Май

3 мая 2014 - Administrator
article1028.jpg

"Май зямлю грэе, а сіверам вее", "Май халодны – год галодны". Снег і мароз у апошнім веснавым месяцы прадказвалі засушлівае лета, не пакідалі добрых спадзяванняў і пчалярам, а вось майскія грымоты нібыта паведамлялі рупліўцу пра добры плён на яго зямлі: "Дождж у маі – хлеба будзе і на гультая".

 

Як прадказаць надвор’е на заўтра?

Калі жукі хвалююцца, лятаюць – вечарам і на наступны дзень пахаладае, пойдзе дождж. Зязюля рэгулярна кукуе – надвор’е ўсталюецца цёплае і замаразкаў не будзе. Неба пацямнела, плывуць хмары, а кветкі дзьмухаўца адкрытыя – дажджу не будзе. У небе сонца, а кветкі дзьмухаўца закрываюцца – хутка пойдзе дождж. Адцвіўшы дзьмухавец у сухое надвор’е лёгка раскідвае пушынкі, а перад дажджом іх не вырве нават самы моцны вецер.

Пчолы з раніцы весела лётаюць – дзень будзе сонечны. А калі ў сонечнае надвор’е пчолы масава злятаюцца ў вулей – будзе навальніца. Калі ноч пад першы дзень мая зорная і вее цёплы паўднёвы вецер – лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае.

 

6 – Георгій (Юр'я, Юрай, Ягор'я). Калі на Ягор'я мароз – будзе добры авёс. Снег на Юр'я падаваў надзею, што ўлетку пабялеюць палі ад удалай ураджайнай грэчкі, і наадварот – "Як на Юр'я пагода, то на грэчку няўрода". Густы юр'еўскі дождж упэўніваў селяніна, што вырасце густое вялікае жыта. Жыватворная юр'еўская раса таксама абяцала прыбытак: "Калі будзе раса – хопіць коням аўса".

8 – Марк, Сільвестр "Дождж на святога Марка – дык зямля, як скварка".

15 – Дзень Барыса і Глеба быў значным святам у народзе. Надта шанаваліся на яго крыніцы, якія не замярзалі і лічыліся гаючымі, асабліва ад хвароб вачэй.

22 – Мікола веснавы (ці летні).

24 – Дзень Кірылы і Мяфодзія. Па ім меркавалі пра ўсё наступнае лета: калі ён мокры – і лета будзе мокрае, калі сухі — усё лета сухое.

27 – Максім, Сідар. У гэты дзень дапускаўся налёт халодных вятроў: "Прыйшлі Сідары – прыйшлі і сівяры".

28 – Пахом, Ісай, Дзмітрый. Гэты дзень у адрозненне ад папярэдняга прадугледжваў адваротнае надвор'е: "Пахом павее цяплом". Паколькі ён лічыўся галоўным чынам агародным святам, то абавязкова стараліся пасадзіць агуркі: "Пасееш агуркі калі Пахом – будзеш хадзіць з мяхом", г. зн. збярэш шмат агуркоў на агародзе.

Рубрыку вядзе Аляксандр ШЫЛА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий