Вось дык прыплод!

30 апреля 2015 - Дарья Вдовина
article1678.jpg

На малочнатаварнай ферме КУСП “Перамога” ў адной з кароў нарадзілася тройня 

Сёння ўздужалыя і жвавыя трайняты: бычок і дзве цялушкі ядуць наперабой, хутка дадаюць у вазе і радуюць вока супрацоўнікаў малочнатаварнай фермы №2 КУСП “Перамога” у Вульцы-Аброўскай. Цяляткам ужо больш за месяц, а навіна аб іх нараджэнні і сёння не сыходзіць з вуснаў як аграрыяў, так і жыхароў навакольных вёсак. І не здарма: трайняты ў любой гаспадарцы – выключная рэдкасць.


Мо таму і не паверылі спачатку сваім вачам выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка Людміла Куцко, ветэрынарны ўрач Пётр Міхнавец і асемянатар Алена Цімашэвіч, калі ўбачылі трэцяе цяля каля каровы. Не верылі навіне і астатнія, тым больш, што на свет цяляткі з’явіліся ў дзень гумару – першага красавіка. А нарадзіла трайнят звычайная маладая цялушка.


– Так, нічым асаблівым мы яе не кармілі, – гаворыць выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка Людміла Куцко. – Карове пяты год, і гэта яе трэці ацёл, першыя два былі ўдалымі: нараджаліся здаровыя цяляткі, аднак, такога ўдалага ўтрая ацёлу ў гэтым годзе мы не чакалі. Сельскай гаспадарцы я аддала каля 20 гадоў, і такога прыбытку пагалоўя за адзін ацёл яшчэ не бачыла. Напэўна, гэта ўсё дзякуючы прафесійнай працы нашага асемянатара Алены Цімашэвіч, пасля яе стымуляцыі так значна павялічылася пагалоўе на ферме за адзін вечар, – адзначыла Людміла Фёдараўна.


Так, сёння тут кормяцца-гадуюцца 76 цялят і 507 дойных кароў, цяжка ўявіць сабе, наколькі можа павялічыцца пагалоўе, калі астатнія каровы таксама пойдуць на рэкорд! Трайняты нарадзіліся меншай вагой, чым звычайна: 15, 17 і 18 кілаграмаў, і гэта зразумела. Аднак, добры дагляд і выключны апетыт робяць сваю справу, і ўжо скора цяляткі дагоняць астатніх цялятак на ферме.


Наталля ГЕРБЕДЗЬ,  фота Валерыя МІСКЕВІЧА. 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий