102 кавуны Тамары Фядорчык

29 сентября 2014 - Administrator
article1261.jpg

 Такі небывалы ўраджай кавуноў і для самой гаспадыні Тамары Мікалаеўны Фядорчык з Любішчыц быў дзівам. І гарбузы ўрадзілі ў яе: па 40-50 кілаграмаў ёсць экземпляры.

Тамара Мікалаеўна – пенсіянерка. Працавала ў свой час памочніцай выхавацеля ў дзіцячым садку. А на пенсіі добрая гаспадыня больш часу стала аддаваць любімым заняткам, свайму агароду, дому, гаспадарцы. 
 

– Пачула я ў мінулым годзе, што жанкі ў магазіне расказвалі, як людзі вырошчваюць кавуны ў сваіх агародах. Паслухала іх і купіла восенню сакавіты, вялікі кавун, – расказвае жанчына. – І кажу ім: выберу насенне і сама паспрабую кавуны вырошчваць. А жанчыны замахалі рукамі: не вырасце з гэтага кавуна, трэба насенне купляць у пакеціках. Ды ў мяне характар такі, трэба даказаць усім, што змагу вырасціць. Прыйшла дадому, выбрала насенне, прасушыла і – у халадзільнік на захаванне. А вясной у ямачкі па пяць штук павысаджвала ў адкрыты грунт.

 

І амаль усе зярняткі насення кавуноў узышлі. Узрадавалася Тамара Мікалаеўна, але ў хуткім часе замаразак прыхапіў маладыя лісточкі. Думала яна, што ўжо нічога не атрымаецца, але стала цёпла, і расліны адышлі, зазелянелі новыя, маладыя, сталі распаўзацца расліны па агародзе. З настроем іх палола Тамара Мікалаеўна, палівала ў спякоту, а восенню, як сталі збіраць ураджай, і дзеці, і сама дзіву далася: налічылі цэлых 102 кавуны. Самы буйны экземпляр заважыў 12 кілаграмаў. Вялікія, саладзейшыя, чым прадаюць, кажуць тыя, хто частаваўся імі гасціннай гаспадыняй. 

 

Першая спроба Тамары Фядорчык па вырошчванні кавуноў аказалася вельмі ўдалай. Да таго ж парадавала гаспадыню за догляд і іншая гародніна: памідоры, агуркі, гарбузы. Кармавыя вымахалі, з месца не скрануць, нараслі і сталовыя гарбузы. 

Мо, зямля такая ўрадлівая, а мо, што гаспадыня ладная. А хутчэй за ўсё і тое, і другое сыграла сваю ролю. 

Валянціна БОБРЫК. 

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА. 

Комментарии (0)
Добавить комментарий