Чарнічны бізнес. Як ідзе нарыхтоўка ягад і ці можна зарабіць на іх сёлета?
Для кагосьці лета – пара адпачынку і падарожжаў, а для некаторых – час напружанай працы і магчымасць папоўніць уласны або сямейны бюджэт за кошт збору дароў лесу. Сёлета чарнічны сезон стартаваў раней мінулагодняга – з 15 чэрвеня ягады пачалі прымаць прыватнікі, з 21 чэрвеня да нарыхтоўкі далучылася Івацэвіцкае райста. Афіцыйных тэрмінаў збору чарніц не існуе, прыёмшчыкі арыентуюцца па тэхнічнай спеласці ягад. Зараз нарыхтоўка гэтых карысных дароў лесу ў самым разгары, і мы вырашылі пацікавіцца ў вяскоўцаў, ці ўдала сёлета ідуць чарнічныя заробкі.
Першым пунктам нашага наведвання ў панядзелак, 8 чэрвеня, стала в. Магіліцы. Апоўдні праехалі па вуліцах вёскі – амаль ні душы. Закралася думка: ці то вяскоўцы яшчэ не вярнуліся з лесу, ці то хаваюцца ў хаце ў спёку. Завіталі ў магазін райста, тут засталі і некалькіх пакупнікоў. Ветлівы прадавец з 28-гадовым стажам Людміла Русак у перапынках паміж абслугоўваннем людзей вядзе з намі размову і адзначае, што нарыхтоўка чарніц ідзе ўдала, бо сёлета добры ўраджай, ды і цану лічыць адэкватнай.
– Людзей сёння нямнога – будны дзень, але ўжо амаль 100 кілаграм чарніц мы прынялі за паўдня, – паясняе Людміла Іванаўна. – Асноўны паток здатчыкаў прыпадае на суботу і нядзелю. Многім зручна здаваць ягады нам, бо за выручаныя грошы хтосьці адразу на месцы набывае тавары.
Магіліцкі магазін Івацэвіцкага райста з пачатку нарыхтоўкі ўжо прыняў больш за дзве тоны карыснай ягады. Стартавалі з 3 рублёў 20 капеек за кілаграм, потым цана пачала павышацца, былі і пару дзён, калі трымалася на ўзроўні 5 рублёў, а ў дзень нашага візіту ўпала да 4,70 рубля. Сярод кантынгенту, што адпраўляецца ў лес на заробкі, прадавец заўважае часцей людзей працаздольнага ўзросту, дзяцей, у выхадныя да ягаднікаў далучаюцца прыезджыя. Прымае магазін і лісічкі па 7 рублёў за кілаграм, але ахвочых здаваць грыбы пакуль няма.
Падчас нашай размовы з прадаўцом у магазін прыйшла мясцовая жыхарка Жанна Гегеня з поўненькім вядром чорных ягад.
– Трапіла сягоння на добрую мясцінку, таму менш чым за тры гадзіны набрала вядро! Хто не лянуецца, той можа добра зарабіць за сезон! – дзеліцца жанчына.
Працуе яна поварам у ваеннай часці, а калі выпадае выхадны, часу дарма не марнуе. Зарабіць на чарніцах капейчыну стараецца штогод. Яе заробак у гэты дзень склаў 35 рублёў, і гэта для жанчыны неблагія грошы.
Як высветлілася, у Магіліцах здаць ягады можна ў пяці пунктах: акрамя магазіна прымае і пазаштатны нарыхтоўшчык райста на даму, а таксама тры прыёмшчыкі ад прыватнікаў. Прыватнікі, між іншым, працуюць больш гібка, павышаючы кошт у залежнасці ад прапаноў канкурэнтаў. Вырашылі наведаць і гэтыя кропкі, але вяскоўцы, пачуўшы пра наш намер, папярэджваюць – будзьце гатовы да таго, што з прэсай прыватнікі не пажадаюць размаўляць. Гэта, у прынцыпе, і пацвердзілася на справе. Па двух адрасах прыватных нарыхтоўшчыкаў мы не засталі дома: па графіку прыёмка чарніц пачынаецца з 14.00 (мы наведаліся крыху раней), і, магчыма, гаспадыні самі імкнуцца ў вольны час запасціся ягадамі, а вось у трэцім пункце прыёмшчыца аказалася дома, але ад размовы з намі ветліва адмовілася. Таму мы накіраваліся да Алены Богач, якая ўжо каля 20 гадоў у ягадны сезон працуе пазаштатным нарыхтоўшчыкам райста. Дом Алены Мікалаеўны размешчаны амаль на краі вёскі, таму і здатчыкаў у гэтым прыёмным пункце застанеш радзей. Жанчына ўспамінае былыя гады, калі зборшчыкі ягад выстройваліся ў яе двары ў чаргу, зараз такога няма і ў паміне.
