Мнаганожка звычайная

14 декабря 2014 - ALIAKSANDAR MIALIK
article1389.jpg

Прырода Івацэвіцкага краю разнастайная і багатая. Ёсць у нас вялікія і малыя азёры, непраходныя балоты і сапраўдныя пясчаныя пустыні. А яшчэ ёсць бясконцыя лясы, у якіх можна знайсці не толькі дзічыну, драўніну, грыбы і ягады, але і сапраўдныя дыяменты прыроды. Менавіта зялёнымі дыяментамі можна назваць расліны з Чырвонай кнігі Беларусі, якіх у Івацэвіцкім раёне не мала: баранец звычайны, венерын чаравік сапраўдны, пылкагалоўнік чырвоны, святаяннік чатырохкрылы, вярба чарнічная, сон раскрыты, купальнік горны, касач сібірскі, чубатка пустая і многія-многія іншыя.

 

Але ведаем мы, на жаль, пра гэтыя прыродныя стварэнні вельмі мала і яшчэ менш робім для іх захавання. Таму не рэдка можна бачыць, як дзеці нясуць з лесу букеты купальніка горнага, ці як вясной цэлымі мяхамі вывозяць мядзвежую цыбулю – чарамшу. І праблема не толькі ў тым, што мы не разумеем значнасці захавання гэтых відаў, многія з іх для нас проста не знаёмы. Пагэтаму хочацца на старонках газеты “Івацэвіцкі веснік” расказаць пра ўсе ахоўваемыя віды раслін, якія можна сустрэць на лугах, балотах ці ў лясах нашага раёна. А найперш хочацца расказаць пра непрыкметную, але вельмі цікавую расліну – мнаганожку звычайную. Цікавая гэтая горная папараць тым, што ў нашых лясах з’ўляецца рэліктам – своеасаблівым напамінам пра мінулыя геалагічныя эпохі, калі клімат Беларусі быў больш цёплым і вільготным.

 

У энцыклапедычнай літаратуры можна знайсці наступнае апісанне гэтай расліны. Мнаганожка звычайная (Polypodium vulgare) – шматгадовая травяністая расліна вышынёй 20-40 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Лісты падоўжаныя, завостраныя, перыстараздзельныя. Сорусы знаходзяцца на ніжнім баку лістоў. Расце пераважна на пясчаных і супясчаных грунтовых агаленнях у мяшаных і шырокалісцёвых лясах. Часта сустракаецца на старых замшэлых пнях, ствалах паваленых дрэў і валунах. 

 

Гэтая расліна даволі шырока распаўсюджана ў горных раёнах лясной зоны паўночнага паўшар’я. Сустракаецца яна на Каўказе, у гарах Сярэдняй Азіі, Заходняй Сібіры і нават у Паўночнай Амерыцы. У Еўропе мнаганожку звычайную можна сустрэць у Альпах, Карпатах і іншых гарыстых мясцовасцях. Зразумела, што на тэрыторыі раўніннай Беларусі гэты горны від знаходзіцца на ўсходняй мяжы суцэльнага распаўсюджвання ў Еўропе. І калі ў Гродзенскім, Ваўкавыскім ці Брэсцкім раёнах мнаганожка звычайная сустракаецца даволі часта, то на Палессі вядомы яе адзінкавыя месцазнаходжанні. Нездарма яна ўключана ва ўсе выданні Чырвонай кнігі Беларусі і мае 4 катэгорыю аховы.

 

Пра знаходжанне мнаганожкі звычайнай у Івацэвіцкім раёне, як і ў цэнтральнай частцы Палесся звесткі доўгі час увогуле адсутнічалі. Упершыню ў Прыпяцкім Палессі невялічкую курцінку з 15 раслін адшукалі мінскія батанікі ў наваколлі вёскі Турная нашага раёна ў 1996 годзе. Пазней, у 2003 годзе, знайшлі яе і ў лясах Столінскага раёна. 2012 год быў яшчэ больш плённым. Тады падчас батанічных даследаванняў мы адшукалі мнаганожку звычайную ў наваколлі вёскі Азарычы Пінскага раёна на самай мяжы з Івацэвіцкім. Але сапраўдным падарункам было выяўленне мнаганожкі звычайнай ў наваколлі вёскі Вулька-Целяханская. Там ва ўрочышчы Чыжыкі, на старых замшэлых акопах нямецкай арміі часоў Першай сустветнай вайны, была знойдзена самая вялікая ў Прыпяцкім Палессі папуляцыя гэтай рэдкай расліны.

 

Такім чынам, менавіта ў лясах нашага раёна знаходзяцца ключавыя месцазнаходжанні гэтай расліны ў Прыпяцкім Палессі і менавіта ад нас залежыць яе далейшы лёс. Звярніце яшчэ раз увагу на гэтую рэдкую і цікавую расліну. Можа хто з чытачоў ужо сустракаў яе ў месцах не апісаных намі? Абавязкова паведаміце пра гэта навукоўцам, тады стане вядома яшчэ пра адно месца вырастання мнаганожкі звычайнай.

Аляксандр Мялік

 

Рейтинг: 0 Голосов: 0 1585 просмотров
Комментарии (0)
Добавить комментарий