Невялічкае Аўсто з васьмю жыхарамі (па афіцыйных дадзеных) і адной усяго толькі вуліцай Еўтуха так актыўна жыве летам. Вёска па праве можа называцца раем для дачнікаў, у бацькоўскія дамы сюды прыязджаюць з райцэнтра, з Баранавіч і нават з Расіі. На днях з роднага Аўсто ў Санкт-Пецярбург паехала сям’я, якая цэлае лета наўмысна пражыла ў далечыні ад цывілізацыі і старалася надыхацца чыстым вясковым паветрам. Не раставацца з хатай бацькоў трыццаць гадоў таму вырашылі і сёстры вялікай сям’і Шыш.

Каля жоўтага драўлянага доміка № 14 нас сустрэлі дзве сястры – Таццяна Міхайлаўна і Лідзія Міхайлаўна, яны наводзілі парадак на дачы ў дружнай кампаніі сваіх другіх палавінак Івана Іванавіча і Мікалая Аляксеевіча, дачкі Ірыны і ўнучкі Ганначкі. Калі пайшлі з жыцця бацькі, Міхаіл Аляксеевіч і Анастасія Мікалаеўна, сямёра сясцёр сышліся на тым, што родны дом стане «райскім куточкам» для ўсіх дзяўчат. На жаль, старэйшай сястры Раісы ўжо не стала, Надзея, Людміла і Галіна жывуць у Расіі, а малодшыя Таццяна і блізняты Лідзія і Святлана даглядаюць за домам і чаго толькі не вырошчваюць на 46 (!) сотках зямлі. Знаёмства з Таццянай Міхайлаўнай і Святланай Міхайлаўнай адбылося яшчэ ў рэдакцыі, па чарзе сёстры прынеслі да нас нешта са свайго небывалага ўраджаю – агурок вагой 1,2 кг і даўжынёй у 56 см і памідор-прыгажун амаль што ў форме сэрца, які важыць больш за кілаграм.

– Любоў да зямлі ўсім нам перадалася з малаком маці, – адзначае старэйшая Таццяна. – Дом тут пабудавалі бацькі, яны ж шмат працавалі, каб пракарміць семярых дачок, тата так і не дачакаўся хлопчыка-памочніка, таму мы, дзяўчаты, нават праз «не хачу і не магу» і агароды палолі, і дровы пілавалі, і складвалі іх пасля. Нам засталося шмат зямлі, агарод раскіданы па трох розных месцах вёскі. На адным у нас бульба, на другім – сад, памідоры, кабачкі, клубніцы, гарбузы… Трэці за домам, і там усяго-ўсяго. Бульбу з намі садзіць Света, астатняе мы з Лідай падзялілі, бо калі зямля агульная, то і палоць пасля няма каму (смяецца. – Аўт.). А так у нас парадак, але нічога не было б без нашых гаспадароў-мужчын, адной толькі вады з калодзежа насосам трэба накачаць сем бочак па 200 літраў. А колькі тут яшчэ кашэння…

Так, дачны сезон у гэтых маладых пенсіянерак пачынаецца яшчэ ў лютым, калі яны саджаюць на расаду перац, а заканчваецца толькі ў кастрычніку. Чаго толькі няма на бацькоўскіх сотках – ад стандартнай бульбы і капусты да сініх памідораў, лямцавай (войлочной) вішні, кавуноў і клубніц сорту «Азія», прывезеных ад драгічынскага фермера… Адных памідораў тут мо сем сартоў: «Багатая хата», «Глорыя», «Маруся», «Жыраф»… Навінка гэтага года – сорт «Вясёлы сусед», які пакуль што не так ужо моцна і радуе нашых гаспадынь.

Прагуляцца па такой узорнай дачы добра і весела, а калі сур’ёзна здумацца, колькі сюды ўкладзена сіл. Па 350 кустоў памідораў на сястру пасаджана ў гэтым годзе, сотні кустоў перцу, агуркі ў двюх цяпліцах. Яшчэ тут ёсць вінаграднік, яблыні, грушы, якія майстэрскі прышчапляе сусед па дачы, кусты агрэсту, маліны, ажыны, гаспадыні спрабавалі размножыць нават лясныя ружовыя чарніцы, але пакуль гэтае дзіва не прыжылося…

– Галоўны наш спонсар па насенні – наша старэйшая Галя з Піцера, – расказвае Лідзія Міхайлаўна, якая пасля гадоў бухгалтарскай работы сёння з задавальненнем працуе на зямлі. – Сястра перадае нам дзясяткі пакецікаў з самымі рознымі назвамі і даволі незвычайнымі гатункамі, а мы тут эксперыментуем. Нешта купляем, канечне, тут, бяром у суседзяў, пытаемся ў знаёмых. Дарэчы, у нашых сясцёр у Расіі таксама ёсць дачы і соткі зямлі, хоць усе яны жывуць даволі багата, але, як і мы, цягнуцца да зямлі. Мы ездзілі да іх у госці, дык бачылі, як расіяне заглядаюць у двары нашых апантаных беларусак. У расіян дзве-тры невялічкія градкі – і на гэтым усё.

