Цвіце чаромха...

3 сентября 2014 - Administrator
article1229.jpg

На вуліцы восень актыўна ўступае ў свае правы, цешачы нас рэдкімі цёплымі дзянькамі. Але, нягледзячы на нізкую тэмпературу, адбыўся сапраўдны цуд прыроды. Аб ім паведаміла жыхарка вёскі Дабромысль Ала Юрэвіч, якая патэлефанавала ў рэдакцыю.

 

У суседнім двары зацвілі тры дрэвы чаромхі (на здымку). Расліна, якая звычайна квітнее ў траўні, нечакана пачала квітнець па другім разе ў верасні. Як адзначыла Ала Міхайлаўна, такі цуд ўсхваляваў не толькі яе, але і жыхароў вёскі:

– Гаспадары гэтага дома даўно з'ехалі з вёскі. Аднойчы раніцай я выйшла на агарод, і пачула пах чаромхі. Падумала, што мне падалося, і не надала гэтаму асаблівага значэння. Але, наступнай раніцай пах быў чутны больш выразна, а з-за шматлікіх, вялікіх дрэў віднеліся  белыя кветачкі. Я вырашыла схадзіць паглядзець, што ж там такое расце. Якім жа было маё здзіўленне, калі перад вачыма красаваліся разрослыя, ва ўсю квітнеючыя тры дрэвы чаромхі!

 

Акрамя як дзівацтвам прыроды, гэтую з’яву назваць нельга. Навукоўцы сцвярджаюць, што другое цвіценне чаромхі – гэта зваротная рэакцыя на змену тэмпературы паветра і працягласці дня. Жыхары вёскі адначасова і рады такому цуду, і трошкі напалоханыя. Калі верыць народным павер’ям, другое цвіценне чаромхі – не вельмі добрая прыкмета. Але тут аб гэтым стараюцца не думаць. Дзякуючы такому цуду прыроды, у гэтую восеньскую пару адзін з садоў Дабромысля напоўніўся па-сапраўднаму вясновым водарам на радасць ўсім жыхарам вёскі.

Анастасія ЦАЛЮК, фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий