«Даведзены план мы выканаем, аднак некаторыя арганізацыі пакуль яшчэ з нулямі па пэўных відах адходаў»

З 20 лістапада ў раёне пачаўся месячнік па зборы (нарыхтоўцы) другасных матэрыяльных рэсурсаў. У многіх арганізацый ёсць час і магчымасць падцягнуцца па пэўных відах сыравіны, бо планы даведзеныя да ўсіх. У раёне тры аператары па нарыхтоўцы ДМР: гэта Івацэвіцкае райспажыўтаварыства, ААТ «Белрэсурсы» і ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ». Згодна з планам, камунальнікам трэба сабраць 460 тон другаснай сыравіны – паперы і кардону, шкла, палімерных адходаў, шын, бытавой тэхнікі, адпрацаваных масел. Прыём сыравіны арганізаваны ў сямі стацыянарных пунктах і ў адным перасовачным, штодзённа ў светлы час сутак змешаныя адходы прымаюць на палігоне цвёрдых камунальных адходаў г. Івацэвічы, гэта, дарэчы, новаўвядзенне, аб ім мы яшчэ раскажам.
Адным словам, здаць сыравіну сёння так проста, няма ніякіх перашкод для гэтага, аднак да выканання планаў па некаторых відах сыравіны пэўныя арганізацыі нават не прыступілі. Аб тым, як ідзе нарыхтоўка, як яна арганізаваная і чаму так важна збіраць і перапрацоўваць другасную сыравіну, мы пагаварылі з дырэктарам ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Людмілай Ільянковай, якая з 19 верасня стала дырэктарам і з’яўляецца на сёння адзінай жанчынай-кіраўніком жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў вобласці.
– Людміла Фёдараўна, гэта наша першая сустрэча з моманту Вашага павышэння, віншую, і адразу спытаюся пра адчуванні ў новай ролі, з якімі пытаннямі ўжо давялося сутыкнуцца ў якасці кіраўніка?
– Дзякую. У сістэме ЖКГ я з 2001 года, 13 гадоў была намеснікам дырэктара па эканоміцы, я тут як рыба ў вадзе, аднак у ліпені (Людміла Ільянкова спачатку была в. а. дырэктара. – аўт.) я стала вывучаць усе пытанні з іншага – практычнага боку. Паставіла мэту аб’ехаць са спецыялістамі ўсе аб’екты, каб ведаць усё прадметна. З калектывам у 650 чалавек гаварыла шчыра – я заўсёды была патрабавальнай да сябе і да калег, люблю парадак і своечасовасць. У астатнім нічога не змянілася, працуем адной камандай, каб у раёне было камфортна жыць. Так, на жаночыя плечы лёг няпросты пласт работы, калегі дапамагаюць. Летам усе разам мы, лічу, добра падрыхтавалі горад да дзяржаўных святаў, пасля вытрымалі экзамен на гатоўнасць да ацяпляльнага сезона, правялі тэрмінова рамонт дахаў, адны з першых у вобласці ў пачатку верасня ўжо былі поўнасцю гатовыя да запуску сістэм…
– Якія лічбы па зборы другаснай сыравіны вы маеце сёння? І на што прыходзіцца найбольшая ўдзельная вага ў аб’ёме нарыхтоўкі?
– У тым, што даведзены гаспадарцы план мы выканаем, я ўпэўнена, на некаторых пазіцыях мы ўжо спрацавалі добра нават па выніках на 1 лістапада. З неабходных 115 тон паперы і кардону маем ужо 253,1 тоны, пры плане у 70 тон палімеру сабрана ўжо 96,8 тоны. Амаль выканалі паказчыкі па шклу – 268,6 тоны з неабходных 270-ці шкла і 9 тон адходаў бытавой тэхнікі з патрэбных 10 тон. Найбольшая вага выпадае традыцыйна на паперу і шкло, аднак палімеры займаюць найбольшы аб’ём. Так, для рэалізацыі дзяржаўных праграм мы ў тым ліку ствараем усе ўмовы, каб здаць другасную сыравіну было проста і лёгка, зроблена ўсё магчымае і для раздзельнага збору смецця. Сёння па раёне на кантэйнерных пляцоўках жылых дамоў, на тэрыторыях прадпрыемстваў і арганізацый устаноўленыя кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. З 510 кантэйнераў 359 прызначаныя для змешанага смецця, 84 – для збору палімераў, 63 – для шкла, 4 – для паперы і кардону. За студзень-кастрычнік праз лінію сарціроўкі ў Міхнавічах прапушчана 2749,8 тоны цвёрдых камунальных адходаў. 133 тоны – раздзельна сабраных адходаў, якія выгружае спецыяльная машына, і з гэтага смецця мы здабылі 197,3 тоны другаснай сыравіны. Лічу, гэта нямала.
– Колькі прыёмных пунктаў у вас працуе і дзе можна знайсці інфармацыю з кантактамі і графікам работы?
– Працуюць сем стацыянарных пунктаў, тры – у Івацэвічах, два пункты ў Целяханах і па адным у Косаве і Быцені. З нядаўняга часу з’явілася магчымасць здаць цвёрдыя камунальныя адходы ў службовым памяшканні на нашым палігоне. Там дзяжураць вартаўнікі, яны ў светлы час сутак могуць прыняць смецце. Удала ўжо восьмы год у гаспадарцы працуе перасовачны прыёмны пункт. Нашу ГАЗель на сяле чакаюць не менш, чым тую ж аўталаўку. Машына курсіруе і па горадзе, аднак на сяле магчымасцю здаць шкло ці стары тэлевізар і на месцы атрымаць грошы карыстаюц-
ца найчасцей. Зноў жа на 1 лістапада наш перасовачны пункт закупіў у насельніцтва 19,2 тоны паперы і кардону, 13,8 тоны шклу, 5,4 тоны пластыку і 1,5 тоны бытавой тэхнікі. Адрасы і графікі ўсіх пунктаў ёсць на сайце Івацэвіцкай ЖКГ – www.ivc.by, такую інфармацыю мы друкуем на жыроўках, даём рэкламу ў райгазету, размяшчаем аб’явы на магазінах і ў будынках сельвыканкамаў.
– План амаль выкананы ў многім дзякуючы насельніцтву, аднак ёсць арганізацыі, якім таксама даведзеныя пэўныя аб’ёмы па здачы, а ў графах – нулі…
– Так, у нас свой план, а ў кожнай арганізацыі свой. Месячнік па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў, які працягнецца да 20 снежня, дапаможа некаторым разварушыцца. Так, ёсць сельгаспрадпрыемствы, якія не здалі ні адной адпрацаванай шыны, і будаўнічыя арганізацыі з вялікімі аўтапаркамі, якія не здалі ні літра адпрацаванага масла, такі падыход лічу няправільным. У рэшце рэшт, абарот другаснай сыравіны напрамую звязаны з рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў і аховай навакольнага асяроддзя, прымяненне другаснай сыравіны дазваляе нам эканоміць драўніну, прыродны газ, знізіць спажыванне электраэнергіі. А пры такой устойлівай тэндэнцыі па павелічэнні колькасці смецця гэта вельмі важна, бо як бы банальна гэта ні гучала, але нашы палігоны і планета зямля не рызінавыя… Аднак завяршыць размову хочацца на прыемнай ноце, добрыя лічбы па здачы паперы і кардону ў ААТ «Косаўскае МВА» і Цэнтральнай раённай аптэкі № 9, амаль выканалі план па пластыку ААТ «Падстарынь» і СВУ «Даманава».
– Дзякую за размову.
Гутарыла Наталля ГЕРБЕДЗЬ.