Дарыць людзям радасць: загадчыцы аўтаклуба Алене Цыбульскай – 55

Сёння свой 55-гадовы юбілей адзначае жанчына, якую рады бачыць ці не ў кожным куточку нашага раёна. Алена Цыбульская амаль 15 гадоў загадвае аўтаклубам ДУК «Івацэвіцкая раённай клубная сетка», і сёлета адзначана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – за шматгадовую актыўную творчую дзейнасць, высокі ўзровень прафесійнага майстэрства і ў сувязі з Днём работнікаў культуры. Гэта заслужаная ўзнагарода. Кажу, як чалавек, які бачыў Алену Васільеўну ў справе – яна сапраўды ўмее дарыць радасць, быць уважлівай да простых людзей і шчыра любіць тое, чым займаецца. І неаднойчы ў мяне прасілі праз газету напісаць ёй падзяку за выдатна праведзеныя святы вёсак. Клуб на колах не паспяваў вярнуцца ў райцэнтр, а вяскоўцы ўжо чакалі новай сустрэчы.
Алена Васільеўна нарадзілася ў г. Ургенч ва Узбекскай ССР. Дзяўчынцы споўніўся год, калі яе сям’я пераехала ў Івацэвічы, адкуль быў родам бацька. Яна помніць горад зусім іншым. Хадзіла ў садок, што некалі быў на вул. Паштовай (цяпер там гандлёвы цэнтр), там смачна гатавалі і заўжды было весела. Вучылася ў сярэдняй школе №2 (цяпер ліцэй) – і вучылася добра. Бацькі разышліся, калі Алене было чатыры, гадавала яе мама і айчым, якому надта ўдзячная за выхаванне.
Свавольніца, улюбёная ў кнігі
Якой яна была ў дзяцінстве? Дапытлівай, непаседлівай, модніцай (мяняла сукенкі па чатыры разы на дзень). Выступаць перад публікай любіла з ранняга дзяцінства. На сцэне – з чатырох гадоў, а ў 7-8 ужо арганізоўвала канцэрты, была відавочным лідарам. Наведвала ўсе магчымыя творчыя гурткі ў Доме піянераў і вельмі любіла чытаць – гатова была жыць у бібліятэцы, якая размяшчалася ў тым жа будынку. Мама прыходзіла з начной змены (працавала на льнозаводзе), а дачушка яе – з кнігай. А ў бібліятэцы былі песеннікі з тэкстамі песень Ратару, Пугачовай, Баярскага, Нікалаева… Алена перапісвала іх ад рукі, і дома, і на каруселях за цяперашнім ваенгандлем у яе з сяброўкамі былі рэпетыцыі. У бацькоў была і радыёла са стосам пласцінак, слухала і таксама перапісвала тэксты. Пасля рэпетыцый – канцэрт, прама ў двары. Алена брала ў рукі скакалку – яе ручка была мікрафонам, віталася з публікай, прадстаўляла артыстаў і вяла канцэрт па сцэнарыі, які прыдумвала сама. Прадавалі нават білецікі – браць плату прапанавалі дарослыя, суседзі. А за выручаныя грошы дзеці куплялі сабе піражкі ў сталоўцы (цяпер «Крыніца»). Да гэтай пары помніць іх водар і смак. А яшчэ Алена з сябрамі дома ставіла лялечныя спектаклі, пісала вершы з трэцяга класа, вяла дзённікі.
Яна была актывісткай ва ўсім і амаль не мела вольнага часу. А яшчэ адным захапленнем быў спорт – бегала на доўгія дыстанцыі, удзельнічала ў спаборніцтвах і брала прызавыя месцы. Сябравала з хлопцамі, а на крыўду магла адказаць з прымяненнем фізічнай сілы. І яшчэ надта любіла хакей і футбол, ведала ўсе саставы каманд. Аднойчы напісала пісьмо футбалісту Андрэю Зыгмантовічу ў Маскву і атрымала адказ («мне зайздросцілі ўсе!»). Карацей, была свавольніцай, гарэзай – «аблазіла ўсе Івацэвічы». І надта хацелася ёй вучыцца музыцы, некалькі разоў пакідала і вярталася ў музыкальную школу. Толькі бацькі не маглі купіць фартэпіяна – каштавала дорага, 780 руб. І цяпер суразмоўца шкадуе, што музычнай адукацыі так і не атрымала.
Пакручасты шлях да прафесіі
Неўзабаве наступіла паўналецце, час выбіраць справу ўсяго жыцця. Маці хацела, каб вучылася дачка ў Расіі, на яе радзіме, і дапамагала заадно сваёй 95-гадовай бабулі. Таму Алена ў 1985 годзе паступала ў Курскі педінстытут на факультэт замежных моў (ёй надта добра давалася англійская), іспыты здала добра. Але, як гэта часта бывае ў жыцці, дарога раптам зрабіла круты віраж. На факультэце замест англійскай мовы профільнай робяць нямецкую, якую Алена «на дух не переносила». Сказалі, што перакладчыкамі выпускнікам не быць – быць настаўнікамі ў вясковых школах, а гэта было не па душы. І проста захацелася дзяўчыне дахаты, на вяселле брата. І яна пакінула ўсё – і ірванула ў Івацэвічы. Гэта ж такая далеч! Ехала праз Смаленск. Дабіралася з прыгодамі, з перасадкамі, а не так, як планавала бабуля, якая дала роўна столькі капеечак, колькі было патрэбна на білет ды гарбату ў цягніку. А ў выніку 40 капеек не хапіла, каб дабрацца дадому, іх на вакзале дзяўчыне даў нейкі добры чалавек. Такім было вяртанне. На вяселле спазнілася, на паступленне ў ВНУ спазнілася. І адвучылася ў выніку ў вучылішчы на кінамеханіка, была ў навучальнай установе камсаргам. У 1986 годзе пачала працаваць у Даманаўскім СДК на кінаўстаноўцы 8/6. У гэты час выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок. Затым перайшла працаваць кінамеханікам у кінатэатр «Партызан», пасля сеансаў была дыджэем, яшчэ вяла там работу з дзецьмі і моладдзю, а пазней стала дырэктарам Воленскага СДК і кіравала ў ім з 2001 года. А ў 2008-м стала загадчыцай аўтаклуба.
Акурат была на сесіі (атрымлівала адукацыю па спецыяльнасці), калі патэлефанавала былы начальнік аддзела культуры Л. М. Фосцікава і паставіла перад фактам: «На цябе падпісаны загад, ты загадчыца аўтаклуба, думай, як і што будзеш далей рабіць». Алена Васільеўна не разгубілася, наладзіла работу са старшынямі сельсаветаў, старастамі вёсак – і справа пайшла. Раней такой установы, як аўтаклуб, у раёне не было, Алена Васільеўна першапраходзец, яна сама прыдумала, як гэта ўсё павінна выглядаць. Хутка пацягнуліся да нас з другіх раёнаў вобласці – за вопытам, за напрацоўкамі, прыязджалі на майстар-класы.
Першыя гады работы ў аўтаклубе супалі з трагічнымі падзеямі, калі з жыцця адзін за адным пайшлі родныя людзі. Няпросты было ўсміхацца на мерапрыемствах, калі ад гора была чарней за зямлю. Але ўсё, што не забівае, робіць нас мацнейшымі, кажа суразмоўца, якой прыйшлося падняцца на ногі і зноў стаць сонцам для людзей.
«Нельга недадаць эмоцый, зрабіць абы-як»
Якія сёння вёскі? У іх шмат пажылых людзей. І здаецца, што ўсіх сваіх «бабулечек-красотулечек», «дедулечек-симпатюлечек» (так яна іх называе) Алена Васільеўна ведае пайменна. Неяк назірала, як на свяце вёскі ў Юкавічах яна бегла насустрач жанчыне, якую везлі ў інваліднай калясцы, і тая цягнула да яе рукі так, быццам рыхтуецца абняць родную дачку. «Чаму вас так любяць вяскоўцы? У чым сакрэт?» – пытаюся.
