Трында Мікалай Фёдаравіч нарадзіўся 24 лютага 1904 года ў мястэчку Косава Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сям’і рабочага. Мікалай быў сям’і самым малодшым з пяцярых дзяцей. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я падалася ў бежанства. Жылі ў сяле Пакроўскім, што ў Разанскай губерні. У гэтым сяле ж Мікалай атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю. Тут жа ў гэтым сяле ў 1920 годзе памірае маці Мікалая. Бацька вырашыў вярнуцца на радзіму, у Косава. Забраў з сабой сыноў Антона і Мікалая. Сястра Ганна засталася ў Расіі.
На Радзіму, якая ў 1920 г. апынулася пад польскай уладай, вяртаюцца ў 1921 годзе. Мікалай Трында працуе і навучаецца пячной справе. У 1925 годзе ўступае ў камсамол і ў хуткім часе становіцца сакратаром падпольных арганізацый Косаўскага райкама камсамола і райкама КПЗБ пад партыйным псеўданімам “Майскі”. Быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў Косаўскай палітычнай дэманстрацыі 3 лютага 1927 года ў абарону Беларускай сялянска-рабочай Грамады.
26 лютага 1928 года Мікалая Трынду арыштавалі. У наступным годзе адбыўся суд. Разам з ім былі асуджаныя польскімі ўладамі і сорак яго таварышаў за камуністычную дзейнасць. Адбываў тэрмін у зняволенні ў Гродне, Ракавічах. У турме выкладаў зняволеным матэматыку, вучыўся сам. Браў удзел у сямідзённай галадоўцы ў знак пратэсту супраць здзекаў з палітычных вязняў. У 1935 годзе Мікалай выйшаў на волю і зноў заняўся рэвалюцыйнай працай. Па распараджэнні Палескага ваяводы ў 1936 г.быў арыштаваны. Патрыёта заключылі ў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. Сюды ён трапіў за тое, што адмовіўся падпісаць “дэкларацыю” (абавязацельства) не ўдзельнічаць у рэвалюцыйнай барацьбе. У турме яго пазбавілі перадач, грашовых пераводаў і перапіскі. Нягледзячы на суровае, поўнае цяжкасцей турэмнае жыццё, Мікалай не мог дапусціць здзекаў над сабой. Ён аб’явіў сямідзённую галадоўку і дабіўся права не быць падстрыжаным пад арыштанта і насіць свой касцюм.Тут ён правёў 14 цяжкіх месяцаў.
У 1937 годзе Мікалай Трында перазждае ў Варшаву, дзе працуе на шкляным заводзе. У верасні 1939 года вяртаецца ў Косава, дзе быў прызначаны старшынёй прамысловага аддзела. Затым Мікалая Трынду пераводзяць у горад Высокае на іншую гаспадарчую працу.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ён вяртаецца ў Косава. Пад выглядам скупкі тытуню хадзіў па вёсках, ствараў антыфашысцкія ячэйкі. Так з’явіліся антыфашысцкія ячэйкі ў вёсках Скураты, Белавічы, Куляшы, Няхачава, Харошча. У першы год вайны Мікалай Трында арганізоўвае і ўзначальвае Косаўскі раённы антыфашысцкі камітэт, пад кіраўніцтвам якога сфарміравана тры партызанскія атрады. Члены камітэта збіралі зброю для партызанскіх атрадаў, вялі агітацыю сярод воінаў Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў палоне, распаўсюджвалі ўлёткі і зводкі Саўінфармбюро. Дапамагае арганізоўваць партызанскі атрад імя Георгія Дзімітрава. Баявая дзейнасць атрада праходзіла на тэрыторыі Косаўскага, Ружанскага і Бярозаўскага раёнаў.
Мікалай Фёдаравіч Трында прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы разгрому варожага гарнізона ў Косава, у складанні плана гарнізона. Сам асабіста ўдзельнічаў у разгроме гарнізона ў Косава.1 лістапада 1943 года прымаў удзел у баі каля вёскі Бялавічы. У жніўні 1943 года Мікалай Трында стаў членам Брэсцкага антыфашысцкага камітэта. Але яго “штаб-кватэрай” заставалася зямлянка ў Гута-Міхалінскім лесе. За перыяд дзейнасці ў партызанскім атрадзе Мікалая ўзнагародзілі партызанскім медалём I ступені, ордэнамі Чырвонай Зоркі і Баявога Чырвонага Сцяга.
10 мая 1944 года незадоўга да вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мікалай Трында з Партызанам Уладзімірам Палешчуком знаходзіліся ў вёсцы Харошча. Тут яны праводзілі гутаркі з вяскоўцамі. Уначы не змаглі вярнуцца ў атрад. На наступны дзень у вёску наляцелі конныя паліцаі з Косава. Схавацца было немагчыма. Іх заўважылі адразу. Завязаўся бой. Уладзіміра Палешчука забілі адразу. Мікалай доўга адстрэльваўся. Параненага, амаль беспрытомнага, яго схапілі паліцаі і жорстка забілі.
У 1965 годзе рашэннем выканкама Косаўскага гарсавета вуліца Надрэчная перайменавана ў вуліцу імя Мікалая Трынды, на доме, у якім ён жыў і працаваў, усталявалі мемарыяльную дошку.
Сяргей Маслоўскі, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака.