Бог стварыў зямлю, а тое, што на ёй – будаўнікі. Так жартуюць прадстаўнікі адной з самых старажытных і важных прафесій. Грамадству патрэбны дамы, заводы, бальніцы, магазіны, электрастанцыі – як бы ні мяняўся свет, будаўнікі будуць запатрабаваныя. Ды і мужчын, шчыра кажучы, упрыгожваюць не толькі шрамы, але і ўмеласць у абыходжанні з малатком і перфаратарам. Менавіта такія ўмельцы – у брыгадзе УП «Івацэвіцкая ПМК-18», што зараз шчыруе на стадыёне СШ № 1 г. Івацэвічы імя У. Гука.
Фронт работ на бліжэйшы час – трыбуны, дзе патрэбна абнавіць лаўкі. Спрытна, адна за другой прыкручваюцца да апорных тумб дошка за дошкай, распілаваныя і падрыхтаваныя як след на пілараме прадпрыемства. Дошкі пафарбавалі ў модны шэры колер – у гэтым дапамаглі байцы будаўнічага студатрада. Бетонныя тумбы дзе-нідзе разваліліся, дык змайстравалі новыя. Брыгада прыклала рукі да парапета і ганку з тарца будынка школы, адрамантавала дах над уваходам у харчовы блок.
– Мы – цесляры, і працуем з драўнінай. Рамантуем дахі, можам уставіць дзверы, вокны, пакласці ламінат, што і робім на фінальных этапах жыллёвага будаўніцтва. А гэтае лета праводзім на аб’ектах, што рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства, – расказвае брыгадзір Аляксандр Балтадонец. – Адзін з іх – школа № 1, школьны стадыён. На аб’екце мы не адны, усяго задзейнічана тры брыгады нашай ПМК – і цесляры, і аддзелачнікі, і бетоншчыкі. Зусім нядаўна калегі завяршылі будаўніцтва стометровай бегавой дарожкі – спачатку з бетону залівалася аснова, пасля на яе паклалі спецыяльнае пакрыццё. Кожны займаецца тым, што ўмее, гэта гарантыя якасці і аўтарытэта нашага прадпрыемства.
Аляксандр Балтадонец у прафесіі ўжо 19 гадоў, 20-гадовым хлопцам уладкаваўся на працу ў ПМК-18 і больш нікуды не рушыў і нават не збіраўся, не хацеў гэтага. Разам з ім у брыгадзе працуе брат Сяргей, праўда, зараз ён заняты на будоўлі ў райбальніцы.
– Асабіста мяне задавальняе ўсё. Абы работа была, аб’ёмы і зарплату плацілі. Кіраўніцтва клапоціцца пра гэта, работай, спецадзеннем і ўсім астатнім забяспечаны, – гаворыць брыгадзір.
Пагаджаюцца з ім і вопытныя калегі – Аляксандр Ясюкевіч і Васілій Бахур. Аляксандр Ясюкевіч, які прыйшоў у ПМК таксама 19 гадоў таму, расказвае, што ў пачатку двухтысячных спрабаваў ездзіць на заробкі ў Расію. Згадваючы той час, гаворыць: «Здавалася, што там добра, дзе нас няма». А цяпер ён жыве па прынцыпе «там добра, дзе мы ёсць». Кажа з усмешкай на твары, што вызначыўся дакладна: ён з будаўніцтвам назаўсёды (на гарызонце пенсія).
Яшчэ ў брыгадзе – будаўнікі Мікалай Малец, Валерый Клютко і самы малады Дзмітрый Гардзіенка. Ён у ПМК толькі тры гады, набіраецца вопыту. Уладкаваўся на працу пасля сканчэння Бярозаўскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў, дзе атрымаў адукацыю цесляра-станочніка. Прадпрыемства дапамагло з жыллём – хлопец жыве ў інтэрнаце па вул. Леніна. Найбольш яму падабаецца здаровая абстаноўка ў калектыве, таму, хоць сам і не мясцовы, у Івацэвічах вырашыў затрымацца.
– Калектыў у нас харошы, смела магу разлічваць на работнікаў, на адказнасць, уласцівую брыгадзірам. І наш кіраўнік, Ігар Іванавіч Панасюк, – чалавек слова і справы, ён разумее патрэбы калектыву, – расказвае майстар УП «Івацэвіцкая ПМК-18» Юрый Молаш, які завітаў на аб’ект. Свой працоўны шлях ён пачынаў у сельскай гаспадарцы, за спінай – адукацыя аграрнай ВНУ, але ёсць і дыплом будаўнічага каледжа. 15 гадоў таму ён цвёрда вырашыў стаць будаўніком і не пашкадаваў аб гэтым. Абавязак майстра – размеркаваць работу і прасачыць за яе выкананнем. Юрый перамяшчаецца па горадзе ад брыгады да брыгады, а яшчэ кантралюе работу раствора-бетоннага вузла на базе прадпрыемства – гэта таксама яго зона адказнасці.
Работнікі Івацэвіцкай ПМК-18 цяпер задзейнічаны адразу на некалькіх аб’ектах: яны шчыруюць на будоўлі ў райбальніцы, на рамонце ў СШ № 1, аграрным каледжы і на вул. Леніна, на рэканструкцыі фермы «Аброва» і будоўлі шматкватэрнага дома на вул. Кляноўка (брыгада муляраў). Усяго ж у штаце ПМК-18 – 204 чалавекі, сярод іх нямала моладзі. Значыць, ёсць у будаўнічай галіны будучыня, і няхай яна будзе светлай.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.