Так аднойчы, падпісваючыся на раёнку, казала адна з жыхарак гарадскога ўчастка № 1, які абслугоўвае паштальён 5 разраду аддзялення паштовай сувязі № 5 г. Івацэвічы Івацэвіцкага ўчастка паштовай сувязі Баранавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Ала Дзямідава. А мы ў рэдакцыі рады і такім ветлівым паштальёнам, і верным падпісчыкам. Размова з чалавекам, які без малога 25 гадоў працуе з людзьмі, прапануе ім у тым ліку і наша друкаванае слова і нясе ў дамы-кватэры ў канвертах як добрыя, так і не вельмі весткі, была цікавай, і нечакана кранальнай…

Любоў да чытання і прэсы ў Алы Яўгеньеўны з дзяцінства. Ураджэнка в. Медзяневічы Баранавіцкага раёна разам з двума малодшымі братамі чытала «Піянерскую праўду», «Зорку», а бацькі вечарамі захапляліся артыкуламі «Народнай газеты», раёнкі, часопісаў «Гаспадыня» і «Вакол Сусвету». Маці Ніна Паўлаўна шчыравала на ферме, бацька Яўгеній Філарэтавіч быў шафёрам. Здзівіла, якой чытаючай была гэта простая сям’я.

– І вобраз паштальёна ў мяне з дзяцінства станоўчы, – успамінае Ала Дзямідава. – Газеты і часопісы нам прыносіла суседка – цётка Ніна. Яна заўсёды прыходзіла з вялізнай скураной карычневай сумкай, якіх там толькі не было газет ды канвертаў, а мы бегалі да яе па святочныя паштоўкі. Яна для нас была нейкім казачным чалавекам, мо таму праз гады я з такой радасцю сама надзела на плячо сумку паштальёна.

Гасцюючы аднойчы ў сяброўкі ў Любішчыцах, на танцах наша Ала, матальшчыца Баранавіцкага баваўнянага камбіната, пазнаёмілася з дырэктарам мясцовага клуба Уладзімірам. Каханне прывяло Алу Яўгеньеўну ў нашы краі, тут у сям’і адна за адной нарадзіліся дачушкі Алена і Таццяна. Пасля дэкрэтаў мая суразмоўца працавала на малочнай кухні ў райбальніцы, а ў 1999-м упершыню, узяўшы сумку з прэсай, крочыла па гарадскіх вуліцах…

У калектыве тады працавалі 16 паштальёнаў толькі ў горадзе! Яна не выбірала сабе лягчэйшы ўчастак, пайшла на той, які быў свабодны. Азам прафесіі Алу Яўгеньеўну вучыў кіраўнік Юрый Баранаў. Функцыі паштальёнаў у пачатку 2000-х амаль не адрозніваюцца ад сённяшніх: выплата пенсій і дапамог, дастаўка прэсы, лістоў, тэлеграм, продаж канвертаў, паштовак, латарэй. Ала Дзямідава расказвае:

– Задачы мае тыя ж, змянілася колькасць пісем ды выплат. Раней выплачвала па 30 пенсій на даму, сёння – 5-10 ад сілы, бо многія карыстаюцца карткамі. Канечне, менш сёння карэспандэнцыі і прэсы. Часы мяняюцца, аднак старэйшае пакаленне зараз чакае нас яшчэ і для таго, каб купіць харчовыя тавары. Мы прапануем свежую прадукцыю па выгадных цэнах, для некаторых пенсіянераў гэта адзіная магчымасць набыць нешта без дапамогі дзяцей ці сацработнікаў.

Участкаў сёння менш, усяго сем гарадскіх, і абслугоўваюць іх пяцёра паштальёнаў-жанчын. Цікавы факт давялося прачытаць на днях: у пачатку XX стагоддзя прафесія паштальёна была выключна мужчынскай і ў спецыяльнай форме паштальёны неслі службу. Пра што кажуць нам гэтыя факты?

Прафесія паштальёна вельмі адказная і цяжкая фізічна. А наша гераіня, маленькая і тонкая, на раз перакідае цераз плячо сумку і крочыць на любімы ўчастак. За ёй вуліцы Леніна, 60 год Кастрычніка, Чкалава, Камуністычная… Працоўны дзень паштальёна пачынаецца ў аддзяленні, з 8 гадзін раніцы паштальёны сарціруюць пісьмы ды прэсу. І працэс гэты даволі адказны і марудны, у сярэднім на адзін толькі свой участак Ала Яўгеньеўна адбірае да 400 пісем і тэлеграм і больш за тры сотні газет і часопісаў. Прыкладна а 11 гадзіне паштальёны выходзяць на адрасы: пехатой у любое надвор’е і з цяжкай сумкай, але павінна яна важыць не больш за сем кг! Астатняе машынай падвозяць да апорных скрыняў, іх некалькі па горадзе, паштальён можа ўзяць там неабходнае і прадоўжыць работу. У 2021 годзе на ўзбраенні паштальёнаў з’явіліся спецыяльныя мабільныя прылады, якія дазволілі павысіць якасць абслугоўвання. Аформіць падпіску, правесці плацёж, аформіць прыём і выдачу адпраўленняў і грашовых пераводаў, выплату пенсій, рэалізаваць тавары, – усё можна дзякуючы маленькаму апарату.

– Ала Яўгеньеўна, а што так вабіць Вас у такой няпростай прафесіі? – пытаюся.
– Людзі. Якія ж яны незвычайныя! Амаль кожнага ведаю на сваім участку. Канечне, бываюць розныя сітуацыі, чалавек можа быць не ў настроі, а тут паштальён з пісьмом з суда ці са звесткай пра штраф. Дарэчы, аднойчы аддавала ўзроставай жанчыне пісьмо з суда і сама хвалявалася, ці не псую ёй дзень такім «прывітаннем». А яна засмяялася і мяне супакоіла – навіны добрыя, суд выйграны! Так пасля мне дзякавала… Паверце, і 20 гадоў таму, і сёння аднолькава радуюцца пісьмам ад родных, што за мяжой. А пісьмы пішуць, як і газеты выпісвае моладзь. Я ўвогуле лічу, што ўсе мы праз пэўны час вернемся да таго, ад чаго так імкліва бяжым сёння – да пісьмаў, напісаных ад рукі, і да слова друкаванага.

Расказвала Ала Яўгеньеўна, як шукаюць яе людзі, калі яна ў водпуску, і як прыходзілі нават наведаць яе ў бальніцу бабулі з участка. Цікавых і пазітыўных гісторый у паштальёна са стажам набярэцца на кнігу, адваротных – адзінкі. Заўсёды з усмешкай і па-чалавечы працуе наша гераіня, мо таму і назбірала цэлы «веер» узнагарод. Яна выконвае і перавыконвае планы па падпісцы, за гэта яе адзначыў нядаўна прэміяй выдавецкі дом «Беларусь сёння», шмат гадоў запар яна ў ліку пераможцаў у спаборніцтве работнікаў вядучых прафесій Баранавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» «Лепшы па прафесіі». А на старонках раёнкі з’яўлялася віншаванне з 8 Сакавіка і падзяка любімаму паштальёну за добрасумленную работу і павагу да людзей. Ці не гэта самая дарагая і высокая адзнака…

Але Дзямідавай хутка на пенсію, муж і дочкі ўгаворваюць бабулю шасцярых унукаў адпачыць ці знайсці больш лёгкую работу для душы. Але паштальён моцна трымае ў руках сваю сумку і са словамі «людзі чакаюць» упэўнена ідзе па вуліцах, а яе і насамрэч чакаюць і любяць!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться