Смартфоны, айфоны, айпады…

27 января 2015 - Administrator
article1466.jpg

 Наўрад ці можна сёння ўявіць жыццё без мабільных тэлефонаў, камп’ютараў і новых сродкаў сувязі. Рынак гэтых тавараў стаў настолькі насычаным, прапановы настолькі шматлікімі, што разгубіцца пры выбары патрэбнага лягчэй лёгкага. Тым больш, гэтулькі новых назваў, слоў незразумелых, розных вытворцаў. Як не разгубіцца, як выбраць патрэбнае?


Для пачатку, мабыць, трэба хоць з большага ведаць, што ёсць што. Да прыкладу, хоць бы тыя слоўцы, што прыведзены ў загалоўку: што яны значаць, чым розніцца айпад ад смартфона, а айфон ад планшэта?
Што ж, паспрабуем разабрацца ва ўсім без спеху.
Гаджэт – гэта нейкае любое невялікае электроннае прыстасаванне: мабільны тэлефон, планшэт, плэер і іншае. Карацей, электронны выраб для асабістага карыстання.

Ад пачатку зазначым для сябе, што тэлефон, які можна насіць з сабой у кішэні, завецца мабільным тэлефонам. Раней была распаўсюджаная назва – сотавы тэлефон, але яна, хоць і існуе сёння дзе-нідзе, не прыжылася. Такім чынам, мабільны тэлефон, сотавы тэлефон, мабільнік, сотавік – гэта наш звычайны тэлефон у кішэні, якім мы карыстаемся пры дапамозе аператараў сувязі МТС, Velcom, Live…
На пачатку свайго існавання тэлефоны былі простымі, а потым вытворцы распачалі барацьбу за рынак і з’явіліся новыя віды мабільных тэлефонаў. Ад простых кнопак перайшлі да сэнсараў – калі трэба не націскаць, адно толькі кранацца манітора пальцам. Гэта так званыя СЭНСАРНЫЯ тэлефоны.

Сапраўдная рэвалюцыя адбылася тады, калі ўнутры тэлефон стаў нагадваць маленькі камп’ютар – столькі ў яго з’явілася новых функцый. Да таго ж, ён і па праўдзе стаў камп’ютарам са сваёй аперацыйнай сістэмай. Такія тэлефоны атрымалі назву “разумныя тэлефоны”, а ў перакладзе яны для нас загучалі як СМАРТФОНЫ.
Такім чынам, смартфон – гэта тэлефон (не абавязкова сэнсарны!), які мае сваю аперацыйную сістэму, арганізацыйна – маленькі камп’ютар. Ён зазвычай даражэй за просты тэлефон.

Вытворцаў смартфонаў на сёння вельмі многа, аднак на рынку мабільнай электроннай тэхнікі вышэйшую пазіцыю займае фірма APPLE (чытаецца як Эйпл). Фірму лёгка пазнаць па яе лагатыпу – надкусаны яблык. Дык вось, фірма распрацавала свой смартфон і дала яму асабістую назву – iPhone, якая гучыць як айфон (у перакладзе “я – тэлефон”.

Такім чынам, айфон – гэта той самы смартфон, але выраблены самай вядомай фірмай Эйпл.
Фірме спадабаліся свае асабістыя назвы, таму, калі яна наладзіла выпуск невялікіх пераносных камп’ютараў, назвала іх iPad, што гучыць як айпад (у перакладзе “я – блакнот”). Гэтыя невялікія пераносныя камп’ютары, якія на выгляд складаюцца толькі з аднаго экрана-манітора, мы называем планшэтамі.

Такім чынам, айпад – гэта планшэтны камп’ютар, і пазваніць па ім, зразумела, нельга.
Зазвычай прадаўцы мабільных тэлефонаў могуць вас нечакана напалохаць, сказаўшы: “У гэтым тэлефоне ўстаноўлены Андроід”. Што за жах?
Не пужайцеся. Андроід – гэта назва аперацыйнай сістэмы, якая ўстанаўліваецца ў смартфонах. У смартфонах фірмы Эйпл такая сістэма завецца па-іншаму, і яе часцей ніхто не ўспамінае.

Значыць, калі прадавец вам сказаў, што ў тэлефоне Андроід – гэта смартфон.
Калі вам кажуць, што гэты тэлефон завецца айфонам – гэта смартфон.
А калі вам прапануюць набыць айпад – гэта не тэлефон, а планшэт.
Заўважым, што знешне розныя тэлефоны бываюць вельмі і вельмі падобныя. Айфоны, як вельмі надзейная і брэндавая прадукцыя, каштуюць значна даражэй за іншыя смартфоны.

Што выбраць для сябе?
Тут не можа быць адназначнага адказу. Гледзячы для чаго вы купляеце свой гаджэт. Калі толькі каб быць на сувязі – навошта вам смартфон ці дарагі айфон? І навошта сэнсарны? Калі ж вы ў будучым плануеце карыстацца тэлефонам менавіта як невялікім камп’ютарам, з выхадам у інтэрнэт, з навігацыйнай сістэмай, Вайберам, Скайпам (пазней пагаворым пра іх), галасавым кіраваннем – канечне, патрэбны смартфон.
Якую фірму выбраць?
І тут таксама няма адназначнага адказу, і прадаўцы спецыялізаваных магазінаў вам мала дапамогуць. Бо іншыя мадэлі бываюць не надта ўдалымі ў вядомых фірм, а сёння на рынак выходзяць новыя фірмы, прапануюць свае вырабы дзешавей за іншыя, а надзейнасць – высокая. Што тычыцца менавіта смартфонаў з сістэмай Андроід, дык найбольш вядомыя – кампаніі Samsung.
Падрыхтаваў 
Валерый ГАПЕЕЎ.
 
Комментарии (2)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев