Лавіся, рыбка вялікая!

27 августа 2014 - Administrator
article1215.jpg

Беларускія вадаёмы не толькі адны з самых прыгожых і маляўнічых, але і па-сапраўднаму адны з самых багатых на розныя віды рыб. Нярэдка тут сустракаюцца асобіны даволі буйных памераў, улоў якіх зробіць гонар любому рыбаку.

 Для Дзмітрыя Новікава з г. Івацэвічы рыбная лоўля – хобі ўсяго яго жыцця. Як толькі з'яўляецца вольная гадзіна-другая, Дзмітрый збiрае вуды і едзе на рыбалку.


А ў адзін са жнівеньскіх выхадных Дзмітрыю па-сапраўднаму пашчасціла. На цёплым канале, які ўпадае ў Белае возера каля г. Белаазёрск Бярозаўскага раёна, Дзмітрый вылавіў амура вагой амаль восем кілаграмаў, сапраўдны асабісты рэкорд (на здымку).

– Амура добра лавіць у дажджлівае пахмурнае надвор'е, – расказвае Дзіма, – а ў той дзень ішоў дробны пераменны дождж, не спыняўся вецер. Прайшло зусім няшмат часу, як я закінуў прынаду з кукурузы, як адразу ж пачало добра кляваць. Я падсек рыбу і зразумеў, што ў вадзе нешта вялікае. Рыба хутка паднялася наверх і паказала мне свой хвост. Давялося крыху пазмагацца, перш чым я дастаў гэтага прыгажуна.


Гэты дзень выдаўся для рыбака незвычайна ўдалым – было злоўлена яшчэ два буйных амуры, не лічачы іншых маленькіх рыбак. Дарэчы, цёплы канал Белага возера – адно з найлюбых месцаў Дзмітрыя, тут ціха і спакойна, зручна рыбачыць зімой, бо канал не замярзае, а ў мінулым годзе восенню рыбак злавіў тут некалькі вялікіх таўсталобікаў.

Дзмітрый далучае да рыбалкі і свайго старэйшага сына Кірыла, які з вялікім задавальненнем вывучае асновы рыбнай лоўлі – падчас летніх канікул ён часта ездзіў з бацькам на рыбалку. Амаль заўсёды Дзмітрый вяртаецца дамоў з добрым уловам, з якога потым рыхтуе самыя разнастайныя стравы, якімі шчыра частуе ўсю сям'ю.

Дар’я УДОВІНА.

Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев