Да 105-годдзя з Дня заснавання падраздзяленняў крымінальнага вышуку МУС Рэспублікі Беларусь

Па выніках работы ў бягучым годзе – другія ў вобласці: каб служба была такой эфектыўнай, супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС майстэрскі наладжваюць кантакт з людзьмі, а яшчэ «дзяжураць» на тэлефоне 24 на 7.
З таго моманту, як 5 кастрычніка 1918 года стварылася Цэнтральнае ўпраўленне крымінальнага вышуку, вырасла і змянілася не адно пакаленне людзей, а разам з тым і характар злачынстваў, падыходы і схемы парушальнікаў закону. Оперупаўнаважаным трэба не толькі паспяваць за рэаліямі, а яшчэ і мысліць на перспектыву. І гэта ў іх атрымліваецца, таму сёння крымінальны вышук – адно з найбуйнейшых і аўтарытэтных падраздзяленняў МУС, якое ўжо не раз даказвала сваю эфектыўнасць.
На добрым ліку ў вобласці і наша аддзяленне крымінальнага вышуку, мы заўсёды ў лідарах, а ў бягучым годзе ўвогуле раскрывальнасць павялічылася больш чым на 10 працэнтаў. Як адзначыў начальнік аддзялення маёр міліцыі Аляксандр Кікун, за гэтай лічбай не толькі колькасць раскрытых злачынстваў і пакараных віноўнікаў, але і кагорта тых, каму супрацоўнікі рэальна дапамаглі вярнуць грошы, украдзенае аўто ці знайсці прапаўшых сваякоў… Вынікамі работы, падыходамі да фарміравання калектыву і асабістымі думкамі наконт асобай філасофіі работы ў крымінальным вышуку, дзе чакаюць толькі самых натхнёных работнікаў, з журналістам раёнкі падзяліўся Аляксандр Кікун.
– Аляксандр Уладзіміравіч, з 2019 года Вы кіруеце аддзяленнем крымі-нальнага вышуку, а прыйшлі сюды ўвогуле ў 2009-м. Раскажыце, які калектыў сёння ў адказе за крымінальны вышук у раёне і як пабудавана работа ў параўнанні з перыядам 10-гадавой даўнасці?..
– У 2008 годзе ў міліцыі я пачынаў работу з інспекцыі па справах непаўналетніх, праз год мяне запрасілі ў крымінальны вышук, і тут я адказваў ужо за крымінальныя злачынствы, здзейсненыя непаўналетнімі. У той час, ды і зараз, работа оперупаўнаважанага была прэстыжнай, я хутка ўліўся, а пасля ўзначаліў аддзяленне. Зараз наш калектыў разам са мной – гэта 12 чалавек, чатыры з якіх – старшыя оперупаўнаважаныя. Мы маем справу з катэгорыямі цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў, таму найчасцей прымаем у каманду ўжо вопытных міліцыянераў, але добра праяўляе сябе і моладзь, нашы выпускнікі Акадэміі МУС. Работа аддзялення пабудаваная па занальна-лінейным прынцыпе. Гэта значыць, што ў кожнага супрацоўніка свая зона адказнасці – гарадская, прыгарадная ці сельская, і ўвесь крымінал на замацаванай тэрыторыі за канкрэтным оперупаўнаважаным. Яшчэ ў дадатак кожны вядзе сваю лінію: маёмасныя злачынствы, злачынствы супраць асобы, пошукавую работу, лінію аўтатранспарту ці па незаконным абароце зброі і боепрыпасаў…
– І не падумаеш, што ў вас такое шырокае кола задач. Мы пачалі з таго, што час падкідвае новыя і новыя віды злачынстваў, у якіх рэаліях калектыў працуе сёння?
– Так, мы займаемся справамі, пра якія часам забываюць нават іх фігуранты. У нас ёсць лінія злачынстваў мінулых гадоў, па некаторых справах увогуле няма тэрміну даўнасці, і часта работнікі раскрываюць злачынствы з 20-гадовай гісторыяй. Як было з забойствам нованароджанага, калі труп дзіцяці знайшлі на Міхнавіцкай звалцы ў 2005 годзе, а ў 2020-м мы знайшлі віноўніцу. Але найперш мы абышлі сотні кватэр і дамоў, шукалі сведкаў, бралі аналіз сліны ў жанчын, каб знайсці патрэбны геном…
Два вялізныя тамы матэрыялаў справы сабралі супрацоўнікі, калі займаліся фактам махлярства ў асоба буйным памеры падчас таргоў на біржы. Вясной бягучага года адно з сельгаспрадпрыемстваў раёна ўмелыя махляры «развялі» на 190 тысяч рублёў. І вось вам новыя падыходы злачынцаў. Падстаўная фірма выйграла таргі на біржы, і прадпрыемства пералічыла такія грошы для пакупкі рапсавага шроту. Аказалася, што арганізатар схемы зараз у Грузіі, а яго памочнік, так званы «дроп», знойдзены ў Мінску. Памочнік атрымаў на сваё імя картку, адкрыў падстаўную фірму і кіраваўся ўказаннямі свайго кіраўніка. Наш работнік за лічаныя месяцы знайшоў віноўнікаў, хоць даказаць датычнасць у падобных схемах і аб’явіць чалавека ў вышук вельмі цяжка. Аказалася, гэтая ж фірма выйгравала таргі па ўсёй Беларусі, а выйшлі на яе мы. Яшчэ пасля падзей 2020 года ў нас з’явілася новая лінія – пратэсныя злачынствы, тут пошук віноўнікаў ускладняецца тым, што многія з іх знаходзяцца за мяжой.
– А ці часта начальнік аддзялення выязджае на месцы злачынстваў, удзельнічае ў затрыманнях?..
– Канечне, я прысутнічаю на ўсіх затрыманнях па цяжкіх ці асоба цяжкіх злачынствах, на іх у сваёй рабоце мы робім асобы ўхіл, дарэчы, з 15 здзейсненых злачынстваў гэтых катэгорый у бягучым годзе 14 ужо раскрытыя. Ніяк не скажаш, што работа аператыўнікаў кабінетная, не перабольшу, калі скажу, што ў нас кантактаў і размоў з людзьмі не менш, чым у калег-участковых. Успамінаю, як некалькі гадоў таму падчас расследавання грабяжу кватэры прадпрымальніка па вул. Чкалава мы абышлі пад сотню кватэр, ледзь ці не паўмікрараёна, і менавіта дзякуючы пільным людзям знайшлі віноўніка. Акрамя таго, оперупаўнаважаныя дзяжураць у складзе следча-аператыўных груп, а яшчэ яны 24 на 7 трымаюць мабільнікі каля сябе, бо нават ноччу можа ўзнікнуць неабходнасць выехаць на месца.
– Якія хітрасці зараз выкарыстоўваюць злачынцы і што ў XXI стагоддзі спрашчае работу аператыўнікам?
– Мы толькі-толькі прывучылі людзей не размаўляць з «прадстаўнікамі банкаў» па Вайберы ці з «даішнікамі», якія за грошы абяцаюць пазбавіць адказнасці за здзейсненае ДТЗ. На змену ім прыйшлі махлярскія электронныя таргі і вымаганні з пагрозай распаўсю-дзіць інтымныя фота. Так, з’яўляюцца заявы ад маладых людзей, што пачынаюць перапіску на сайтах знаёмстваў, шлюць па просьбе новых сяброў свае інтымныя фота. Пасля такія новыя «каханкі» вымагаюць немалыя грошы, пагражаючы адправіць фота «гуляць» у сацсеткі… А работу нам значна спрасцілі сучасныя праграмы, дзякуючы якім мы можам аднаўляць даўно выдаленыя файлы і многае іншае, а яшчэ
Рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі, дзякуючы ёй у тым ліку і ў нашым раёне з’явіліся сотні відэакамер. Цяпер літаральна за гадзіну мы можам знайсці скрадзенае аўто. У 2023-м у раёне было тры крадзяжы, і ўсе машыны знойдзеныя, як знойдзеныя і 10 з 12 украдзеных мабільнікаў. Увогуле сёлета назіраецца зніжэнне колькасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку са 189 мінулагодніх да 166 за дзевяць месяцаў бягучага. 60 са 111 крадзяжоў ужо раскрытыя, і гэта на 8 % больш, чым у мінулым годзе. Усе пяць здзейсненых грабяжоў таксама раскрытыя, знойдзеныя 12 з 18 злачынцаў.
– Каму падзякуеце напярэдадні прафесійнага свята? І які сакрэт поспеху ў нашага аддзялення крымінальнага вышуку?
– У сувязі з юбілейнай датай высокай дзяржаўнай узнагароды – медаля «За бездакорную службу» – удастоены оперупаўнаважаны Сяргей Кот. Граматамі МУС Рэспублікі Беларусь узнагароджаныя старшыя оперупаўнаважаныя Іван Калтуневіч і Васілій Арцюшэня. А ўвогуле падзякі і добрага слова заслугоўвае сёння ўвесь калектыў: прафесійны, дружны, цікаўны да работы. Не магу не ўспомніць былых кіраўнікоў аддзялення: нашага ветэрана Аляксандра Глушэню, Ігара Паўшко і майго непасрэднага першага кіраўніка Андрэя Бурдзя, зараз ён узначальвае Ляхавіцкі РАУС. А сакрэт рэзультатыўнасці аддзялення ў прафесіяналізме работнікаў і ў свядомасці нашых людзей, яны вельмі дапамагаюць у раскрыцці злачынстваў, але і доля пэўнага шанцавання неабходная ва ўсіх справах і ў нашай таксама.
Працягнуў дынастыю міліцыянераў у сям’і
Не па клічы сэрца – хутчэй па парадзе бацькі-міліцыянера Васілія Канстанцінавіча 19 гадоў таму оперупаўнаважаны Сяргей Кот прыйшоў у райаддзел унутраных спраў. Прыкладам для юнака была яшчэ бездакорная служба дзядулі Канстанціна Мітрафанавіча – былы партызан і ўдзельнік атрада імя Дзімітрава таксама быў міліцыянерам пасля вайны. Падвесці сям’ю Сяргей Кот не мог, хоць шлях да званняў і пасад у яго быў няпросты.
