Быць у адказе за камфорт і бяспеку людзей
Кіраўнік Івацэвіцкай ЖКГ – пра задачы, дасягненні, планы і патрэбы прадпрыемства
Цяпло ў нашых дамах, асвятленне і стан дарожнага пакрыцця, якасць вады, чысціня на вуліцах – за ўсё ў адказе камунальнікі, перад якімі безліч задач, і спраўляцца з тымі, што дадаюцца да асноўных, усё цяжэй. Між тым, ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» застаецца ў лідарах па выкананні даведзеных паказчыкаў сярод аналагічных прадпрыемстваў вобласці. Наша інтэрв’ю – з яго дырэктарам Аляксандрам КІСЯЛЁМ, кіраўніком з 28-гадовым стажам.
– Аляксандр Іванавіч, як спрацавала жыллёва-камунальная гаспадарка раёна ў мінулым годзе, ці задаволены Вы рэзультатам?
– Спрацавалі належна, рэнтабельна. Даход ад усіх відаў дзейнасці за 2022 год склаў 24,1 млн руб. (на 3 млн больш, чым у 2021 годзе). Гэта дазволіла забяспечыць на працягу года своечасовую выплату зарплаты, не дапускаць запазычанасці па плацяжам у бюджэт і за энергарэсурсы. Ключавы паказчык эфектыўнасці работы – рэнтабельнасць продажу – за 2022 год склаў 6,5 % пры заданні
3,5 %. Прадпрыемства спрацавала з прыбыткам. Змаглі выплаціць 13 зарплату работнікам, у цэлым забяспечаны рост заработнай платы на 12,8 %.
У цэлым для нашага прадпрыемства час няпросты. Тым не менш, увайшлі ў шасцёрку жыллёва-камунальных гаспадарак вобласці, якія па выніках мінулага года не выканалі толькі адзін з 33 даведзеных паказчыкаў. Таму лічу, што спрацавалі добра па ўсіх кірунках дзейнасці. Мы па-ранейшаму робім усё, што можам, для выканання шырокага кола работ і задач, бо разумеем, што ў адказе за камфорт і бяспеку людзей.
Мінулы год адметны тым, што прыйшлося закрыць філіял «Целяханскі», замест яго застаўся ўчастак. Якраз у гэты час ішла актыўная фаза падрыхтоўкі пасёлка да абласнога фестывалю «Дажынкі», у якой камунальнікі таксама прымалі ўдзел. Гэта быў складаны і напружаны перыяд, але справіліся.
Таксама пабудавалі станцыю абезжалезвання ў в. Рэчкі. Населены пункт атрымаў чыстую ваду, аб’ект працуе спраўна, у аўтаматычным рэжыме. Штогод праводзім шмат мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду цеплавой і водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, жылфонду. Сярод іх – замена сетак на папярэдне ізаляваную трубу (2 км – у мінулым годзе). Папрацуем над гэтым яшчэ два-тры гады – і заменім трубы ў поўным аб’ёме. Робіцца ўсё магчымае, каб не дапусціць сур’ёзных паломак ці аварый.
– Раскажыце падрабязней пра падрыхтоўку да «Дажынак». Што было зроблена сіламі камунальнікаў?
– Ільвіную долю работ па асфальтаванні вуліц, стварэнню інфраструктуры, рамонце аб’ектаў адукацыі, медыцыны, сацкультбыту выканалі будаўнікі – пад асабістым кантролем кіраўніка раёна Аляксандра Грыцука. Мы ж у асноўным займаліся бягучым рамонтам жылфонду. Дамы па вул. Леніна і ў цэнтры пасёлка сталі выглядаць зусім інакш, наводзіўся парадак вакол іх. Напрыклад, па вул. 17 Верасня была сур’ёзна і на высокім узроўні рэканструявана прыдамавая тэрыторыя з прымяненнем бетанавання, устаноўлена новае ігравое абсталяванне – усё гэта праслужыць жыльцам дзясяткі гадоў.
