Вясна – час наводзіць парадак. Калі ў вас ёсць спадчына ці ўласнасць у выглядзе вясковай хаты, што засталася ад бацькоў ці дзядоў, яна і тэрыторыя вакол яе павінны быць дагледжанымі. У адваротным выпадку спадчыннік можа пазбавіцца маёмасці, якую даўно лічыў сваёй, уласнік – атрымаць пратакол. Людзі, якім такая спадчына толькі ў цяжар, знаходзіліся заўсёды, адтаго так многа ў вёсках пустуючага жылля. Даводзіцца прымаць меры – безгаспадарныя дамы праз суд забіраюць сельвыканкамы, а пасля іх зносяць ці прадаюць.
Продаж у 2022 годзе ішоў асабліва актыўна – у раёне прадалі 41 дом (у 2021-м – 8). Дзякуючы Указу Прэзідэнта № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі» хатку ў вёсцы цяпер можна набыць за адну базавую, і большасць дамоў у раёне прадавалася сельвыканкамамі па такой цане, але некаторыя – і па рыначнай.
– Цяпер у раёне 5 100 дамоў, дзе пастаянна ніхто не пражывае, безгаспадарных з іх 619. Яшчэ некалькі гадоў таму гэтая лічба набліжалася да 1 500, намеціўся значны зрух у пытанні з пустуючымі дамамі, усе сельвыканкамы актывізавалі работу, – расказвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр САРОКА. – У 2021 годзе прададзена 8 дамоў, а знесена 94 (і за кошт бюджэту, і ўласнікамі, і нашчадкамі, і ААТ). Такім чынам, 102 дамы былі ўцягнуты ў абарот. А ў 2022 годзе знеслі толькі 64 дамы, але прадалі ж 41, і ў абароце – 105 дамоў. Бачыце, колькасць практычна тая ж, між тым за кошт бюджэту ў 2022 годзе знесена на 14 дамоў менш, чым у папярэднім, а на знос адной сядзібы траціцца амаль 3,5 тыс. руб. Кожны прададзены дом эканоміць бюджэтныя сродкі на яго знос. І за хатамі, якія набылі, будзе догляд.
Купіць дом за адну базавую велічыню можна ў большасці населеных пунктаў раёна (спіс вызначаны рашэннем Брэсцкага аблвыканкама). Выключэнне – гарады, некаторыя аграгарадкі, прыгарад. Азнаёміцца з інфармацыяй аб пустуючых дамах у раёне, якімі ўлада, суд займаюцца зараз, можна на сайце Івацэвіцкага райвыканкама ці на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь. Адтуль можна перайсці ў нядаўна створаны Адзіны рэестр пустуючых дамоў, дзе акумулюецца ўся інфармацыя аб пустуючых дамах у краіне, што паступіла з райвыканкамаў. У тым ліку там ёсць звесткі пра дамы, якія сельвыканкамам дазволена прадаць без правядзення аўкцыёну (на дадзены момант у рэспубліканскім рэестры я знайшла 7 такіх дамоў на тэрыторыі нашага раёна). Доступ да рэестра – адкрыты і бясплатны. Можна паглядзець фотаздымкі дома, які прадаецца, вывучыць яго характарыстыкі.
Адзіны рэестр пустуючых дамоў будзе папаўняцца. На дадзены момант у маёмасці сельсаветаў раёна – каля 50 домоў, і па шэрагу яшчэ не прынята судовае рашэнне. Сачыце за інфармацыяй аб прамым продажы дамоў і на староках раёнкі – яе рэгулярна прадстаўляе аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.
Дамы летась прадаваліся ў розных саветах. Заўжды цікавасць у пакупнікоў выклікалі месцы, дзе прыгожая прырода, каля азёр і рэк: Бабровічы, Соміна, Гошча… Дзесьці ўжо і не знойдзеш свабодных участкаў. Але ў жывапісных месцах, на Быценшчыне, каля Шчары, у тым жа Міроніме, Вуглах іх яшчэ хапае. Традыцыйна цікавяцца маёмасцю ў прыгарадзе. Цяпер звярнулі ўвагу на вёскі, якія крыху далей ад райцэнтра, але ўсё роўна адносна недалёка, і на работу ў Івацэвічы можна адтуль ездзіць. Бяруць дамы і мясцовыя жыхары, і не. Гараджане пакідаюць кватэры дзецям, а самі – у вёску. Ці людзі зацікаўлены не столькі ў доме, колькі ва ўчастку пад агарод, у дачы. Зразумела, што за адну базавую набыць палац не атрымаецца, але ў дадатак да дома ідзе зямля, а гэта ўжо нешта.
Уступаць у спачыну трэба своечасова
Можа, некага і здзівіць, як так: спадчына чалавека пераходзіць да дзяржавы, і зарабляе на ёй не ён сам, а сельсавет, асабліва калі дамы прадаюцца не за базавую, а па рыначным кошце; у 2022 годзе сельвыканкамы за продаж невыкарыстоўваемай нерухомасці выручылі амаль 19 тыс. руб., сродкі будуць патрачаны на добраўпарадкаванне.
– Чалавек можа думаць: калі я спадчыннік, то ўсё, што мне завяшчалі, маё. А на самай справе першапачаткова яно нічыйнае, – гаворыць Аляксандр Сарока. – Для таго, каб гэта стала тваім, трэба ўступіць у спадчыну, стаць уласнікам ва ўстаноўленым законам парадку, аб гэтым людзям рэгулярна нагадваецца. Калі са смерці апошняга жыльца дома прайшло тры гады і ніхто так і не ўступіў у спадчыну, дзяржава мае права забраць маёмасць сабе. І калі раней мы ў асноўным забіралі дамы, не прыдатныя для пражывання, то сёння забіраем і нармальныя, за якімі няма догляду і якія можна скарыстаць пад дачу: іх можна прадаць. Ну а калі няма догляду за пустуючым домам, у якога ёсць уласнік, тады гаспадара могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Прэцэдэнтаў, каб забіралі дом ва ўласніка, не помню, але гэта і не патрабуецца, бо штраф – дзейсная мера, каб чалавек заварушыўся, а для нас галоўнае – парадак у населеных пунктах, на зямлі. У мінулым годзе сельвыканкамы выдалі 968 папярэджанняў і прадпісанняў спадчыннікам і ўласнікам пустуючых дамоў.
Старшыня райсавета дэпутатаў падкрэсліў, што праблемы з безгаспадарнымі дамамі ўзнікаюць у асноўным у тых населеных пунктах, дзе кошт дома суразмерны з коштам афармлення дакументаў на яго. А калі спадчыннікі адчуваюць, што могуць прадаць маёмасць і зарабіць на гэтым, то яны зоймуцца гэтым і самі. Праўда, часта зацягваюць, чакаюць пакупніка і да гэтай пары не ўступаюць у спадчыну і за падвор’ем не даглядаюць.
Вопыт Целяханскага сельсавета
15 сакавіка работу па ўцягненні ў гаспадарчы абарот пустуючых, старых дамоў і добраўпарадкаванні населеных пунктаў у Целяханскім сельсавеце ацэньвалі на высокім узроўні. Старшыня Целяханскага сельвыканкама Аксана Мялік выступіла на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, у якім брала ўдзел і яго старшыня Наталля Качанава. Падыходы, якія прымяняюцца на Целяханшчыне, ацэнены станоўча: ёсць сістэма, ёсць рэзультат.
Так, на тэрыторыі сельсавета ў 8 населеных пунктах – 292 дамы, дзе ніхто не жыве пастаянна. І з кожным годам іх колькасць памяншаецца дзякуючы зладжанаму і адпрацаванаму механізму: у 2020 годзе такіх дамоў было 325, у 2021 – 301. У сельсавеце для сістэматычнага кантролю і маніторынгу было распрацавана тры спісы дамоў, па якіх пастаянна адсочваецца змена ўласніка, дата ўступлення ў спадчыну ці факт неўступлення, там фіксуюцца адрасы і тэлефоны спадчыннікаў і ўласнікаў. Дапамагае і тое, што ўсе супрацоўнікі сельвыканкама задзейнічаны ў гэтай рабоце і ведаюць людзей.
– Што рабіць там, дзе дамы забытыя і закінутыя? – разважае Аксана Іванаўна. – Спачатку спрабуем адміністрацыйнымі мерамі абавязаць спадчынніка навесці парадак у домаўладанні. Выдаем папярэджанні – летась выдалі 60. Дарэчы, у 2020-м і 2021-м выдалі больш за 160, і гэта кажа пра тое, што людзі сталі больш адказна падыходзіць да догляду за бацькоўскімі сядзібамі. Ёсць і такая практыка: запрашаем спадчынніка на пасяджэнне камісіі па добраўпарадкаванні пры сельсавеце, праводзім гутаркі. У мінулым годзе запрасілі на камісію 17 грамадзян. Мера дзейсная, праводзім пазней маніторынг і бачым, што парадак наведзены.
Сельвыканкам пастаянна праводзіць растлумачальную работу са спадчыннікамі – яны павінны самастойна прыняць рашэнне аб далейшым лёсе пустуючага дома і па магчымасці самі рашыць пытанне аб яго зносе. Пасля зносу будынка зямельны ўчастак перадаецца імі сельсавету. Калі тлумачэнні не дапамагаюць, дом забіраецца. У мінулым годзе прызналі безгаспадарнымі і перадалі ва ўласнасць Целяханскага сельсавета 5 дамоў. Дзякуючы Указу Прэзідэнта № 116 спрошчана працэдура продажу дамоў; два дамы на тэрыторыі савета летась прадалі за 1 базавую велічыню.
У сельсавеце прымаюцца меры па ўцягненні ў абарот і невыкарыстоўваемай маёмасці камунальнай уласнасці. Станоўчы прыклад – у будынку былой Сомінскай школы цяпер размяшчаецца аграсядзіба «Мядовыя канікулы», у будынку былога кінатэатра «Октябрь» – каталіцкі храм.
Ёсць і цяжкасці ў рабоце з пустуючымі дамамі. Як быць са спадчыннікамі, якія даўно за мяжой, дзе іх шукаць, як звязацца? Як уцягнуць участкі, што застаюцца пасля зносу дома, у гаспадарчы абарот, калі надзелы невялікія і ўзараць іх энерганасычанай тэхнікай сельгаспрадпрыемства не заўсёды магчыма? Каб яны не зарасталі кустоўем, участкі прапаноўваюцца для агародніцтва, але ж не ўсе яны разбіраюцца для гэтых мэт. «У цэлым жа працаваць няцяжка, калі адпрацаваны алгарытм», – лічыць Аксана Мялік.
Невыпадкова іншаземцы, якая бываюць у Беларусі, адзначаюць чысціню нашай краіны, гаспадарчы падыход да зямлі. Парадак не існуе сам па сабе – яго наводзяць людзі, прычым, талакой, кожны ў сваім кутку. І гэта тая традыцыя, якая не павінна адысці ў нябыт. І дагледзець хату бацькоў, самастойна вырашыць яе лёс – гэта доўг кожнага з нас. Яшчэ не сцерліся з твару зямлі вёскі, бо людзей, якія помняць пра свой абавязак перад продкамі, значна больш, чым тых, хто пра яго забыў.
Вольга МАЦВЕЕНЯ, фота аўтара і Валерыя МІСКЕВІЧА.