Зацвілі пад Новы год дзьмухаўцы!

9 декабря 2015 - Administrator
article2112.jpg

Усе мы памятаем добрую дзіцячую казку “12 месяцаў” Самуіла Маршака, у якой дзяўчынка лютай зімой назбірала цэлы кошык падснежнікаў, і ўсе мы ўспрымалі гэтую прыгожую гісторыю як цуда. Ці маглі мы ведаць, што амаль такая ж казка прыйдзе ў наша з вамі жыццё? Дзьмухаўцы ў снежні – чым вам не казка? Не паверылі сваім вачам і вучні 6 “А” класа ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Ягор Шыманчык і Уладзіслаў Бахур, калі на днях убачылі і сфатаграфавалі цэлую плантацыю дзьмухаўцоў.

Сапраўдны жоўта-белы дыван расцягнуўся ў нашым горадзе па вуліцы Дэпутацкай, калі быць дакладным, уздоўж яе. Самыя сапраўдныя вясновыя, зусім як майскія, жоўтыя і белыя дзьмухаўцы радуюць вока гараджан. Затрымалася каля такога дзіва і класны кіраўнік 6 “А” класа ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Зінаіда Іванаўна Велікаселец. А пасля рассказала аб гэтым вучням.


– Колькі жыву, не бачыла такой плантацыі кветак у снежкі, вось дык сюрпрыз прыроды, тут нават дарослы ў казку паверыць, – дзеліцца ўражаннямі Зінаіда Іванаўна. – Расказала сваім шасцікласнікам пра гэтае цуда, самыя цікаўныя хлопчыкі Ягор Шыманчык і Уладзіслаў Бахур пабеглі пасля ўрокаў паглядзець на маю знаходку і сфатаграфавалі кветкі. Дзівімся цяпер усім класам на такую прыгажосць, а наогул, я прапаную ўсім, як кажуць, уласным вокам паглядзець на дзіва, якое побач, – параіла настаўніца.


Прырода ў апошні час падкідвае нам шмат сюрпрызаў: цвітуць вербы, кветкі, песціць нас надвор’е плюсавымі тэмпературамі. Знаўцы кажуць, што час цвіцення дзьмухаўца дыктуе не столькі каляндар, колькі тэмпературны рэжым. Звычайна, жоўтыя “сонейкі” радуюць нас у маі, бывае, у красавіку, калі ён выдаецца надта цёплым, вядомыя выпадкі цвіцення дзьмухаўцоў нават у сакавіку, аднак каб у снежні… Ды ёсць такая з’ява прыгожая, нечаканая, і ўсе мы сёння можам яе ўбачыць, затрымацца каля жоўтага дывана і ўсміхнуцца. Давайце так і зробім.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ

Комментарии (0)
Добавить комментарий