Самае гарачае лета

2 сентября 2015 - Administrator
article1926.jpg

 Праўду кажуць, няма нічога больш зменлівага і непрадказальнага, чым надвор’е.

То нізкімі, то наадварот нечакана высокімі тэмпературамі здзіўляла нас сёлетняе лета, але праблемай нумар адзін у гэтым годзе стаў недахоп ападкаў. Пацярпелі ад засухі вадаёмы, узровень вады ў некаторых рэках і азёрах Брэстчыны стаў ніжэй за гістарычны мінімум. Так, па даных аддзела гідралогіі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі на Гідралагічным пасту г. Брэста зафіксавана зніжэнне ўзроўню вады ў вадаёмах на 25 см, на Пінскім – на 24 см. Знікла вада ў многіх людскіх калодзежах, вымусіла пахвалявацца надвор’е аграрыяў і дачнікаў раёна. 


Як паведаміла начальнік метэастанцыі г. Івацэвічы Алена Мазырчук, вялікі недахоп ападкаў назіраецца яшчэ з зімы, а лета ўвогуле стала рэкордным па гэтых паказчыках. Так, у чэрвені выпала ўсяго 28,6 працэнта ападкаў адносна кліматычнай нормы. Трошкі парадаваў аграрыяў і агароднікаў ліпень – 45,3 працэнта ападкаў адносна нормы. Тут паказчыкі “выцягнула” дажджлівая другая дэкада месяца, як раз на яе выпалі самыя вялікія дажджы.


Самым сухім і спякотным аказаўся апошні летні месяц: нулявыя паказчыкі ў першай і другой дэкадзе месяца, разбавіў “сухую” статыстыку адзіны паказчык у 1,7 мм ападкаў, які паказаўся на слупку ў трэцяй дэкадзе, 26 жніўня. 


Так, па самых простых падліках за два летнія месяцы і дзве дэкады жніўня (апошняя на момант размовы са спецыялістамі яшчэ доўжылася) у раёне выпала толькі 24,6 працэнта ападкаў ад нормы! І, як адзначыла начальнік аддзела клімату Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі Алена Камароўская, такога “сухога” лета ў нашым раёне не было за ўсю гісторыю назірання цэнтра. А гэта значыць, з пасляваенных часоў. З 1 чэрвеня па 27 жніўня ўключна ў раёне выпала толькі 72 мм ападкаў. Лета 2015 года пабіла папярэдні рэкорд 1994-га, калі на наш раён прыйшлося ўсяго 77 мм ападкаў. Таму гэтае лета ўвойдзе ў метэаралагічны летапіс як рэкорднае. Спадзяемся, восень “дацягне” да нормы і папесціць нас дажджлівым, уласцівым для гэтай пары года, надвор’ем. 

Падрыхтавала 

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий