Close
Главная новость Новости Общество Проблема

Чысціня або штраф?

Чысціня або штраф?
  • Опубликовано:20 июня, 2024

Падчас рэйду па абследаванні сектара індывідуальнай жылой забудовы выяўлены парушэнні правіл добраўпарадкавання

Некаторыя ўласнікі прыватных дамоў і ўчасткаў, прадстаўленых ім для будаўніцтва, не жадаюць падтрымліваць парадак на дваровых і прыдамавых тэрыторыях. У гэтым давялося ўпэўніцца падчас рэйду сумесна са спецыялістамі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Івацэвіцкага райвыканкама па абследаванні сектара індывідуальнай жылой забудовы па вуліцах 70 год Кастрычніка, Букшты, Грэцкага, Перамогі, Веры Харужай, Кастуся Каліноўскага, Ракасоўскага К. К., Косаўскай, Ільінічаў і інш.

Мэтай рэйдавай групы ў сераду, 12 чэрвеня, сталі пытанні навядзення парадку на зямлі, выяўленне праблемных сітуацый з далейшым прыняццем мер у адносінах да ўласнікаў недагледжаных зямельных участкаў і двароў. Неабходна адзначыць, што ў названым прыватным сектары многія домаўладанні сапраўды радуюць вока. Аднак ёсць і сядзібы, асобныя ўчасткі, за якімі ўласнікі не даглядаюць, хаця абавязаны, і аб гэтым добра ведаюць.

Першае, што кінулася ў вочы ўдзельнікам рэйду, – няскошаная трава, якая сведчыць пра тое, што на некаторыя ўчасткі даўно не ступала нага чалавека. Другая праблема – захоўванне будаўнічых матэрыялаў і адходаў, узвядзенне гаспадарчых пабудоў накшталт бытовак на тэрыторыях агульнага карыстання.

– Калі вы ўласнік, карыстальнік або арандатар прыватнага домаўладання, вы павінны ўтрымліваць у парадку і прыбіраць тэрыторыю не толькі свайго ўчастка, але і прылягаючай тэрыторыі, а яе канкрэтныя памеры вызначаны рашэннем Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта № 1380 ад 2 лістапада 2021 года «Аб прыцягненні да выканання работ па падтрыманні належнага санітарнага стану адпаведных тэрыторый». Так, падтрымліваць належны санітарны стан – скошваць расліннасць, прыбіраць смецце – грамадзяне павінны ад граніцы зямельнага ўчастка да тратуара, у выпадку яго адсутнасці – да граніцы праезнай часткі вуліцы, дарогі, па астатніх баках зямельнага ўчастка – 10 метраў або палову адлегласці разрыву да суседняга зямельнага ўчастка, – паясніў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Івацэвіцкага райвыканкама Андрэй Меляшкевіч.

Па выніках рэйду ў адрас уласнікаў накіраваны пісьмовыя паведамленні з патрабаваннямі па навядзенні належнага санітарнага стану прылягаючай і ўнутрыдваравой тэрыторыі. У выпадку, калі ўласнікі не прымуць адпаведныя меры, то ў іх адрас будуць складзеныя адміністратыўныя пратаколы, а бяздзейнасць абернецца штрафам. Згодна з артыкулам 22.10 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных парушэннях прадугледжаны штрафы ў памеры: да пяці базавых велічынь за загрувашчанне зямель агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі і іншымі прадметамі, за парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання, а таксама невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў, у тым ліку на прылеглых да прадстаўленых грамадзянам, – да 25 базавых велічынь.

Дарэчы, скласці адміністрацыйны пратакол аб парушэнні правіл добраўпарадкавання надзелены правам службовыя асобы аддзелаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва, землеўпарадкавання райвыканкама, Івацэвіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы акаляючага асяроддзя, ДУ «Івацэвіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі», ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», гарсельвыканкамаў, РАУС.

Аналагічныя рэйды па абследаванні домаўладанняў сектараў індывідуальнай забудовы як у г. Івацэвічы, так і ў раёне будуць працягнуты, таму адказныя службы прызываюць уласнікаў домаўладанняў індывідуальнай забудовы навесці парадак на ўнутрыдваравых і прылягаючых тэрыторыях, зрабіўшы пасільны ўклад у агульную справу па добраўпарадкаванні нашага горада.
Набываючы прыватную ўласнасць, не трэба забываць, што разам з ёй мы атрымліваем не толькі правы, але і абавязкі. Можна спасылацца на розныя прычыны безгаспадарчых адносінаў да сваёй уласнасці, але парадак павінен быць ва ўсім.

Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.