Ён пачынаў з вартаўніка ў ахове, пасля быў міліцыянерам патрульна-паставой службы, а з 2005 па 2015 год – участковым на Быценшчыне. Калі стала зразумела, што служба – гэта справа жыцця, а не часовы выбар, Сяргей Васільевіч пайшоў вучыцца: спачатку атрымаў юрыдычную адукацыю ў Баранавіцкім каледжы, далей скончыў Брэсцкі ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. З пасады памочніка дзяжурнага райаддзела ў 2015-м ён прыйшоў у аддзяленне крымінальнага вышуку. Зараз капітан міліцыі працуе на добра знаёмым Быценскім участку і курыруе лінію крадзяжоў металалому:
– Лінія з’явілася ў 2019 годзе, калі металалом па краіне пачалі красці масава, – расказвае Сяргей Кот. – Гэтая лінія, можа, і здаецца простай, але знайсці вінаватых бывае вельмі цяжка. Метал крадуць найчасцей з дач ці нежылых дамоў, і хваля заяў з’яўляецца вясной, у пачатку дачнага сезона. А сам крадзеж мог адбыцца восенню ці зімой, паспрабуй тут знайсці канцы… Так, у мінулым годзе з 23 крадзяжоў металалому раскрыта 13 спраў, у гэтым – пакуль тры з 11 спраў. Работа ў крымінальным вышуку складаная, але цікавая, ніколі не ведаеш, чаго чакаць. У гэтым годзе самым запамі-
нальным і маральна складаным для мяне быў выезд на забойства ў Святую Волю. У складзе аператыўна-дзяжурнай групы я ехаў на пошукі прапаўшай без весткі, так заяўлялі родныя забітай, а ў выніку ўбачыў труп і надзеў наручнікі на падазраваемага…
Сям’я Сяргея Ката з разуменнем ставіцца да работы таты, жонка Таццяна і дзеці чакаюць яго дадому жывым і здаровым, а вось сыну мой суразмоўца не будзе перашкаджаць ісці працаваць у міліцыю, калі ў таго з’явіцца пэўнае жаданне. Сяргей Васільевіч упэўнены: бацька
ганарыцца дынастыяй. Хто ведае, можа, хутка ў Івацэвіцкім РАУС будзе служыць чацвёрты годны прадстаўнік сям’і.
Шукаюць і знаходзяць прапаўшых нават праз гады!
У дзень размовы старшы оперупаўнаважаны Дзмітрый Куцко нават спазніўся на калектыўнае фота – званілі калегі з Расіі: жанчына, якая знаходзіцца ў вышуку, набыла білеты з аднаго расійскага горада ў другі… Паездку ёй давялося адмяніць, па ўсёй бачнасці…
Дзмітрый Куцко яшчэ падчас вучобы ў Акадэміі МУС РБ вырашыў, што пойдзе працаваць толькі ў крымінальны вышук, і пасля практыкі ў нашым райаддзеле з лёгкасцю ўнік у работу. Некалькі гадоў оперупаўнаважаны курыраваў Целяханскую зону, а з 2018 года разам з калегам Дзянісам Сагановічам працуе ў групе пошукавай работы. Два маладыя оперупаўнаважаныя займаюцца пошукам прапаўшых без весткі, абвінавачваемых і даўжнікоў. Вынікі работы гэтага тандэма, трэба казаць, выдатныя:
– У пошуку на сённяшні дзень 20 без весткі прапаўшых, тэрміну даўнасці тут няма,
адзін чалавек, да прыкладу, у вышуку з 2001 года, – гаворыць Дзмітрый. – Больш за месяц, другую палову жніўня і ў верасні, мы актыўна шукалі па лесе 83-гадовую бабулю, якая пайшла па грыбы ў Вуглах. Канечне, у першыя дні, калі шансаў знайсці чалавека жывым і здаровым найбольш, мы кідаем на пошукі ўсе сілы: нам дапамагаюць выратавальнікі, пошукавыя атрады, ваенныя, родныя і аднавяскоўцы… Аднаго юнака, выхаванца Целяханскай школы-інтэрната, мы знайшлі дзякуючы нераўнадушнаму вяскоўцу, які, дарэчы, у сацсетках «ІВ» убачыў фота хлопчыка і прызнаў яго ў прахожым.
На 1 кастрычніка 18 злачынцаў аб’яўлены у вышук. 13 парушальнікаў былі знойдзеныя (сярод іх і тыя, што аб’яўленыя ў вышук раней). Шасцёра злачынцаў – гэта парушальнікі па лініі пратэснага напрамку, іх месцы знаходжання вядомыя, але магчымасці прыцягнуць да адказнасці пакуль няма. 14 даўжнікоў былі ў вышуку на сённяшні дзень, 11 з іх ужо знойдзеныя. Як бачна, нашы аператыўнікі ўмеюць шукаць і знаходзіць, а яшчэ і Дзмітрый Куцко, і Дзяніс Сагановіч сваю работу лічаць вельмі важнай і важкай, не згадзіцца з гэтым нельга.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.