага. За гэты час з улікам пускавых комплексаў уведзены ў эксплуатацыю дзевяць аб’ектаў. Вялася рэканструкцыя малочнатаварных ферм у ААТ «Перамога» (1-я і 2-я чарга 1-га і 2-га пускавых комплексаў МТФ № 1, аг. Вулька-Аброўская), ААТ «Горталь» (1 пускавы комплекс МТФ, аг. Горталь), СВУ «Даманава» (1 пускавы комплекс, аг. Быцень), ААТ «Квасевічы» (1 пускавы комплекс, в. Ёдчыкі). Уведзены ў эксплуатацыю зернесушыльны комплекс ЗСК-40 у аг. Вулька-Аброўская, зернесушыльны комплекс ЗСК-40 у Косаве.
У 2021 годзе завершана будаўніцтва і рэканструкцыя дзесяці траншэй для захоўвання сянажна-сіласнай масы агульнай ёмістасцю 22,8 тыс. т. На 2022 год было запланавана будаўніцтва 16 сіласна-сянажных траншэй агульнай ёмістасцю 35 тыс. т. Па стане на 20 кастрычніка пабудавана адзінаццаць (агульная ёмістасць – 23 тыс. т).
Цяпер сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна за кошт уласных сродкаў, за кошт сродкаў з абласнога бюджэту рэалізуюцца наступныя інвестпраекты. Будуюцца малочнатаварныя фермы ў аг. Воля, аг. Горталь, аг. Вулька-Аброўская, а таксама памяшканні для ўтрымання цялят і маладніку ў г. п. Целяханы. Завяршаецца будаўніцтва кароўніка на ферме ў Добромыслі. вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на МТФ «Святая Воля», МТФ «Косава», МТФ ДП «Э/б «Майск» на 2023 год.
Вольга МАЦВЕЕНЯ і Таццяны ДЫЛЮК (фота).