Гэты васьмікватэрны дом 1965 года пабудовы капітальна рамантаваўся ўпершыню і стаў першым у раёне так званым «пераходзячым» домам (рамонт тут пачалі напрыканцы 2021 года, а скончылі летам 2022 года). Такі падыход дазваляе здаць дом у цёплую пару, задоўга да ацяпляльнага сезона.

Дом з гісторыяй у 57 гадоў прэтэндаваў на капрамонт і па сваім узросце, але тут былі яшчэ вялікія праблемы з фундаментам. Таму гэты рамонт праходзіў з адсяленнем людзей. Як паведаміў журналістам намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Андрэй Рэгес, усім быў прапанаваны часовы прытулак у гарадскім інтэрнаце, і некаторыя скарысталіся гэтай магчымасцю, камунальнікі дапамагалі з перавозкай рэчаў, мэблі.

Далей тут працаваў падрадчык – УП «Івацэвіцкая ПМК-11». Пачалі з галоўнага – умацавання фундамента, усе работы праводзіліся ўручную, ад таго справа ішла не так хутка. У доме замянілі ўсе інжынерныя сеткі, зрабілі новы дах, пасля будынак уцяплілі і нанеслі дэкаратыўную тынкоўку. Так, на сценах дома з’явіўся арнамент – геаметрычныя фігуры. Аўтары эскіза – нашы праекціроўшчыкі, а выканаўцы творчай задумкі – будаўнікі. Гэта першы падобны дом у Івацэвічах, і зараз ён, без сумненняў, будзе ўпрыгожваць цэнтральную вуліцу горада. Жыльцы ўжо паціху вяртаюцца ў свае сцены, многія пачалі рамонт і ў кватэрах, каб прыгожа і сучасна было ўсюды.

Дарэчы, зараз рамонтныя работы пачаліся ў доме № 40/6 па вул. Дэпутацкай. Таксама ў гэтым годзе пройдзе капрамонт у доме № 10 па вул. Шаўчэнкі ў райцэнтры і ў доме № 8 па вул. Цэнтральнай у п.Зялёны Бор.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться