Добраўпарадкаваныя дарогі – мара ўсіх пешаходаў і аўтамабілістаў, бо гэта не толькі прыгажосць, але і, у першую чаргу, бяспека ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. У нашым раёне гэтая мара паступова становіцца рэальнасцю, бо кожны год рамантуецца ўсё больш кіламетраў дарог як райцэнтра, так і іншых населеных пунктаў.
Добраўпарадкаванню дарог у Івацэвіцкім раёне сёлета надзелена асаблівая ўвага, гэтаму паспрыяла і даручэнне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў сакавіку бягучага года – прывесці ў парадак дарогі краіны і ўзмацніць кантроль за іх станам, і свята рэспубліканскага ўзроўню – Дзень беларускага пісьменства, што пройдзе ў Івацэвічах у верасні. Акрамя сезоннага ямачнага рамонту вядзецца і бягучы рамонт дарожнага пакрыцця, а спецтэхніку адказных служб то і справа бачна на дарогах раёна. Падрабязна аб рэалізаваных планах і тых, што яшчэ неабходна ажыццявіць, раёнка расказвала не раз. Аднак вярнуцца да гэтай тэмы зноў прымусіў нядаўні зварот у рэдакцыю жыхара в. Міхнавічы. К. В. тэлефанаваў ад імя аднавяскоўцаў і пачаў сваю размову са слоў шчырай падзякі ў адрас кіраўніцтва і работнікаў ДЭУ-23 РУП «Брэстаўтадар», намаганнямі якіх у маі гэтага года ў Міхнавічах пакладзена новае асфальтавае пакрыццё. Але не абышлося і без лыжкі дзёгцю, якая псуе мёд.
– Дзякую ДЭУ-23 за працу, аператыўнасць і якасць! Разам з тым нам, жыхарам Міхнавічаў, хацелася б бачыць завершанае добраўпарадкаванне, у прыватнасці, гэта датычыцца пунктаў прыпынку ў абодвух напрамках. Паколькі новы асфальт па ўзроўні вышэйшы, чым у прыпыначнай кішэні, у моцны дождж там утвараецца вялізная лужына, гэта дастаўляе нязручнасці пры пасадцы ў аўтобус і высадцы. Да таго ж, не добраўпарадкаваны і з’езд з галоўнай дарогі на вясковую вуліцу, – паясніў К. В.
Па каментарый мы звярнуліся да галоўнага інжынера ДЭУ-23 РУП «Брэстаўтадар» Ільі Цімашэвіча, які паведаміў, што рамонтныя работы на дарозе рэспубліканскага значэння Р2 яшчэ не завершаны. Згодна з планам ДЭУ-23 будзе праведзены бягучы рамонт прыпыначных пунктаў, якія размяшчаюцца ў в. Міхнавічы, з поўным добраўпарадкаваннем – не толькі асфальтаваннем прыпыначных кішэняў, але і заменай павільёнаў, а таксама ўладкаванне названага з’езду, умацаванне абочын і нанясенне разметкі. Міхнаўцам застаецца толькі набрац-
ца цярпення, тым больш што абяцанага чакаць давядзецца ўсяго месяц – канчатковыя работы плануюць правесці ў ліпені.
Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.