Ужо неаднаразова мы расказвалі вам пра Сядзібу палешука, пабудаваную ў 2022 годзе на экасцежцы «Надліўская града» ў заказніку «Выганашчанскае». І пра тое, што каля яе ствараецца музей «Астравок Палесся». Для гэтага з Горталя перавезлі хатку, якой больш за 120 гадоў. У ёй і будзе музей, зараз для яго збіраюцца экспанаты. Не сумняваемся, што адзін з іх надта зацікавіць турыстаў. Гэта дубовы човен, выраблены спецыялістам заказніка Аляксандрам Івановым з суцэльнага ствала дрэва.
Займець такі ж човен, на якім стагоддзе таму рыбачылі палешукі, было марай дырэктара заказніка «Выганашчанскае» Сяргея Габца. Аднойчы яго дачка Надзея, тэлежурналіст, здымала сюжэт пра апошніх майстроў, якія ў дасканаласці валодалі майстэрствам вырабу чаўноў. Паспрабаваў змайстраваць такі човен і Аляксандр Іваноў. Пагутарыўшы са старажыламі, пашукаўшы інфармацыю ў інтэрнэце, даведаўся пра галоўнае правіла – дно ў чоўна павінна быць тоўстым, а сценкі тонкія. Так ствараецца процівага, як у цацкі ванька-ўстанька, якая не дае чоўну перакуліцца.
– Трэба было ў ствале дуба выдзеўбці заглыбленне. Для гэтага я вырабіў інструмент – спецыяльную сякеру-долата, і арудаваў ім зімой – па вечарах, калі быў час. Дапамагалі і мае дзеці, ім было цікава, – расказвае Аляксандр. – Човен атрымаўся невялікі – тры метры ў даўжыню. У ім могуць размясціцца два чалавекі. Аднак перш чым упэўнена плысці на ім, трэба патрэніравацца, навучыцца трымаць раўнавагу. Спрыт прыходзіць з вопытам, у першы раз я сеў у човен без тэлефона ў кішэні, каб не ўтапіць гаджат, а ў другі – плыў з тэлефонам.
Каля Сядзібы палешука, добраўпарадкаванага доміка на беразе вадаёма, «прыпаркавалі» і звычайную лодку на вёслах, на якой могуць пакатацца турысты. Арандаваць домік можна за 120 руб. за суткі. Попыт ёсць, летам па выхадных сядзіба не пустуе. І хоць у ёй – восем спальных месцаў, іх не хапае. Таму ў дырэктара заказніка з’явілася ідэя задзейнічаць пад спальню гарышча будучага музея. Магчыма, гарышча ператвораць у вышкі, дзе можна будзе паспаць на сене, як маглі рабіць гэта на Палессі шмат гадоў таму.
А яшчэ на экасцежцы каля сядзібы можна ўбачыць борці – вулеі ў выглядзе выдзеўбаных калод. У заказніку вам могуць расказаць пра старажытны від пчалярства і пра многае іншае. Гэта месца, дзе сустракаюцца рэдкія віды раслін і жывёл, дзе можна пабыць сам-насам з прыродай у любую пару года, і гэта па-рознаму цікава. Прыязджайце ў заказнік «Выганашчанскае», папярэдне ўзгадніўшы візіт па тэл. 8-029-247-15-31.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота з архіва заказніка.