Грыбная восень прыносіць цікавыя адкрыцці

16 сентября 2017 - ALIAKSANDAR MIALIK
article3422.jpg

 

Восень бягучага года запомніцца многім аматарам прыроды надоўга, бо такі багаты ўраджай грыбоў радуе людзей не часта. Нашыя лясы дораць прыхільнікам ціхага палявання сустрэчы з самымі рознымі грыбамі, якія можна ўжываць у ежу, выкарыстоўваць як лекі і проста любавацца іх прыгажосцю. Невыпадкова, што ў такія ўраджайныя на грыбы гады даследчыкі прыроды робяць шмат цікавых адкрыццяў. Вось і нядаўна аўтарам гэтага допісу ў навакольных лясах вёскі Вулькі-Целяханскай быў знойдзены рэдкі від грыбоў з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, які да гэтага часу на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна не адзначаўся. Яго назва – спарасіс кучаравы або грыбная капуста. Чым жа так цікавы гэты рэдкі грыб і што ён сабой уяўляе?

Спарасіс кучаравы (Sparassis crispa) – ядомы грыб сямейства спарасісавых. Яго пладовае цела мае сферычную форму і дасягае 35 см у папярочніку. Вага дарослага грыба можа складаць 6 і нават 10 кг. Сам грыб моцна разгалінаваны, мясісты і пры гэтым крохкі. Яго шматлікія галінкі лісцепадобныя, хваліста-кучаравыя і нагадваюць тым самым галоўкі цвятной капусты, што далу грыбу адпаведную назву. Колер пладовага цела крэмава-жоўты або вохрысты, смак і пах прыемныя – нагадваюць грэцкі арэх. Распаўсюджаны спарасіс кучаравы амаль па ўсёй Еўропе, на Каўказе, у Сібіры, на Далёкім Усходзе і нават у Амерыцы. На тэрыторыі Беларусі сустракаецца не часта: месцы яго вырастання вядомы перважна ў Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай вобласцях. Расце ў хваёвых лясах, пладовыя целы ўтварае ў жніўні – кастрычніку каля ствалоў і карэнняў хвоі, а таксама на свежых пнях. Грыб адносіцца да паразітаў або сапратрофаў, паколькі жыве за кошт адмерлай драўніны.

Спарасіс кучаравы з’яўляецца даволі каштоўным ядомым грыбам, паколькі ў маладым узросце мае далікатэсны смак і прыемны пах. Выкарыстоўваецца для прыгатавання супоў, смажання і высушвання. Вядомы ён таксама і ў народнай медыцыне, бо ўтрымлівае рэчывы, якія валодаюць супрацьмікробнымі ўласцівасцямі, а таксама перашкаджаюць утварэнню пухлін.

Рэдкая сустракаемасць спарасіса кучаравага ў нашых лясах абумоўлена ў першую чаргу яго карыснымі ўласцівасцямі – як правіла вопытны грыбнік не прапусціць такую каштоўную знаходку. Менавіта збор пладовых цел, а таксама вырастанне грыба ў хваёвых лясах (якія найбольш інтэнсіўна эксплуатуюцца чалавекам) прывялі яго на старонкі Чырвонай кнігі. У апошнім яе выданні гэтаму рэдкаму грыбу прысвоена IV катэгорыя нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці – патэнцыйна ўразлівы від. Пагэтаму знайшоўшы ў лесе спарасіс кучаравы не спяшайцеся пакласці яго ў свой кошык. Лепшым будзе сфатаграфаваць яго і паведаміць аб знаходцы навукоўцам або спецыялістам, якія займаюцца аховай прыроды.

Варта дадаць, што спарасіс кучаравы пашырыў і так не малы спіс ахоўваемых відаў раслін і жывёл Івацэвіцкага раёна. Па апошнім падлікам толькі вышэйшых раслін з Чырвонай кнігі Беларусі ў нашым раёне вядома амаль 4 дзясяткі, сюды яшчэ можна дадаць больш дзесяці відаў водарасцей, лішайнікаў, грыбоў і мохападобных. А ўсё гэта з’яўляецца доказам высокай прыродаахоўнай значнасці нашых лясоў, балот, лугоў і абавязвае нас клапаціцца аб іх захаванні.

Аляксандр МЯЛІК

(фота аўтара)

 

Рейтинг: 0 Голосов: 0 7980 просмотров
Комментарии (0)
Добавить комментарий