Думаць пра тых, хто побач
Імя Жанны Каспяровіч, старшыні Івацэвіцкай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, павінна быць знаёмым чытачу, бо яна часта з’яўлялася на старонках раённай газеты дзякуючы справе ўсяго свайго жыцця – валанцёрству, вывучэнню Халакосту і дзейнасці, звязанай з увекавечваннем месцаў гібелі яўрэяў у нашым раёне. Да Міжнароднага дню памяці ахвяр Халакосту Жанна Веніямінаўна распавяла, чаму абрала для вывучэння такую тэму і якія падзеі ў яе жыцці, у жыцці раёна адбыліся дзякуючы гэтаму выбару.
Жанна Каспяровіч – ураджэнка нашага раёна, першы год яе жыцця прайшоў у Бусяжы, а пазней разам з бацькамі жыла ў Мілейках, у Пружанскім раёне і ў Івацэвічах, дзе вучылася ў СШ № 1. Бацька доўгі час быў старшынёй калгаса, мама працавала ў бібліятэцы, гадавалі трох дачок. У Жанны была мара – вучыцца на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, толькі адразу пасля школы здзейсніць яе не атрымалася. Тым не менш яна стала студэнткай БДУ – у 25 гадоў, з пятай спробы, а конкурс у год яе паспяховага паступлення быў 21 чалавек на месца. Здаць іспыты на 5 і 4 было недастаткова для паступлення, лёс вырашала адна не пастаўленая коска ў сачыненні, наяўнасць працоўнага стажу. Да ўніверсітэта Жанна паспела папрацаваць і ў пякарні, на прыборабудаўнічым заводзе і ўжо крыху ведала дарослае жыццё.
Далей былі пяць гадоў вучобы і добрыя перспектывы для таго, каб застацца ў сталіцы, хоць і заканчэнне ВНУ прыпала на цяжкія гады перабудовы. Паралельна з вучобай у БДУ праходзіла трохгадовы курс медыцынскай падрыхтоўкі на базе медінстытута, скончыла спецкурс па нямецкай мове, магла нават выкладаць, да таго ж ведала польскую мову. Па жыцці – чалавек актыўны, была камісарам будаўнічага атрада БДУ. Ну і галоўнае – атрымала спецыяльнасць гісторыка і выкладчыка грамадска-палітычных дысцыплін. Шмат дзвярэй маглі адкрыцца перад дзяўчынай, у некаторыя нават не патрэбна было моцна стукаць, але ў бацькоў з’явіліся праблемы са здароўем… Лёсам наканавана было дапамагаць блізкім і вярнуцца ў Івацэвічы, дапамагала не толькі бацькам, але і сястры з пляменнікамі, якія ледзьве вярнуліся з Азербайджана з дапамогай Чырвонага Крыжа. Ніхто тады і падумаць не мог, што і Жанна аднойчы стане яго валанцёрам.
Яна не была настаўнікам па адукацыі, але ўладкавалася на працу ў СШ № 2, стала выкладаць гісторыю. Сустрэла мужа, нарадзіла дачку, а пасля адпачынку па доглядзе дзіцяці пачала працаваць у СШ № 3. З ёй звязана большая частка працоўнай біяграфіі. Там выкладала гісторыю і грамадазнаўства.
– Прытрымлівалася прынцыпу: настаўнік, навучы вучня, каб было ў каго вучыцца, – расказвае. – А каб быў рэзультат, трэба вучыць, але не павучаць, запальваць агеньчык цікаўнасці ў дзецях. Настаўнік павінен умець веды даваць, а вучань браць. Выбітны настаўнік і пісьменнік Васіль Сухамлінскі гаварыў: «Пастаў над сабой тысячу настаўнікаў – яны акажуцца бяссільнымі, калі ты не зможаш сам прымушаць сябе і патрабаваць ад сябе».
І з’явіліся помнікі…
Лёсавызначальным для Жанны Веніямінаўны стаў 2001 год, калі рэалізаваўся пілотны праект Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа і выбіраліся кандыдаты, якія маглі б стаць выкладчыкамі курса «Даследуем гуманітарнае права». Жанна Каспяровіч узялася за гэтую справу і заахвоціла сотні вучняў, якія наведвалі курс на працягу многіх гадоў. Першапачаткова ў рамках модуля «Што могуць відавочцы?» пачалі даследаванне па тэме «Халакост на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна». Хто паставіў камень у скверы па вул. Чарткова? Якія абставіны расстрэлу Косаўскага гета? Гэтымі і многімі іншымі пытаннямі задаваліся вучні. А з 2005 года пачаў дзейнічаць валанцёрскі лагер «Пошук», пазней ён стаў клубам і праіснаваў 15 гадоў. Валанцёры падчас 9-дзённага адпачынку ў лагеры займаліся добраўпарадкаваннем месцаў пахавання Першай сусветнай, Вялікай Айчыннай войнаў, старых яўрэйскіх могілак у Целяханах і Быцені. Разам з вучнямі з сякерай і рыдлёўкай шчыравала іх кіраўнік. Паралельна Жанна Веніямінаўна ўдзельнічала ў семінарах і канферэнцыях і стала адным з двух чалавек з Беларусі, якіх запрасілі на двухтыднёвую бясплатную стажыроўку ў Іерусалім, у дзяржаўны нацыянальны мемарыял Катастрофы (Халакосту) і Гераізму «Яд Вашэм».