– Сакрэту тут асаблівага няма. Ён у адкрытасці, у прастаце, у душэўнасці, у добразычлівасці. «Люблю, цалую, ваша Лена», – так кажу часта. Я іх Лена, хоць і называюць мяне найчасцей Васільеўна, – расказвае жанчына. – Даў мне Бог яшчэ з дзяцінства любіць, паважаць старэйшых. Стараюся ўсміхацца заўжды, што б ні было на душы. Хоць прызнаюся, што быў час, калі нават балюча было працаваць у аўтаклубе – не з-за асабістага. Стала заўважаць, як пасля некалькіх хваль пандэміі перастала сустракаць у вёсках знаёмыя твары. Раней я магла прывезці ноўтбук і паказаць бабулі Мані, што яна і ў мінулым годзе прыходзіла на свята вёскі ў той жа хустачцы, я гэта помню, і фотаздымак ёсць. А цяпер прыязджаеш – і няма бабы Мані, і іншых бабуль і дзядуль, з якімі мы былі не чужымі. Добра, калі забіраюць іх дзеці, тады цёпла, і я праз сваякоў, бывае, падтрымліваю з імі сувязь. Але ж многія памерлі. І мне балюча. Іншы раз думаеш, мо я ў апошні раз дару людзям радасць, дык нельга недадаць эмоцый, зрабіць абы-як.
Алену Цыбульскую называюць і чалавек-свята, і душа кампаніі. Некалі спявала яна ў «Спадчыне», і ў сцэнках удзельнічала, гумарыла, яна валанцёр Чырвонага Крыжа. Была вядучай многіх мерапрыемстваў. Некалі па сумяшчальніцтве працавала культарганізатарам у папраўчай калоніі № 5.
– Сярод тых, хто за кратамі, ёсць таленавітыя людзі, старалася разгледзець іх таленты. З супрацоўнікамі калоній сувязей не губляю, я з імі разам падчас многіх патрыятычных акцый, і, жартуючы, яны называюць мяне і сяржант Цыбуля, і Кацюша, – расказвае Алена Васільеўна. – Так атрымалася, што праз сваю дзейнасць нажыла праблемы з голасам, доктар сказаў: «Трэба берагчы галасавыя звязкі, з чатырох гадоў на сцэне – гэта вам не жартачкі». Таму цяпер актыўнасці менш. Але працую самааддана. Можа, мяне і шмат, надта кантралюю працэс падчас мерапрыемстваў, якія сама вяду, але гэта ад таго, што адчуваю адказнасць за якасць таго, што мы робім.
А хто гэта – мы? Аўтаклуб сёння – сама Алена Васільеўна, баяніст-віртуоз Людміла Палонская, а таксама аматарскае аб’яднанне аўтаклуба «Час і мы», створанае ў 2016 годзе. Лёгка стала працаваць: адзін у полі не воін, а цяпер ёсць свой калектыў, ёсць напрацоўкі, патэнцыял і апаратура, што важна. І аўтаклуб возіць у вёскі творчыя калектывы сельскіх Дамоў культуры, самадзейных артыстаў, паэтаў. Жыхары вёсак у захапленні. Шмат дзе няма клубаў, а хочацца і танчыць, і спяваць, і сустрэцца з аднавяскоўцамі на ўрачыстасцях.
Усім Алена Васільеўна дзякуе за падтрымку – свайму кіраўніцтву, мясцовым уладам, старастам вёсак, службам, з якімі наладжана супрацоўніцтва, свайму актыўнаму калектыву, людзям, якія яе любяць. Яна будзе прадаўжаць жыць творча, пакуль будуць сілы і імпэт. А яшчэ яна дзякуе Богу – за тое, што дапамог знайсці сваё месца жыцці, быць карыснай, патрэбнай людзям. Дома лад, дачка Таня падарыла ёй ужо двух унучкаў – Ваню і Мішу, для якіх бабуля ў сшытак запісвае свае мемуары. Упэўнена: ім будзе пра што ў тым сшытку пачытаць.
Са святам, Алена Васільеўна, і толькі светлых ды сонечных дзён наперадзе.
Я за все благодарна годам
Я за всё благодарна годам:
Не легки, но прожиты достойно.
Пусть удача не шла по пятам,
Были взлёты, паденья, подъёмы…
Помню детство, и юность, и зрелость.
День хороший, за ним – день плохой.
Но за всё благодарна Вселенной,
И не надо судьбы мне другой!
Жизнь учила всему понемногу
И испытывала меня.
Научила быть стойкой и сильной,
Никого ни за что не виня.
Юбилей вот уже на пороге.
Слава Богу – за каждый денёк!
Две пятерки – не мало, не много,
Просто цифры, и просто итог:
Я за все благодарна годам,
И за боль, и за радость – вдвойне.
Я люблю свою жизнь, я нужна,
Дарю лучшее всем на земле.
Елена Цыбульская
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара.