Паляванне на зграю ваўкоў за 38 хвілін

20 февраля 2017 - Administrator
article2967.jpg

 4 лютага пад кіраўніцтвам паляўніцтвазнаўцы ДЛГУ “Целяханскі лясгас” Расціслава Малайчука праводзілася паляванне на зграю ваўкоў у лясным масіве Дабраслаўскага лясніцтва на тэрыторыі Пінскага раёна. І паляванне завяршылася, нават, на думку вопытных паляўнічых з амаль 40-гадовым стажам, у рэкордны тэрмін – за 38 хвілін. 


У паляванні ўдзельнічала 16 чалавек, у ліку якіх егеры, леснікі, спецыялісты лясной аховы Целяханскага лясгаса, запрашаліся паўдзельнічаць і мясцовыя паляўнічыя. Напачатку палявання, як дзяліўся ўражаннямі паляўніцтвазнаўца Расціслаў Малайчук, калі пачалі зафлажваць участак, дзе знаходзілася зграя драпежнікаў, ваўкі пачулі нядобрае і зышлі з той мясціны. Тады ляснік Дабраслаўскага лясніцтва Мікалай Наумовіч прапанаваў перайсці да забалочанай мясціны, дзе па яго назіранням, ваўкі маглі залегчы. Хутка каманда паляўнічых перадыслацыравалася, зафлажыла выхад з балотнага масіву і егер зрабіў адзін выстрал з другога боку, каб спужнуць зграю і накіраваць яе на паляўнічых. Ідэя аказалася ўдалай, і за 38 хвілін паляўнічыя палажылі пяць ваўкоў: два дарослыя ваўкі і тры дарослыя ваўчыцы. Адзін воўк-пераярак здолеў уцячы. 

– Такое паляванне на ваўкоў у нашым паляўнічым стажы не першае. Але кожны раз яно ўражвае, укідвае ў арганізм добрую порцыю адрэналіну, – казалі паляўнічыя в. Горталь Іван Багдановіч і Павел Паўловіч. – Каманда працавала зладжана і аператыўна. І вынік дастойны мужчынскага гонару. 
Валянціна БОБРЫК. Фота з архіва паляўнічых.
Комментарии (0)
Добавить комментарий