– Сказаць, што гэта бясцэнны вопыт, – гэта не сказаць нічога, – расказвае яна. – Былі заняткі, былі экскурсіі па месцах, звязаных з тэмай Катастрофы, размовы з вучонымі. Бачыш рэальныя спісы, што зроблены па даручэнні Оскара Шындлера, які выратаваў 1200 яўрэяў, – і мароз па скуры. Перад паездкай нам раздавалі карты, якія рабілі ў «Яд Вашэм», на іх кропкамі былі пазначаны месцы расстрэлу гета з колькасцю больш за 3 000 чалавек. На адной з сустрэч з вучонымі-гісторыкамі ў нас спыталі пра нашы пажаданні. І я сказала, што хацела б, каб на месцы расстрэлу Косаўскага гета і ў іншых месцах расстрэлу яўрэяў у нашым раёне стаялі дастойныя помнікі, і каб на карце «Яд Вашэм» з’явіліся кропка, якая пазначала б месца расстрэлу Косаўскага гета.
Дапамаглі словы, сказаныя ў добрую мінуту, даследчая работа пра Халакост на тэрыторыі раёна, работа валанцёрскага клуба «Пошук», які наведвалі вучні СШ № 3: новыя помнікі і мемарыяльныя таблічкі ў памяць аб загінулых ад рук нацыстаў яўрэях з’явіліся ў Косаве, Івацэвічах, Быцені, Целяханах, Святой Волі. Дзякуючы камісіі СБЯГАА па ўвекавечванні памяці ахвяр Халакосту ў Рэспубліцы Беларусь, яе каардынатару Ігару Краверскаму, а таксама спонсарам: сям’і Ларгус з Вялікабрытаніі, сем’ям Клеттэр і Гейслер з ЗША – у Беларусі ўстаноўлены больш за 120 помнікаў і мемарыяльных дошак, у тым ліку сем у нашым раёне. Работа працягваецца, апошні з устаноўленых помнікаў з’явіўся ў Целяханах на вул. Янкі Купалы ў 2021 годзе. Дарэчы, даследчая работа пра Халакост на тэрыторыі раёна, падрыхтаваная сумесна з вучнямі, вылілася ў конкурсную, яна была высока ацэненая ў Маскве – увайшла ў дзясятак лепшых, а работ было больш чым 1 700.
Аўтограф ад архітэктара і роля ад рэжысёра
Чаму Халакост? У сям’і Жанны Веніямінаўны няма яўрэяў – ёсць беларусы, палякі. Але кожны з нас пакліканы, каб выканаць сваю ролю ў гэтым свеце, і яе роля – прыцягваць увагу да тэмы Халакосту, да валанцёрства, вучыць міласэрнасці. Так было наканавана – спачатку заняцца вывучэннем гуманітарнага права і праграмы курса, каб не засяроджвацца на некаторых праблемах у жыцці, а потым настолькі пагрузіцца, што тэма ўжо проста не адпускала і пакінуць усё было б здрадай. А яшчэ захапіліся і пайшлі за настаўнікам дзеці.
– Я проста так жыву і гэтым жыву, – разважае субяседніца. – Некалі даўно мяне ўразіў адзін выраз: «Калі ты яўрэй, ты – ахвяра». Яўрэі – унікальныя людзі. Яны адрозныя тым, што вельмі шануюць традыцыі, лічыць галоўнай каштоўнасцю сям’ю, надаюць шмат увагі адукацыі і выхаванню дзяцей. Ёсць у іх прымаўка, сэнс прыкладна такі: проста выхаванне – гэта калі ты навучаны і можаш нешта рабіць, добрае выхаванне – калі ты можаш рабіць нешта сам. Я дужа паважаю гэты народ, але не шмат было ахвочых гаварыць пра яго пакуты. Напэўна, гэтая тэма сама выбрала мяне. Неяк мне пашанцавала размаўляць з архітэктарам Леанідам Левіным, аўтарам мемарыялаў у Хатыні, Чырвоным Беразе, які напісаў мне на брашуры: «Дзякуй за чалавечнае ў чалавеку», лічу гэта вялікай узнагародай.
