Так целяханцы кажуць пра абласныя «Дажынкі» і актыўна рыхтуюцца да свята
Целяханы выглядаюць як вялікая будоўля вось ужо некалькі месяцаў: на фінішы актыўная фаза падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» (асноўныя работы павінны быць завершаны да 1 жніўня), і пра добраўпарадкаванне пасёлка дбаюць не толькі адказныя службы, прадпрыемствы, арганізацыі, але і мясцовыя жыхары.
Па словах старшыні Целяханскага сельвыканкама Аксаны Мялік, гаспадары каля 80 % сядзіб на асноўных вуліцах пасёлка ўжо навялі марафет на сваіх падворках і каля іх: парамантавалі, пафарбавалі фасады, франтоны і платы, падладзілі, замянілі ці памылі дахі дамоў, падсеялі траву. Завіталі ў госці да гаспадароў, якія наводзілі парадак у дзень візіту журналістаў, ды пацікавіліся, ці ўзнікаюць цяжкасці і што іх прымусіла ўзяцца за малаткі ды пэндзлі.
Галіна Паўлаўна ПАЗНЯК:
– Рамонт пачалі рабіць яшчэ ў мінулым годзе: і час прыйшоў ім заняцца, і пра «Дажынкі» даведаліся. Паспелі замяніць дах, набылі фарбу, будматэрыялы – трубы. Але здарыўся пажар, і яны згарэлі. Таму каналізацыю мяняем толькі зараз – самі бачыце, яшчэ не заграблі толкам зямлю, а плот ад вуліцы пафарбавалі тыдзень таму. Хутка зоймемся плотам у двары – абновім фарбу на штыкетніку.
Насупраць двара – поле, дзе мой муж зрабіў для дзяцей горкі, арэлі, альтанку. Дык іх таксама перафарбуем. А на тым полі пасля сумна знакамітага ўрагану пабываў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, мы тут з ім гутарылі. І думаецца: а, можа, ізноў сюды хто важны завітае.
І люблю я святы. Бываем з унукамі і на «Выганашчанскай фартэцыі», і на «Сомінскай юшцы», штогод удзельнічаем у святах пасёлка. Ад святаў вялікая карысць для ўсіх. Цешуся па прычыне таго, што Целяханы прымуць абласныя «Дажынкі». Дзякуючы гэтаму наш пасёлак мяняецца на вачах, усё ўдасканальваецца. «Дажынкі» для пасёлка – падарунак, і хочацца тварыць не толькі дома, але вось і на гульнявой пляцоўцы, на рабоце ў садку – я загадчыца, – дзе таксама шчыруем. Дзяржава ўзяла на сябе вялікую нагрузку па добраўпарадкаванні пасёлка, і людзі павінны памагчы. Да таго ж ёсць санітарныя правілы – падворкі павінны ўтрымлівацца як след пастаянна. Можа, каму і не падабаліся нязручнасці, якія з’явіліся з-за будаўнічых работ: адключалі святло, напрыклад, на некаторы час напачатку. Нехта абураўся, што і пральную машыну не запусціш. Ну, але ж дзеля рэзультату можна і пацярпець, тым больш пра адключэнне папярэджваецца загадзя.
Віктар Уладзіміравіч Віктаровіч, якога засталі за фарбаваннем плоту, сцвярджаў, што да «Дажынак» яго шчыраванне дачынення не мае. Фарба яшчэ мінулагодняя, але рукі дайшлі толькі зараз. Падфарбаваць не ў цяжар (кажа, што прымушаць яго не трэба), нават задавальненне атрымлівае. Плот пафарбуе, а больш нічога грандыёзнага рабіць не плануе – пенсіянер, і на глабальны рамонт не хапае грошай, ды і без яго хата выглядае акуратнай. А яго таварыш Дзмітрый Міхайлавіч МІСЮРА (мужчыны гаманілі паміж сабой, калі да іх падышлі журналісты), дадаў:
– У нас людзі свядомыя і разумеюць, што ў пасёлку будзе вялікае свята. Амаль кожны прыводзіць у належны выгляд двор. Але ў большасці сваёй гаспадары падтрымліваюць парадак пастаянна, каб не запусціць сядзібу, каб не трэба было за раз патраціць многа сродкаў на рамонт. У мяне ў двары не патрэбна нічога рабіць спецыяльна перад «Дажынкамі»: мяне ніколі «не застанешь врасплох».
Выхаваны так, што ўсё павінна быць акуратна, і дзяцей гэтак жа вучу. Дачка мая тут жыве, у яе таксама заўсёды парадак і ў двары, і ў доме, быццам свята заўсёды. «Дажынкам» рады. Прэзідэнт малайчына: ён сказаў, што прывядзе ў парадак населеныя пункты, і робіць гэта. Я задаволены тым, што з’явіліся ў нас тратуары ўздоўж асноўных вуліц (мы ж хадзілі, лічы, па дарозе, а транспартных сродкаў усё больш), што прыгажэюць будынкі ўстаноў, ды і іншым. Паглядзіце, якім стаў вакзал. Тут усё зразумела без слоў. Любата, прыгажосць.