Аднак вернемся ў Беларусь і ў наша Аўсто, сёлета на трох агародах асабліва ўрадзілі ў нашых Таццяны Міхайлаўны і Лідзіі Міхайлаўны цыбуля, часнок, агуркі, памідоры, кабачкі. А вось бульба не вельмі парадавала, як і кавуны, наўрад ці даспеюць, хоць і былі спякотныя дні летам. Што да ўдабрэнняў, дык гаспадары робяць стаўку на натуральнае, амаль штогод раскідаюць гной, «хіміяй» хіба толькі ратуюць памідоры ад тлі і фітафторы. Усяго тут ёсць па трохі, агарод корміць тры вялікія сям’і, а гэта пад 30 чалавек! Таццяна Міхайлаўна закрыла ў ліпені 100 слоікаў адных агуркоў! І шчыра здзіўляецца жанчына маёй рэакцыі, кажа, а што тут есці, па 30 банак на сям’ю.

Нельга прайсці міма і кветнікаў: папераменна радуюць вока гаспадынь і прахожых цюльпаны, флёксы, гартэнзіі, півоні, эхінацэі, рамонкі, а колькі тут відаў гладыёлусаў… Рознакаляровы букет прыгажуноў прывезлі ў рэдакцыю і мы, гаспадыні-дачніцы з радасцю дзеляцца тым, што вырошчваюць з такой любоўю.

Не паверыце, але і на лес у гэтых жанчын хапае часу і сіл. Летам у іх такі расклад: дзень – на дачы, дзень – у лесе. Грыбоў і ягад жанчыны назапасілі процьму! Па грыбы яны едуць у кушняроўскі лес, ведаюць грыбныя паляны, з якім захапленнем мае гераіні расказвалі, якая там прыгожая рыжая паляна з лісічкамі! І шчыра не разумеюць яны, як можна на пенсіі сядзець усё лета на лаве, калі столькі дабра дорыць лес і столькі можна вырасціць самім. Хоць прызнаюцца дзве сястры: амаль ніхто з іх дзяцей такой цягі да зямлі не пераняў, не адыходзіць ад маці і цёткі толькі дачка Таццяны Міхайлаўны Ірына Іванаўна, свой вялікі настаўніцкі водпуск яна пражыла на дачы побач з бацькамі і ва ўсім ім дапамагала. Бегала каля нас падчас размовы і сямігадовая Ганначка, унучка Лідзіі Міхайлаўны, тады яна збіралася да бацькоў у Баранавічы. Вось гэтая дзяўчынка дакладна будзе ведаць, як растуць памідоры і што такое агрэст, і аднакласнікам раскажа, якія, можа, і не бачылі такога ўвачавідкі.

Добра, што нашы маладыя пенсіянеркі аднойчы самі прыйшлі ў рэдакцыю з дарамі са свайго агарода, вялізны агурок і кілаграмовы памідор яны вырасцілі з любоўю і веданнем справы на дагледжанай зямлі – вось і ўвесь сакрэт. А я як кватэрны чалавек давалася дзіву, які парадак на 46 сотках агарода ды і вакол дома. Тут ёсць калодзеж, летні душ, дзве цяпліцы і некалькі альтанак, адну з якіх будаваў яшчэ некалі бацька вялікага сямейства Міхаіл Аляксеевіч, і вось дзеці адрамантавалі яе і ўсе разам абедаюць тут пасля работы на зямлі, п’юць бярозавы сок, загатаваны па асаблівым рэцэпце.

Пасля шчырай размовы з гумарам у альтанцы ды на лаве стала зразумела: гэты тэкст не столькі пра агарод, колькі пра сям’ю і традыцыі, асаблівы і ўнікальны генетычны код, які перадаецца праз пакаленні і дапамагае ўсім сёстрам трымацца побач, яны на відэасувязі з Расіяй штодзень, і тут размовы і пра насенне, і пра ўраджай, і пра нешта большае… Дзяўчаты сям’і Шыш не прадалі хату бацькоў, і сцены ды зямля яднаюць нават на адлегласці ў сотні кіламетраў. Ёсць у сям’і і свая цікавая ваенная гісторыя, таму нешта падказвае нам, што адбудзецца яшчэ адна сустрэча.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться