Калі кошка, якая гуляе сама па сабе, выклікае хіба што толькі жаласлівыя пачуцці ў прахожых, то з сабакамі справа абстаіць інакш. Праблеме бадзяжных сабак і звязанай з гэтым небяспекай як для дзяцей, так і для дарослых, «ІВ» прысвяціў нямала публікацый. Бяздомныя сабакі ёсць амаль у кожным населеным пункце, дзесьці іх больш, дзесьці менш. На жаль, гэтая тэма не перастае турбаваць нашых грамадзян.
Зграі сабак, якія свавольнічаюць на вуліцах і тэрарызуюць смеццевыя бакі, непакояць і жыхароў Івацэвіч. Усім нам хочацца жыць камфортна і, самае галоўнае, бяспечна. Але вось метады, якімі гэтага можна дасягнуць, бываюць розныя. Безумоўна, хочацца, каб усё адбывалася законна і чалавечна, без жорсткасці.
Трэба адзначыць, што праблема барацьбы з бяздомнымі жывёламі вельмі неадназначная. Сярод нашага насельніцтва ёсць як заўзятыя прыхільнікі рашучых мер, так і абаронцы гэтых чатырохлапых сяброў. І з кожнага боку – свая праўда, свае бясспрэчныя аргументы. Калі ў кагосьці напалохалі дзіця ці яго самога, або, што горш, пакусалі сабакі, то гэты чалавек, зразумела, дзвюма рукамі будзе за ліквідацыю такіх жывёл з вуліц горада. У іншага сабака – любімец у сям’і, выпадкова адвязаўся, выбег на вуліцу і трапіў як бяздомны пад адлоў. Боль, гнеў, абурэнне гэтага чалавека таксама зразумець можна. Страта любімага хатняга гадаванца пераносіцца цяжка, часам раўназначна страце члена сям’і.
Падысці да вырашэння гэтай праблемы трэба, адказаўшы на пытанне: не «чаму на вуліцах так шмат бадзяжных сабак?», а «чаму людзі выпускаюць іх на вуліцу без нагляду?» Барацьба з ростам колькасці такіх жывёл не вырашыцца датуль, пакуль мы не пачнём з сябе. Ці шмат у нашым горадзе такіх гаспадароў, якія ўтрымліваюць сваіх гадаванцаў на прывязі, у вальеры, выгульваюць на павадку і ў намордніку, як таго патрабуюць правілы ўтрымання хатніх жывёл? Сярод сабак, якія бегаюць па вуліцах, нярэдка сустракаюцца гаспадарскія. А калі сабака гуляе сам па сабе, то ён лічыцца бяздомным і ў далейшым можа трапіць у рукі супрацоўніка ЖКГ, які займаецца адловам сабак. Вырашэнне гэтай праблемы вельмі няпростае.
Тады хто можа паўплываць на нядобрасумленнае стаўленне гаспадароў да сваіх гадаванцаў? Куды звяртацца жыхарам са скаргамі на такіх нядбайных грамадзян? І якія штрафныя санкцыі прадугледжаны за неналежнае ўтрыманне хатніх жывёл? На гэтыя пытанні адказвае Алена Васількова, начальнік участка па бягучым утрыманні аб’ектаў добраўпарадкавання і рытуальных паслуг ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ»:
– Нагадаю, што згодна з артыкулам 16.30 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях грамадзяне могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл, і штраф можа скласці ад 1 да 15 базавых велічынь. Калі ж у выніку парушэння гэтых правілаў прычынена шкода здароўю людзей, то памер штрафу павялічыцца і будзе складаць ад 10 да 30 базавых велічынь. Акрамя ЖКГ складаць пратаколы за парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл упаўнаважаны органы ўнутраных спраў, сельвыканкамы, органы ветэрынарнай службы. Калі вы сталі сведкам неналежнага ўтрымання сабак або бадзяжныя сабакі ўяўляюць сабой пагрозу жыццю і здароўю людзей, можна патэлефанаваць у дыспетчар-
скую службу ЖКГ па нумары 9-18-58 або ў адзіную службу па кароткім нумары 115.
Як паведаміў Барыс Сакалоўскі, загадчык траўматалагічнага аддзялення УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ», за 2023 год ва ўстановы аховы здароўя раёна па аказанне медыцынскай дапамогі звярнуліся 122 чалавекі, якіх укусілі жывёлы, сярод іх 67 чалавек пацярпелі ад укусаў беспрытульных жывёл, а 22-ум спатрэбілася антырабічная дапамога, якая ўключае ў сябе апрацоўку і лячэнне ран, а таксама ўвя-
дзенне прафілактычнай вакцыны ад шаленства і слупняку. Каля 10 чалавек пасля ўкусаў мелі патрэбу ў шпіталізацыі. Як адзначае Барыс Веніямінавіч, у асноўным укусы былі справакаваныя: і дзеці, і дарослыя часта любяць палашчыць катоў ці сабак, узяць на рукі, а рэакцыя жывёлін, асабліва бадзяжных, можа быць непрадказальнай. Здараліся і выпадкі, калі сабакі ў прыватным двары былі не на прывязі і накідваліся на наведвальнікаў…
Мы можам доўга дыскусіраваць наконт таго, што ў нашым горадзе нічога не робіцца, каб вырашыць праблему бадзяжных сабак, адсутнічаюць прытулкі і гадавальнікі, аднак вырашэнне праблемы найперш залежыць ад нас. Перад тым, як завесці сабе чатырохногага сябра, пазнаёмцеся з правіламі ўтрымання хатніх жывёл і затым адкажыце на пытанне: а ці змагу я правільна ўтрымліваць сабаку? Трэба памятаць і, самае галоўнае, разумець, якую адказнасць бярэ на сябе чалавек, каб потым не ствараць іншым праблемы. Заводзячы сабе маленькага шчанюка, мы павінны ведаць, што ў хуткім часе гэты шчанюк вырасце ў вялікага сабаку, і няма ўпэўненасці ў тым, што ён не апынецца на вуліцы ў зграі бадзяжных сабак і не прычыніць шкоду даросламу або дзіцяці.
Надзея Берташ.

Поделиться