Два нецвярозыя вадзіцелі і чатыры бяспраўнікі выяўлены за лічаныя дні падчас рэйдаў па раёне
З 10 па 15 мая ў краіне праходзіла прафілактычнае мерапрыемства «Нецвярозаму і бяспраўнаму не месца на дарозе!», у тым ліку і ў Івацэвіцкім раёне. Пры садзейнічанні супрацоўнікаў Бярозаўскага МРЭА АДАІ і Брэсцкага батальёна АДАІ УУС былі праведзены дзясяткі рэйдаў па райцэнтры, прыгарадзе і найбольш праблемнай Целяханскай зоне.
Аб выніках больш красамоўна скажуць лічбы: за пяць дзён акцыі было выяўлена 129 (!) парушэнняў ПДР. Ужо ў першыя дні затрыманы два нецвярозыя вадзіцелі з больш чым 0,8 праміле ў крыві. Яшчэ чатыры вадзіцелі кіравалі аўто без адпаведнага права на гэта. Былі і тыя, хто ехаў без дакументаў на аўтамабіль і страхоўкі. Часта трапляліся на вока супрацоўнікам веласіпедысты, што рухаліся па праезнай частцы дарогі, хоць непадалёк меліся тратуарныя і веласіпедныя дарожкі.
Пра некаторыя правілы забыліся і пешаходы, 33 парушэнні за гэтыя дні дапусцілі яны. Найчасцей грамадзяне пераходзілі дарогу ў неналежных месцах, а яшчэ забываліся пра флікеры ў цёмны час сутак.
Рэйды выкрылі пэўныя праблемы на дарогах у раёне, падобныя мерапрыемствы працягнуцца, бо некаторых удзельнікаў дарожнага руху «отрезвляет» толькі пакаранне рублём.
На сённяшні дзень самая хвалюючая тэндэнцыя для даішнікаў у сітуацыі з п’янымі за рулём. З пачатку года ўжо чатыры вадзіцелі былі затрыманыя другі раз за год, а гэта ўжо – артыкулы крымінальнага кодэкса. Да прыкладу, у мінулым годзе быў толькі адзін бяспраўнік-рэцыдывіст.
Паважаныя вадзіцелі і пешаходы, будзьце пільнымі і ўважлівымі на дарозе! Памятайце, што ваша здароўе і жыццё – самае каштоўнае, і адказнасць за яго найперш на вас саміх!
Сяргей ТРАФІМЧЫК, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.