КУПАЛЬНІК ГОРНЫ

20 января 2015 - ALIAKSANDAR MIALIK
article1454.jpg

 

 

У мінулы раз мы расказвалі пра рэдкую горную папараць – мнаганожку звычайную, расповедам пра якую на старонках Івацэвіцкага весніка была распачата серыя публікацый “Дыяменты прыроды” пра рэдкія і ахоўваемыя расліны. Цяпер хочацца расказаць яшчэ пра адну цікавую расліну горнага паходжання – купальнік горны. А цікавы ён тым, што з’яўляецца рэліктам і нагадвае пра часы, калі клімат Беларусі быў больш вільготным і халодным. Менавіта тады, падчас апошняга Паазерскага зледзянення (а гэта каля 15 тысяч гадоў назад), купальнік горны спусціўся з гор на раўніны, дзе і застаўся расці ў спрыяльных месцах да сёнешняга часу.

Купальнік горны (Arnica montana) – шматгадовая травяністая расліна з сямейства астравыя (або складанакветкавыя). Мае прамое разгалінаванае ўверсе сцябло вышынёй 15-80 см, пакрытае простымі і жалезістымі валасінкамі. Карэнішча паўзучае, гарызантальна разгалінаванае, даўжынёй да 15 см. Прыкаранёвыя лісты шырокія, маюць авальную форму і сабраны ў разетку. Сцябловыя лісты парныя, размешчаны супраціўна. Суквецці – буйныя кошыкі ярка-аранжавага ці жоўтага колеру да 5 см у дыяметры, размешчаныя на вяршыні сцябла. Цвіце купальнік горны ў чэрвені-жніўні, насенне паспявае ў ліпені-верасні.

Расце пераважна ў гарыстых мясцовасцях сярэдняй і цэнтральнай Еўропы. На Беларусі знаходзіцца на ўсходняй мяжы арэалу і сустракаецца толькі на захадзе і ў цэнтры краіны. На ўсходзе і поўдні Палесся від адсутнічае. Часцей расце ў хваёвых барах, на лясныхпалянах, узлесках, на прасеках. Аддае перавагу пясчаным кіслым глебам з сярэдняй вільготнасцю. Знайсці купальнік горны зусім не цяжка: яго ярка-аранжавыя суквецці падчас цвіцення бачныя здалёк.

Купальнік горны вядомы ў першую чаргу як каштоўнейшая лекавая расліна, якая шырока выкарыстоўваецца ў афіцыйнай і народнай медыцыне. Высушаныя суквецці і карэнішчы паспяхова выкарыстоўваюцца для лячэння самых разнастайных хвароб пераважна нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм. Акрамя таго купальнік горны яшчэ і добры меданос, і выдатная дэкаратыўная расліна, якая можа з поспехам вырошчвацца на падворках. Нажаль, менавіта каштоўныя лекавыя ўласцівасці і высокая дэкаратыўнасць “пасадзейнічалі” таму, што гэтай расліны з кожным годам у нашых лясах становіцца ўсё менш. Знікае купальнік таксама падчас лесанарыхтовак, пры выпасе скаціны, з-за вытаптвання (паколькі часта расце ўздоўж лясных дарог, дзе больш сонечнага святла).

Невыпадкова гэтая расліна здаўна прыцягнула ўвагу беларускіх навукоўцаў і была занесена ва ўсе выданні Чырвонай кнігі Беларусі. Хаця ў выданні 2005 года купальнік горны быў перанесены ў спіс відаў, якім неабходна толькі прафілактычная ахова. Тады навукоўцы палічылі, што від мае стабільную колькасць і пагрозы для знікнення адсутнічаюць. Але не прайшло і дзесяці гадоў, як колькасць яго зноў пачала імкліва зніжацца. Пагэтаму ў новым выданні Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, якое хутка пабачыць свет, купальнік горны набыў 4 катэгорыю аховы.

У лясах Івацэвіцкага раёна купальнік горны не з’яўляецца вялікай рэдкасцю і сустракаецца даволі часта як на Івацэвіччыне (Перадпалессі), так і Целяханшчыне (Палессі). Хаця пры руху на поўдзень яго колькасць паступова зніжаецца і ўжо ў суседнім з намі Пінскім раёне від амаль адсутнічае. Часцей за ўсё сустракаюцца адзінкавыя расліны ці невялічкія групы купальніка горнага, але часам (у найбольш спрыяльных месцах) сустракаюцца даволі вялікія зараслі.

У любым выпадку, калі вы сустрэнеце купальнік горны ў лесе, успомніце ў першую чаргу не пра яго выдатныя лекавыя ўласцівасці і прыгажосць у букеце, а пра тое, што куды важней, каб нашыя дзеці з унукамі маглі бачыць гэтую рэліктавую расліну не на малюнках, а ў беларускіх лясах.

Аляксандр Мялік

в. Вулька-Целяханская

 

 

 

Рейтинг: 0 Голосов: 0 3642 просмотра
Комментарии (0)
Добавить комментарий