x
Close
Актуально Новости Сельское хозяйство

Бульбяныя запасы ААТ «Святая Воля» накормяць раён і не толькі

Бульбяныя запасы ААТ «Святая Воля» накормяць раён і не толькі
  • Опубликовано:3 ноября, 2024

Аб значымасці і важнасці для беларусаў такой сельскагаспадарчай культуры, як бульба, гаварыць не трэба. Другі хлеб у прамысловых маштабах зараз у Івацэвіцкім раёне вырошчваюць толькі два сельгаспрадпрыемствы – ААТ «Перамога» і «Святая Воля».

Апошняе, між іншым, поўнасцю забяспечвае бульбай стабілізацыйны фонд Івацэвіцкага раёна – 80 тон, іх жа і захоўвае на працягу міжсезоння, а таксама заключыла дагавор на пастаўку і захоўванне стабілізацыйнага запасу ў 120 тон з ААТ «Поўнач-Пінск».

Пад гэтую культуру сёлета было адведзена 40 гектараў, у параўнанні з мінулым годам плошчы скарацілі ажно ў тры разы. Галоўны аграном Яўгеній Зышчык тлумачыць такі падыход зніжаным попытам, калі бульбу даводзілася здаваць на крухмальны завод і нават скормліваць скаціне.

Ужо восем гадоў у гаспадарцы аддаюць перавагу вырошчванню гатунку «гала» нямецкай селекцыі. Лепшымі папярэднікамі культуры з’яўляюцца зерневыя або рапс. Ураджайнасць другога хлеба ў гэтым годзе склала 470 ц/га. Валавы збор –1900 т, з якіх 830 т – буйных клубняў, 320 т – насеннай бульбы і 750 т – дробнай.

– «Гала» мае шчыльную кажурыну, таму мінімальна пашкоджваецца пры транспарціроўцы. Да таго ж, яна няблага захоўваецца і мае добрыя смакавыя якасці, – расказвае галоўны аграном.

У бульбасховішчы, што месціцца ў в. Вялікая Гаць, у гэтыя дні на лініі карпатліва працуюць восем чалавек. Папярэдне бульба аўтаматычна ўжо падзелена па фракцыях. Па транспарцёры з засека яна паступае на сартавальны стол, дзе жанчыны ўручную адбіраюць парэзаную або пазелянелую. Затым работу працягвае машына: таварная бульба бяжыць далей па транспарцёры, аўтаматычна ўзважваецца, затарваецца па 25 кілаграм у сеткі, якія тут жа машынай і зашываюцца. Затараная бульба паедзе да пакупніка. Попыт на бульбу сёлета добры. Двойчы ААТ «Святая Воля» ўжо выязджала на кірмашы – у Івацэвічы і Брэст.

А вось астатняя захоўваецца насыпам у засеках. За захаванне і рэалізацыю бульбы ў адказе загадчык склада Наталля Ткачук, якая на гэтай пасадзе ўсяго другі год, але ўжо добра ўнікла ва ўсе працэсы.

– Для якаснага захавання бульбы важна сачыць за тэмпературным рэжымам. Аптымальная тэмпература – 4-6 градусаў. Мікраклімат рэгулюецца ўручную выпускнымі, упускнымі і рэцыркуляцыйнымі клапанамі, пастаянную тэмпературу тут устанавіць нельга, таму трэба заўсёды трымаць руку на пульсе, – расказвае Наталля Аляксееўна.

Са снежня пачнецца рэалізацыя стабфонду і працягнецца аж да канца красавіка, за гэта таксама ў адказе загадчык склада. А дзякуючы рупліўцам з ААТ «Святая Воля» і сёлета будзем з бульбай!

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.