x
Close
Главная новость Культура Молодёжь Новости Образование Общество Последние новости

«Чым складаней конкурс, тым прыемней смак перамогі»

«Чым складаней конкурс, тым прыемней смак перамогі»
  • Опубликовано:27 мая, 2022

Так лічаць выкладчык па класе баяна Целяханскай ДШМ Анжаліка Тысевіч і яе таленавітыя вучні.

Перыяд, пачынаючы з 22 лютага і да 11 мая бягучага года, для Ульяны Абрамчук, Марыі Банчук і Паліны Арцюшэнка – вучняў па класе баяна Анжалікі Алегаўны Тысевіч Целяханскай дзіцячай школы мастацтваў – стаў сапраўдным зарападам. Яскравыя і таленавітыя дзяўчынкі змаглі заваяваць 17 разоў званні лаўрэатаў і адзін Гран-пры ў розных конкурсах інструментальнага выканальніцтва. Вучаніцы гэтага класа прынялі ўдзел у шасці конкурсах рознага ўзроўню – ад абласных да міжнародных.

– Можна было паўдзельнічаць за гэты час у большай колькасці конкурсаў, але мы вельмі ўважліва падыходзілі да іх выбару, – расказвае Анжаліка Алегаўна. – Улічваюцца складанасць творчых спаборніцтваў, статуснасць журы, куды ўваходзяць вядучыя музыканты, педагогі, дацэнты, прафесары Беларускай Акадэміі музыкі, а таксама замежныя музыканты з Расіі, Літвы, Казахстана, Малдовы, Даніі і г. д. Чым складаней конкурс, тым прыемней смак перамогі.

Падчас IV Міжнароднага конкурсу «Мой сябра – баян» (г. Гомель), які праходзіў 22-24 лютага, Паліна Арцюшэнка стала лаўрэатам 2 ступені ў сярэдняй узроставай катэгорыі, Марыя Банчук – лаўрэат 3 ступені ў малодшай узроставай катэгорыі і Ульяна Абрамчук – лаўрэат 3 ступені ў сярэдняй узроставай катэгорыі.

Конкурс шырока асвятляўся ў друку, на тэлебачанні. У рамках конкурсу праводзіліся майстар-класы, канцэрты членаў журы. Усе змаглі атрымаць шмат карыснага і набыць новыя веды і вопыт. Па выніках конкурсу пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

У наступных трох конкурсах: Першым адкрытым дыстанцыйным конкурсе баяністаў і акардэаністаў «Viva accordi», XV абласным адкрытым конкурсе «Крынiчка» (г. Баранавічы) і XIX абласным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах «Пралескi» (г. Брэст) Ульяна Абрамчук стала тройчы лаўрэатам 1 ступені, Марыя Банчук – адпаведна лаўрэатам 2 ступені, Паліна Арцюшэнка – лаўрэатам 2 ступені, 1 ступені і ў трэцім вышэй названым конкурсе – лаўрэатам 2 ступені. Пераможцы і лаўрэаты былі ўзнагароджаны сувенірамі і каштоўнымі падарункамі.

Ва ўрачыстай абстаноўцы 7 мая быў адкрыты ІХ рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва «ЛьВёнок». Арганізатарамі гэтага буйнога культурнага форуму традыцыйна з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Галоўнае ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, аддзел культуры Лідскага райвыканкама, Беларускі саюз музычных дзеячаў, Беларуская асацыяцыя духавых аркестраў і ансамбляў, Лідская дзіцячая школа мастацтваў (на базе апошняй і праходзіць фестываль-конкурс). Фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва «ЛьВёнок» (Лідскі вянок) збірае самых таленавітых дзяцей і дае пачынаючым артыстам магчымасць гучна заявіць аб сабе, раскрыць свой талент. На сённяшні дзень «Лідскі вянок» – адзін з найбуйнейшых дзіцячых музычных праектаў у нашай краіне. За час існавання яго ўдзельнікамі сталі 23,5 тысячы адораных дзяцей, ён дапамог праявіць сябе шэрагу будучых прызнаных артыстаў і выканаўцаў. 214 лаўрэатаў фестывалю-конкурсу «ЛьВёнок» адзначаны матэрыяльнай дапамогай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У ліку такіх лаўрэатаў былі не раз і целяханскія юныя музыканты. Сёлета конкурс праводзіўся ў тры этапы. Усе тры дзяўчынкі выйшлі ў фінал, і кожная ў сваёй узроставай катэгорыі змагла стаць лаўрэатам 2 ступені.

Заключным акордам гэтага навучальнага года стаў II рэспубліканскі адкрыты фестываль-конкурс класічнай музыкі «Музычны Свет». У выніку Паліна Арцюшэнка стала лаўрэатам 3 ступені, Ульяна Абрамчук – лаўрэатам 2 ступені, а Марыя Банчук змагла атрымаць званне пераможцы і ўзяла Гран-пры сярод удзельнікаў усіх узроставых катэгорый у намінацыі «Баян. Сола».

Адным з арганізатараў конкурсу з’яўляецца Установа Музей «Замкавы комплекс «Мір». Узнагароджанне і канцэрт лаўрэатаў правялі 21 мая ў Партрэтнай зале Замкавага комплексу «Мір», а таксама Марыя Банчук атрымала запрашэнне для ўдзелу ў канцэрце ў Белдзяржфілармоніі.

Дарэчы, выкладчык Анжаліка Алегаўна неаднаразова была ўзнагароджана граматамі за высокае прафесійнае майстэрства. Віншуем і жадаем поспехаў. Так трымаць!

Валянціна БОБРЫК. Фота з архіва школы.