Было ваша — стала наша
7 ліпеня ў рэдакцыю звярнулася ўсхваляваная чытачка Алена В. і распавяла гісторыю, якая яе ўскалыхнула.
Напярэдадні яна гуляла с паўтарагадовым сынам на пляцоўцы каля цэнтральнай пошты, што па вул. Леніна. Каля лавачкі яны пакінулі дзіцячы веласіпед і любімую цацку сына – машынку. Дапытлівы малыш сядзець на месцы ніяк не жадаў, вывучаў акаляючае асяроддзе, таму адышліся на дзясятак крокаў.
У гэты ж час Алена заўважыла маладую маці таксама з сынам гадоў двух-трох. Яны прыехалі на таксі, наведалі пошту, а калі выйшлі на вуліцу, дзіця запрыкмеціла чужую цацку, якая стаяла каля лавачкі. Хлопчык узяў яе ў рукі, і з мамай яны нават прайшлі міма гаспадароў машынкі, але нічога ім не сказалі. Вядома, дзяцей вабяць цацкі, пагуляе ды пакладзе на месца – так падумалася Алене. Але, адцягнуўшы ўвагу літаральна на хвіліну-другую, яна страціла з поля зроку гэтую маму з хлопчыкам. Машынка знікла разам з імі.
І прычына турботы нашай чытачкі зусім не ў матэрыяльным баку гэтай праблемы – новую машынку купілі сыну на наступны дзень. Здзіўляе абыякавасць мамы, якая бачыла, што яе сын узяў чужое, машынка немаленькага памеру і не заўважыць яе было немагчыма. Дзіця ў сілу свайго ўзросту не можа дзяліць на сваё і чужое. А вось хочацца спытаць у маці: ці не мучыць яе сумленне? Што б адчувала яна, калі б у сына раптам знікла любімая рэч? Хто, як не бацькі, павінен укладваць маральныя нормы ў падрастаючае пакаленне? І тут з народнай мудрасцю не паспрачаешся: не бяры чужога – і не бойся нікога, нават калі чужое – гэта такая дробязь, як цацка…
Наш кар.