Выканана нямала работ па водаправодзе. Па вул. Леніна зрабілі закальцоўку – шмат гадоў вузел каля лыжнай фабрыкі быў праблемным; быў перакладзены напорны калектар на палі фільтрацыі (каля 2 км). Адразу ж правялі рэканструкцыю палёў фільтрацыі, цяпер ачыстка сцёкавых вод будзе праводзіцца эфектыўна нават пры павелічэнні насельніцтва Целяхан у два разы. Таксама была пабудавана воданапорная вежа, якая дазваляе падаваць ваду не толькі спажыўцам у гарадскім пасёлку, але і ў псіханеўралагічны інтэрнат.
Яшчэ правялі рэканструкцыю базы былога філіяла ЖКГ – будынку больш за 100 гадоў, частку яго дэманціравалі, частку адрамантавалі. Добраўпарадкавалі зону адпачынку каля воз. Вулькаўскае: адрамантавалі амфітэатр, праклалі новыя дарожкі, устанавілі альтанкі, лаўкі, мангалы… Займаліся навядзеннем парадку на могілках, рэканструявалі помнікі загінуўшым падчас вайны. Падчас «Дажынак» працавалі зоны па абслугоўванні насельніцтва, і камунальнікамі былі ўстаноўлены 45 біятуалетаў, каля 25 кантэйнераў для збору смецця, была падведзена пітная вада да гандлёвых кропак, а іх было нямала. Арганізаваць, зманціраваць, потым прыбраць – гэта было нашым абавязкам. І гэта не поўны пералік работ.
– Падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2022 год. У Івацэвіцкай ЖКГ – Ганаровы пераходны вымпел за энергазберажэнне і павелічэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва, і не ў першы раз…
– Імкнёмся эфектыўна працаваць у гэтым кірунку. Мэтавы паказчык па энергазберажэнні пры плане на 2022 год мінус 16 % склаў мінус 17 % ад паліўна-энергетычных рэсурсаў, якія спажываюцца прадпрыемствам. Рэзультат многіх буйных прадпрыемстваў і арганізацый раёна за мінулы год – мінус 1 – 6 %. Было такое, што і інвестыцыі былі самыя высокія ў ЖКГ, калі вялося будаўніцтва другой ніткі вадавода, пераабсталёўваліся кацельні. Некалі мы былі задзейнічаны і ў будаўніцтве аб’ектаў сацкультбыту (цяпер складана выйграць тэндар і пайсці на субпадрад, бо ёсць больш моцныя спецыялізаваныя арганізацыі), былі першымі ў раёне вытворцамі пластыкавых вокнаў. Зараблялі, куплялі дарагую тэхніку. І цяпер умацоўваем матэрыяльна-тэхнічную базу, але не так актыўна. Цяпер у асноўным зарабляем на цяпле і шукаем спосабы эканоміць бюджэтныя сродкі, напрыклад, праз тое, што самі вырошчваем кветкі для азелянення горада і іншымі спосабамі.
– Адчуваецца, што камунальнікам патрэбна падтрымка, бо свае рэсурсы больш не дазваляюць максімальна эфектыўна выконваць усё пастаўленыя задачы. І іх усё больш – і навядзенне парадку на 86 могілках, і адлоў безнаглядных жывёл, і забеспячэнне насельніцтва колатымі дровамі, і добраўпарадкаванне, патрабаванні да якога растуць. Але гэта не сцірае папярэдніх заслуг. Зразумела, што напрацаванае за гады, тое, што ішлі па шляху развіцця, дапамагае зараз трымацца на плаву. Укараняць перадавое – ваша прадпрыемства даўно кіруецца такім прынцыпам. Раскажыце, які быў ад гэтага плён.
– Раскажу на прыкладзе. Усе сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення аўтаматызаваны і дыспетчарызаваны. Раней на ўсіх аб’ектах водазабору быў замацаваны слесар, які ўключаў-выключаў сістэму, сёння гэта робіцца дыстанцыйна, з камп’ютара. Аўтаматызавана работа ўсіх станцый абезжалезвання. Сёння будаўніцтва аб’ектаў водазабеспячэння адразу прадугледжвае сістэму аўтаматызацыі і дыспетчарызацыі. Што нам дало ўкараненне новага? Мы скарацілі затраты, у анлайм-рэжыме можам назіраць за работай любой сістэмы, да таго ж абсталяванне цяпер працуе ў аптымальным рэжыме. Гэта значыць, мы можам выкарыстоўваць яго з найменшымі энергазатратамі і з найвышэйшай прадукцыйнасцю. Выключаны чалавечы фактар. Куды ні паглядзі, адны плюсы. Але ў той жа час ёсць патрэба ў кваліфікаваных работніках, якія абслугоўваць такую сістэму, а спецыялістам высокага ўзроўню трэба прапанаваць і высокую зарплату. Адзначу, што і фінансаванне камунальнай службы застаецца на ранейшым узроўні, і мы не сталі горш працаваць і імкнёмся зарабляць. Але мы сталі больш траціць, і пераважна на добраўпарадкаванне.