Клаўдзія Іосіфаўна САГАНОВІЧ – пенсіянерка, мае інваліднасць (II групу). 88 гадоў ад роду жанчыне, узрост шаноўны, не ў ім займацца рамонтамі. Але ж вось-вось вырасце вакол яе хаты ў цэнтры пасёлка новенькі плот, і ўжо перафарбаваная хата. А хто ж робіць той плот? Як аказалася, работнікі Целяханскага лясгаса, дзе працуе яе сын.
– Прыйшлі да мяне з сельвыканкама і кажуць: трэба памяняць часткова плот (вароты і частку плота памянялі яшчэ два гады таму), пафарбаваць хату. Я не выступала – я люблю парадкі. Пенсія ў мяне харошая, доўгі час працавала на лыжнай фабрыцы, была майстрам. Таму я набыла фарбу, наняла хлопцаў – яны пафарбавалі фасад. Двор ад вуліцы быў агароджаны сеткай – неяк нядобра для сядзібы ў цэнтры. Дык старшыня сельвыканкама сама дамовілася з начальнікам Целяханскага лясгаса, каб мне дапамаглі паставіць замест яе плот. За матэрыялы, работу я заплачу. Здаецца, можна і ў растэрміноўку. Вельмі я ўдзячна і старшыні сельвыканкама Аксане Мялік, якая ведае: я ніколі б не прасіла дапамогі, каб была дужай. Я з 32 гадоў удава і адна гадавала дзяцей. Выхоўвалася ў дзіцячым доме, бо ў вайну засталася адна. Шчыра дзякую і работнікам лясгаса, якія ставяць плот, яны ж яго і пафарбуюць (фарбу ўжо набыла, і няма тут страху), гэтыя хлопцы – людзі чэсныя, працуюць зладжана і з душой. А парадак наводзіць трэба.
Жыхары Целяхан заўжды вылучаліся тым, што яны дружныя. І, едучы па пасёлку, бачыш, як і тут, і там хтосьці штосьці робіць: будаўнікі сабе, жыхары сабе… Талакой заўжды прасцей, дык жа і справа добрая. «Дажынкі» пройдуць, а інфраструктура, створаная да свята, але не дзеля яго, застанецца.
Дык трэба навучыцца быць удзячнымі, як целяханцы, якія нам сустрэліся.
Старшыня Целяханскага сельвыканкама Аксана Іванаўна МЯЛІК:
– Думаю, да «Дажынак» паспеем зрабіць усё, што запланавалі. Што тычыцца работы з насельніцтвам, то зайшлі ў кожны двор, у некаторыя і па разоў пяць, з усімі пагутарылі, патлумачылі, што рэкамендуецца зрабіць на падворках у кожным канкрэтным выпадку, распавялі, чаму гэта важна. Прымусіць не можам, але тлумачыць павінны. Тыя сродкі, што выдзяляюцца на падрыхтоўку да «Дажынак», не прызначаныя для добраўпарадкавання прыватных дамоў, яны выдаткоўваюцца на інфраструктуру: школы, садкі, бальніцу, дарогі, на тое, каб целяханцы хадзілі па тратуарах. А даглядаць за домам – гэта прамы абавязак гаспадара. Чаму дзяржава павінна фарбаваць ваш уласны дом? Людзі ў асноўным адгукаюцца, стараюцца. Вялікі дзякуй ім за разуменне, за працавітасць. Цяжэй з тымі, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. І тое некаторыя спрабуюць нешта зрабіць.
Не ўсе разумеюць сітуацыю да канца, шукаем выйсце. Калі бабуля з невялікай пенсіяй ні фізічна, ні матэрыяльна не ў стане адрамантаваць плот, выходзім, напрыклад, на сацыяльную службу – яна спрыяе. І іншыя варыянты знаходзяцца. Быў не так даўно зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталлі Голуб ад адной жыхаркі наконт замены яе плота, якім яна не мела намеру займацца і прыводзіла аргументы. Пагутарылі і дамовіліся, што сельвыканкам дапаможа з дастаўкай будаўнічых матэрыялаў, а гаспадыня знойдзе будаўнікоў і заплаціць за матэрыялы і работу.
А там, дзе дакладна плот ніхто не заменіць (размова зноў ідзе пра асоб асацыяльных), прапануем проста зняць яго і выкасіць тэрыторыю. Ёсць як мінімум тры ўчасткі, дзе так і паступім. Ну а за дзяржаўны кошт агароджу ніхто мяняць не будзе. Кожны з нас, калі чакае гасцей, наводзіць парадак у сваёй хаце. Так, усе разам, мы павінны напярэдадні важнага свята навесці парадак у родным пасёлку, каб было не сорамна перад гасцямі, каб і самім было прыемна.
Вольга МАЦВЕЕНЯ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.