– Цяперашнія нарыхтоўкі ў параўнанні з колішнімі мізэрныя, таму што сярод сучасных вяскоўцаў усё менш тых, хто жадае зарабіць на зборы ягад. Праца гэтая нялёгкая, нават калі выкарыстоўваць дазволенае прыстасаванне – камбайн. Ды і прыватны бізнес выцясняе райста, раней такой канкурэнцыі не было. Ягады сёлета добрыя, буйныя. Магчыма, каб цана была вышэйшай, то людзі былі б больш актыўныя, – дзеліцца прыёмшчыца.
Звяртаю ўвагу, што, не ведаючы адраса прыёмнага пункта, не адразу трапіш сюды, бо шыльды з дарогі не відаць, і, магчыма, варта было б размясціць яе на плоце, на што жанчына ўсміхаецца – за столькі гадоў яе нарыхтоўчы пункт ведаюць усе, а сярод здатчыкаў ёсць і пастаянныя кліенты. Алена Мікалаеўна ў мінулым настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, працавала таксама дырэктарам Магіліцкага Дома культуры і ўжо шмат гадоў шчыруе нарыхтоўшчыкам у сезон збору ягад.
– За столькі гадоў я дасканала вывучыла бухгалтэрыю, так што ніводная праверка не знойдзе хібаў, – кажа жанчына, якая праводзіць летнія дні ў чаканні здатчыкаў ягад і не расстаецца з мабільным тэлефонам, бо ў любы момант могуць патэлефанаваць з райста наконт змены цаны.
Развітаўшыся з Аленай Богач, рушым далей – на Вольку. Па дарозе сустракаем мясцовага ягадніка Леаніда, з вялікім і поўным вядром чарніц ён вяртаўся на веласіпедзе з лесу. Мужчына расказаў, што часова не працуе, таму за гэты сезон стараецца зарабіць на жыццё.
– Каб трапіць на ягаднае месца, трэба ехаць далёка за вёску, таму дарога шмат часу занімае. А трапіш туды дзе яшчэ не бывалі ягаднікі, дык вядро хутка назбіраеш, – расказвае мужчына.
Здаваць ягады ён адправіўся да пазаштатніка райста Яніны Бобрык, але вось дык незадача, там мужчыне паведамілі, што ягады ўжо не прымаюць, таму Леанід мусіў ехаць да прыватніка. Як высветлілася, мясцовая жыхарка заключыла дамову з Івацэвіцкім райста, але ягадны бізнес на даму не пайшоў – зборшчыкі ягад сюды амаль не завітвалі, таму яна вымушана была звярнуць сваю дзейнасць.
Не вельмі радасная карціна з нарыхтоўкай чарніц назіралася і ў Чамялах. Прадавец магазіна райста развяла рукамі і параіла заехаць да пазаштатнага нарыхтоўшчыка. Але і там аказалася нягуста. Прыёмшчык разгортвае сшытак з запісамі і знаёміць нас са статыстыкай.
– Бывалі дні, што і больш за 150 кг чарніц у дзень прымала, а вось сёння толькі адзін чалавек прынёс маленькае вядзерца, два кілаграмы ўсяго. Зарабіў унукам на марожанае! – кажа жанчына і дадае: – Маладыя на рабоце, а ў пажылых няма здароўя хадзіць па ягады.
Так, стан здароўя ў ягадных заробках іграе ключавую ролю, не кожны рашыцца папрацаваць у лесе ў такія гарачыя ліпеньскія дні ды ў суправаджэнні камароў, аваднёў і кляшчоў, да важных фактараў адносіцца і веданне ягадных мясцін, іх аддаленасць ад дома. Як мы высветлілі, сярод вяскоўцаў існуюць розныя меркаванні наконт цаны на чарніцы. Адны лічаць, што яна адпавядае такой нялёгкай працы, іншым хацелася б, безумоўна, больш, а некаторыя наогул лічаць, што заробленыя «капейкі» не апраўдваюць сябе. Сярод ахвочых цаніць збор чорных ягад вышэй і тыя, хто прадае іх на івацэвіцкім прадуктовым рынку ў слоіках. Так, за паўлітра чарніц жанчыны просяць 4 руб., літр ягад, а гэта, зразумела, менш чым кілаграм, можна купіць за 7-8 руб. Але ж трэба ўлічваць, што ягады ўжо перабраныя, і затрачаны зборшчыкам час на продаж.
Чарнічны сезон праходзіць для кожнага па-рознаму: ёсць патрэба зарабіць – чалавек адпраўляецца ў лес, а калі неабходна запасціся вітаміннымі дарамі для сябе, варыянты два – назбіраць чарніц самаму або патраціцца на ўжо сабраныя некім.
Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.