Цвіце дамашні лекар

13 января 2015 - Administrator
article1441.jpg

 А гэта – алоэ, сталетнік, альяс і нават альвас. Вось такія назвы ў гэтай паўднёвай расліны. Яна дрэвападобная, цеплалюбівая. Разводзіцца як лекавая і дэкаратыўная. З сямейства лінейных. З тоўстымі нешырокімі мясістымі лістамі, за калючымі выступамі па баках, як кажуць, калючкамі.

 

Крыху гісторыі. Алоэ расце ў дзікім выглядзе ў Афрыцы і Індыі, вышынёй дзесяць метраў. У нас, у Беларусі, разводзіцца выключна як пакаёвая расліна. Другая назва алоэ – сталетнік. Па адной легендзе завецца так таму, што цвіце адзін раз у сто гадоў. Па другой – той чалавек, хто ўжывае сталетнік, можа пражыць не менш за сто гадоў.
Лекавыя ўласцівасці алоэ вядомы яшчэ са старажытных часоў. Яго выкарыстоўвалі фараоны. Напрыклад, царыца Клеапатра пастаянна прымяняла сок і лісты для асвяжэння скуры і прыдання шаўкавістасці валасам. Аляксандр Македонскі і Юлій Цэзар ужывалі алоэ як танізуючы сродак.
Старажытнагрэчаскі лекар Дзіаскарыд так пісаў пра алоэ: “Згушчае і высушвае раны, зарубцоўвае раны цела, рота, палавых органаў, прыпыняе выпадзенне валос на галаве… Ачышчае жоўч і ўхіляе жаўтуху, добры сродак пры апёках і пухлінах”.
 
Ужо сёння агульнапрызнана, што алоэ паляпшае апетыт, страваванне, валодае слабіцельным, жоўчагонным, танізуючым, процізапаленчымі і раназажыўляльнымі ўласцівасцямі. А яшчэ алоэ прымяняюць у выглядзе прымочак для лячэння гнойных ран, апёкаў, нарываў, фурункулаў, выкарыстоўваюць таксама для паласканняў пры захворваннях ротавай поласці і дзясен. Вучоныя яшчэ лічаць, што алоэ вельмі добра ачышчае арганізм ад шлакаў і падскурных тлушчавых адкладанняў.

У дзікай прыродзе алоэ цвіце штогод, а ў дамашніх умовах, як сцвярджаюць некаторыя садаводы-аматары, не цвіце зусім. Я таксама так думаў усё жыццё (а гэта амаль 79 гадоў), пакуль у мяне на падаконніку не зацвіў сталетнік, мой алоэ. З дзяцінства я помню алоэ ў нашай хаце, а потым і ў сваёй кватэры. Пра лекавыя асаблівасці ведалі, а вось сталетнікаў, якія цвітуць, не бачылі. Ведаеце, сама кветка-бутон алоэ знаходзіцца на кветканоснай стрэлцы, гэта вышэй за лісты на 15-20 сантыметраў і залежыць ад велічыні масы расліны. Сама кветка-бутон своеасаблівая, зверху вострая, нібы піка. Распускаецца з ніжніх тоўстых зеленавата-жоўтых завостраных пласцінак. З іх ужо выходзяць светла-жоўтыя трубачкі даўжынёй да 40 міліметраў і дыяметрам да пяці міліметраў. Канцы гэтых трубачак раздаюцца трохі ўшыркі з паўкруглымі роўнымі зубцамі, а з самой трубкі “выскокваюць” тонкія сцяблінкі-валасінкі (пяць-шэсць), як мяцёлкі з авальнымі пляскаватымі, як кроп, бусінкамі і раскрываюцца, стварыўшы такім чынам невялікае цудоўнае кальцо, якое на сонцы нібы варушыцца. Лепш гэту прыгажосць, канешне, бачыць.

А яшчэ з гэтых трубачак-кветак час ад часу спадаюць светлыя кроплі, нібы слязінкі. Мо плача кветка ад радасці росквіту, цвіцення, а мо, наадварот, ад таго, што гэта апошнія слёзкі на растанні з квітнеючай парой. Гэтыя кроплі-слязінкі я спрабаваў на смак, але так і не даведаўся, які ён, – горкі, салодкі, салёны, а можа, як і ўвесь алоэ, гаючы. Сам бутон-кветка алоэ пачаў цвісці знізу і ўжо даходзіць паступова да верху. А ніжнія кветкі-трубачкі цямнеюць, становяцца светла-карычневымі і засыхаюць.

Нават калі вы зусім здаровыя, ёсць сэнс мець у сваёй кватэры гэту расліну. Алоэ асвяжае і аздараўляе паветра, змяншае ў ім колькасць 
хваробатворных мікробаў. Можа, і вам, як і мне, пашанцуе і вы таксама дачакаецеся цвіцення свайго алоэ ўжо ў новым годзе.
Святаслаў КАЖАДУБ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА. 
На здымку: цвіце алоэ (сталетнік). 
Комментарии (0)
Добавить комментарий