– Надышла вясна, і аўтамабілістаў зноў хвалюе стан дарожнага пакрыцця ў Івацэвічах. Ці прадоўжыцца сёлета яго рамонт і на якіх вуліцах?
– Стан дарожнага пакрыцця – актуальнае пытанне. Падыходы да яго вырашэння распрацоўваюцца на ўзроўні Урада. У мінулым годзе было выдзелена фінансаванне на рамонт пакрыцця на трох асноўных вуліцах Івацэвічаў: 70 год Кастрычніка, Дэпутацкай і часткова – Механізатараў. Плануем і далей праводзіць гэтую работу, але пакуль не магу назваць канкрэтныя вуліцы і аб’ём фінансавання. Паведамім дадаткова, калі будзе прынята канчатковае рашэнне на гэты конт.
– Якія канкрэтна работы плануеце выканаць у 2023 годзе?
– У нас вялікія планы па аб’ектах водазабеспячэння. Плануем перакласці 5,8 км водаправода ў аг. Даманава з будаўніцтвам «повысительной» станцыі. На трох вуліцах аграгарадка, дзе няма водазабеспячэння, з’явіцца водаправод. Будзе заменены ўчастак самацёчнага калектара ў Івацэвічах па вул. 70 год Кастрычніка, тэрмін эксплуатацыі якога заканчваецца. У Целяханах па вул. Сядзіба лясгаса, уздоўж зоны адпачынку каля воз. Вулькаўскае будзе пракладзена 1 700 м водаправода з пераключэннем на яго прыватнага сектара, лясгаса і псіханеўралагічнага дыспансера з ліквідацыяй старога водазабору і станцыі абезжалезвання, якія вычарпалі свой рэсурс. Запланавала будаўніцтва двух станцый абезжалезвання – у вёсках Заполле і Наліўкі. Будзе перакладзена каля 2 км водаправода і 2 км каналізацыі – мы абавязаны штогадова мяняць не менш за 3 % замартызаваных труб у сетках водаправода і каналізацыі згодна з пастановай Савета Міністраў.
Плануем зрабіць капрамонт у доме № 12 па вул. Шаўчэнкі ў райцэнтры, капітальна адрамантуем два дамы ў аграгарадках – у Вульцы-Аброўскай і Квасевічах (усяго 6 тыс. м2 плошчы). Прадоўжым і бягучыя рамонты. Адзначу, што яны праводзяцца за кошт раённага бюджэту, але нядаўна рашэннем абласной сесіі дэпутатаў на раён дадаткова выдзелена 110 тыс. руб. для рамонту дахаў. Гэта важнае пытанне, падымалася на ўзроўні Урада. Шэраг заявак, якія паступаюць на нумар 115, тычыцца таго, што цячэ дах. У цэлым за суткі мы атрымліваем каля 10-15 заявак з усяго раёна, якія тычацца розных сітуацый і патрабуюць умяшання камунальнікаў, рэагуем згодна з інструкцыямі, у тым ліку неадкладна.
– Што пажадаеце калектыву напярэдадні прафесійнага свята?
– Жадаю, каб усе задумы і надзеі спраўджваліся, а ваша нялёгкая праца прыносіла задавальненне, заслужаную ўдзячнасць, падзяку людзей. Жывіце ў міры, камфорце і дастатку. Няхай паляпшаюцца ўмовы жыцця і работы. Няхай у вашых дамах пануе спрыяльная абстаноўка, якая дазволіць з радасцю прыступаць да працоўных будняў. Здароўя і добрага настрою. Дзякую за працу!
Гутарыла Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.