«Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!»

З надыходам Каляд у нашым грамадстве зноў ажывае цікавасць да старадаўніх традыцый. Цыкл святочных дзён, які пачынаецца са з’яўлення першай зоркі на небе напярэдадні Раства Хрыстова і заканчваецца 19 студзеня Вадохрышчам, па-асабліваму аб’ядноўвае людзей і нагадвае пра важнасць сямейных і духоўных каштоўнасцяў.
І ў бліжэйшыя дні кожны, хто пажадае звярнуцца да сваіх каранёў, бадай, прыгадае цікавую традыцыю святкаваць Новы год двойчы і адзначыць 13 студзеня не толькі Стары Новы год, а і Шчадрэц! Ён жа – Шчодрык, Шчадруха, Шчодры вечар, Багатая куцця. Словам, сапраўднае народнае свята!
Беражліва захоўвае традыцыі, якімі багаты гэты святочны перыяд, народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Каланянка» Амяльнянскага сельскага Дома культуры. На днях калектыў падзяліўся з намі асаблівасцямі святкавання Калядаў. Але для пачатку некалькі слоў аб ансамблі.
Сёлета споўніцца 50 гадоў, як «Каланянка» збірае і папулярызуе песенныя традыцыі. Спачатку ансамбль складаўся толькі з жыхароў в. Коланск. Цягам часу па пэўных жыццёвых абставінах ён часткова змяняў састаў, таму і «геаграфія» яго ўдзельнікаў выйшла па-за межы вёскі, цяпер да яго далучыліся жыхары Амяльной, Гліннай, Целяханаў і Краглевічаў – усіх 10 чалавек. Ды нязменнай ужо паўвека застаецца любоў «Каланянкі» да народнай песні. Самаму старэйшаму ўдзельніку – Івану Прыгодзічу – пайшоў 80-ты год; прыемна, што да калектыву далучыліся і прадстаўнікі маладзейшага пакалення – дырэктар ДШМ г. п. Целяханы Вадзім Галоўчык і педагог Юлія Гараднічук. Музычная адукацыя гэтых удзельнікаў толькі на карысць ансамблю, дзе ўжо перапляліся прафесіяналізм і аматарства.
Удзельнікі «Каланянкі» разам з загадчыкам Амяльнянскага СДК Ірынай Каверчык абавязкова калядуюць 7 студзеня, на свята Раства Хрыстова. Са звонкай песняй, што разліваецца ў гэты дзень па ваколіцы, яны завітваюць у двары і хаты, стараючыся нікога не абдзяліць сваёй увагай, а за столькі гадоў яны ўжо ведаюць, дзе іх асабліва чакаюць у святочны вечар. Вось і ў гэтым годзе яны наведаліся да гасцінных гаспадароў у Амяльной, Гліннай і Краглевічах. Артысты прызнаюцца, што хоць і стамляюцца ад такой фізічнай актыўнасці, але задавальненне вялікае атрымліваюць ад таго, што нясуць у дамы і сем’і светлую радасць. Ды за ўсю практыку нашым калядоўшчыкам ні разу не адмовілі, а заўсёды гасцінна і сардэчна сустракалі. Гаспадары ж іх візіт прымаюць за добры знак – можна быць упэўненым, што год будзе спрыяльным, таму стараюцца шчодра адарыць за гучныя песні і шчырыя віншаванні.
– Калі зімы былі снежныя, мы абавязкова ездзілі віншаваць вяскоўцаў на санях, запрэжаных канём, усё па традыцыі, як у часы нашых бацькоў. А зараз зімою снегу не дачакаешся, дык далёкія адлегласці на аўтамабілях пераадольваем, – дзеліцца Надзея Гацуковіч.
Жанчына, як і яе «калегі», упэўнена, што важна захаваць традыцыі, якімі жылі нашыя продкі. Для «Каланянкі» Калядкі – гэта не толькі песні, гэта цэлы абрад у традыцыях хрысціянства, які перадае дух Раства Хрыстова. Каб прыдаць аўтэнтычнасці, удзельнікі калектыву апранаюцца ў народныя касцюмы, а з персанажаў бяруць з сабой вясёлую Казу – сімвал дабрабыту. З любімага рэпертуару – песні «Накануне перед Рождеством», «Небо и земля», «С Рождеством Христовым!», «Ішла Каляда калядуючы» і інш.
У шчырай бяседзе з людзьмі сталага ўзросту мы вярталіся да іх успамінаў – такіх цёплых і родных. І калі зараз для іх Каляды праходзяць пераважна ў канонах праваслаўя, то некалі яны, тагачасная моладзь, найбольш чакалі Шчадруху.
– На Шчодрык было дзе душы разгуляцца! На гэтае свята можна было і смачна паесці, і павесяліцца! Да Калядаў калолі парсюка практычна ў кожным двары на вёсцы. А багаты стол на Шчодрую куццю абяцаў заможны год. На другі дзень пасля Шчодрыка калядоўшчыкі правілі баль – разам елі тыя прысмакі, што накалядавалі, – успамінае Марыя Агрэніч.
Найчасцей сярод тых самых прысмакаў быў хлеб, гарбузовыя семкі ці лясныя арэхі, і вялікая ўдача, калі гаспадары ў пачастунак давалі кавалак сала або каўбасу.
А вось яшчэ некалькі цікавых фактаў з успамінаў удзельнікаў ансамбля «Каланянка». Да прыкладу, у ноч з 13 на 14 студзеня хлопцы вакол вёскі цягалі барану – каб дзяўчаты не выходзілі замуж у іншыя сёлы, а толькі за мясцовых. Калі дзяўчыне наогул жадалі, каб яна не выйшла замуж, то «зуб» ад бараны забівалі ў яе брамку. Сена, якое клалі на Каляды пад абрус, потым неслі ў курыныя гнёзды – лічылася, што тады з усіх яек, на якіх сядзіць квахтуха, вылупяцца кураняты. Па саломіне, якую з заплюшчанымі вачыма выцягвалі з-пад абруса, меркавалі, якім будзе ўраджай ільну: чым даўжэйшая саломіна, тым лепш родзіць лён. Дзяўчаты варажылі на суджанага – абдымалі штыкеціны ў плоце ці насілі ў хату дровы: як выпадала іх цотная колькасць, то быць ім у пары.
А яшчэ карэспандэнтам раёнкі выпала магчымасць паназіраць за сапраўдным дзействам: разам з народным ансамблем «Каланянка» і іх звонкай песняй мы прайшліся па Амяльной і Гліннай, павіншавалі яе жыхароў з Калядамі і дакрануліся да таго патаемнага і блізкага, уласцівага шырокай беларускай душы. Эх, як жа гэта сапраўды хораша ды кранальна!
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.