Не так і многа ў Беларусі людзей, якія займаюцца яўрэйскай тэмай і самі не яўрэі. Зацікавіўся дзейнасцю Жанны Веніямінаўны і аўтар дакументальнага фільма «Захавальнікі памяці» Барыс Мафцыр, у выніку ў фільме з’явілася інтэрв’ю пра Косаўскае гета, якое давала мая субяседніца. Таксама яна мае падзяку ад прадстаўніка ААН у РБ за работу па тэме Халакосту.
Да гэтай пары Жанна Веніямінаўна цесна супрацоўнічае з рэспубліканскім фондам «Халакост». Пры яго падтрымцы яна пабывала ў Польшчы ў экспедыцыі па месцах, дзе былі канцлагеры. Наведалі Трэблінку, Майданэк, Аўшвіц-Біркенаў каля горада Асвенцім. Там мемарыялы, цэнтр асветы для моладзі. Найбольш уразіла зала, дзе доктар Іозеф Менгеле – доктар Смерць – праводзіў эксперыменты над дзецьмі.
– У мяне там былі слыхавыя галюцынацыі, – дзеліцца субяседніца. – Я ведала трагічныя гісторыі людзей, якія прайшлі праз лагеры смерці. І з вучнямі яшчэ да гэтай паездкі мы падрыхтавалі сцэнку, падчас якой расказвалі і пра дзяўчынку з Віцебска, якая выжыла пасля эксперыментаў над ёй у Аўшвіцы. Ведаеце, што з ёй рабілі? Аблівалі і «купалі» ў смярдзючых вадкасцях, пасля кідалі на нары, і паступова скура пакрывалася страшэннымі рубцамі. Яна вырвалася з рук нацыстаў і здолела вярнуцца дамоў, дзверы ёй адчыніла маці. Калі тая ўбачыла, што зрабілі з яе дзіцём, жанчыну паралізавала. Дык вось помню залу ў Аўшвіцы, яна як казарма, на сценах – чорна-белыя партрэты, і такое адчуванне, што яны размаўляюць. Было эмацыянальна складана, нават мужчыны не вытрымлівалі і хапаліся за валідол. Пазней у тыя месцы з экскурсіямі я вазіла і дзяцей, яны пранікаліся і суперажывалі ахвярам. Думаю, дзеці, якія задумаліся над такімі рэчамі, будуць не здольнымі на зло. І яшчэ яны аднойчы раскажуць пра ўбачанае сваім дзецям. І расказалі сваім бацькам, быў ад гэтага плён.
Дарэчы, мая субяседніца вельмі ўдзячная бацькам сваіх вучняў, якія адпускалі іх у лагер і «па валанцёрскіх справах». Удзячная сваёй сям’і – мужу і дачцэ – за пастаянную падтрымку. І ўвогуле дзякуе ўсім, хто дапамагае ў рабоце.
Фундаментам стаў давер
У гэтым артыкуле, расказваючы пра ініцыятывы Жанны Каспяровіч і яе вучняў, валанцёраў, я расказала толькі пра вяршыню айсберга, не ўдаючыся ў дэталі. Мноства конкурсаў, акцый, выязных урокаў і экскурсій было праведзена за гады, зроблена нямала добрых спраў. Жанна Веніямінаўна як кіраўнік раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, якім стала ў 2018 годзе, актыўнічае і зараз. У арганізацыі 167 валанцёраў, сем валанцёрскіх груп. Вылучаюцца пярвічкі Даманаўскай, Целяханскай, Косаўскай школ, СШ № 4. З вучням з СШ № 4 Чырвоны Крыж і цяпер цесна супрацоўнічае па тэме Халакосту, праводзяцца патрыятычныя мерапрыемствы, наведваюцца месцы пахавання.
– Па натуры я альтруіст і неяк па жыцці больш думала пра тых, хто побач, чым пра сябе, і заўжды ставіла сябе на месца іншых людзей, каб зразумець іх, – чую ад субяседніцы. – Дзяцей вучыла ставіцца да жыцця па-філасофску, аналізаваць, не спяшацца ў высновах і дзеяннях і берагчы сябе. Лічу, што настаўнік, класны кіраўнік павінен быць не над, а побач са сваім вучнем. Можна і паспяваць з дзецьмі, і патанцаваць – і не згубіць пры гэтым аўтарытэтнасць. Быць прасцей – здаецца, гэта ніколі не было для мяне праблемай. Затое быў да мяне давер, ён стаў фундаментам для агульнай справы.
Цяпер валанцёрскага лагера не існуе, але яго былы кіраўнік з задавальненнем падзялілася б сваім вопытам з кіраўніком новым. Лагер варта адрадзіць, ён унікальны для Беларусі і менавіта зараз і патрэбны. Бо ёсць жаданне вырасціць патрыётаў, але ці ўсе спробы і фарматы новае пакаленне ўспрыме належным чынам? Патрэбен і лідар, які павядзе за сабой, як доўгія гады робіць гэта Жанна Каспяровіч – маленькая жанчына з вялікім сэрцам.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара і з архіва Жанны Каспяровіч.