Гэты матэрыял напісаны, можна казаць, па кроках XXXIII абласнога конкурсу прадаўцоў «Лепшы па прафесіі», які пасля перапынку ў некалькі гадоў прымаў наш раён 26 мая. Нагадаем, за званне лепшых і права прадставіць брэстчыну ўжо на рэспубліканскім этапе змагаліся 23 прадаўцы з вобласці, 15 з іх – гэта прадаўцы харчовых тавараў. У гэты дзень работнікам прылаўкаў самых розных магазінаў, вялікіх гарадскіх ці простых вясковых, трэба было спачатку праявіць сябе творча падчас конкурсаў «Візітная картка» і «Рэклама тавару», падмацаваць уражанне тэарэтычным іспытам (правілы гандлю і тэрміналогіі), а пасля паказаць майстар-клас падчас практычнай часткі ў магазінах нашага райцэнтра.

З выступлення старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Леаніда Янковіча падчас цырымоніі ўзнагароджвання прызёраў конкурсу:
– Я рады пасля кавідных абмежаванняў, пасля трохгадовага перапынку сёння зноў вітаць лепшых з лепшых работнікаў прылаўкаў нашых магазінаў. У сістэме спажыўкааперацыі каля 10,5 тысяч работнікаў, 3,5 тысячы з іх – гэта прадаўцы. І ваша работа вельмі значная для сістэмы, бо гандаль ў агульным аб’ёме спажыўкааперацыі займае больш за 70 працэнтаў, а па выніках мінулага года Брэсцкі аблспажыўсаюз стаў першым у краіне па ўзроўні гандлю. Якім бы добрым і таленавітым не быў апарат сістэмы кіравання, галоўныя дзеючыя асобы тут – работнікі прылаўкаў. Каб яшчэ раз адзначыць вас, падзякаваць за працу, мы і праводзім падобныя конкурсы.

Насычаны і складаны дзень быў у канкурсантаў, у тым ліку і ў нашых землякоў, прадаўцоў 5 разраду Івацэвіцкага райспажыўтаварыства Яўгеніі Янчылінай і Уладзіміра Шалупенкі. Але ў нашай каманды ўсё атрымалася, у мінулым нумары «ІВ» мы з радасцю і гонарам расказалі чытачу пра нашых прызёраў: Яўгенія Янчыліна стала лепшай у намінацыі «Самы крэатыўны ўдзельнік», а Уладзімір Шалупенка заняў II месца сярод прадаўцоў нехарчовых тавараў, саступіўшы толькі калезе з Лунінецкага раёна Валянціне Біліба, і ў хуткім часе гэты дуэт прадаўцоў нехарчовых тавараў прадставіць Брэстчыну на рэспубліцы!

Аказалася, нашы прызёры трапілі на конкурс невыпадкова, спачатку яны сталі лепшымі на раённым этапе, які наша райспажыўтаварыства праводзіла ў пачатку мая, пасля прайшлі «агонь, ваду і медныя трубы» падчас падрыхтоўкі, каб так удала выступіць на абласным узроўні. Мы правялі дзень з нашымі прадаўцамі падчас конкурсу, а пасля наведаліся ў іх магазіны па сутнасці з адным галоўным пытаннем: як жывецца і працуецца сёння прадаўцу?

У магазіне «ОМА» (філіял «Лотас»)
Уладзіміра Шалупенка ў дзень сустрэчы (30 мая) мы заспелі акурат на працоўным месцы. І, трэба сказаць, перада мной быў быццам бы другі чалавек. На сцэне, у нязвыклай для сябе ролі, малады прадавец здаваўся сціплым і нават нясмелым. А тут, у сваёй гавані плошчай у 600 квадратаў і з амаль 25 тысячамі найменняў тавараў Уладзімір як рыба ў вадзе. Пракансультуе, пракантралюе загрузку, прыме тавар і «разруліць» любую сітуацыю з пакупніком.

А ў гандаль мужчына прыйшоў пасля 10 гадоў работы ў будоўлі. Уладзімір прайшоў шлях ад падсобніка да брыгадзіра ў ПМК-11, як цясляр-бетоншчык ён прылажыў руку да будоўлі кукурузакалібровачнага завода, гарадскога стадыёна, цэха «Паліполь Мэбля Бел»… Наш герой трапляў на Дошку гонару арганізацыі, а ў яго асабістым архіве шмат грамат нават ад абласнога кіраўніцтва. Чаму ж падаўся ў гандаль наш Уладзімір?

– Я дасягнуў свайго максімуму ў будоўлі, рашыўся на кардынальны крок і звольніўся. А далей – выпадак. Мне трэба былі драбіны, і я прыйшоў за пакупкай у «ОМА», а тут аб’ява – шукалі прадаўца. Я пазваніў у кадравы аддзел – і на наступны дзень аказаўся за прылаўкам, але вучуся і зараз. Кіраўніцтва часта праводзіць для нас тэставыя іспыты, тавару і навінак шмат, тут трэба вучыцца бесперапынна.

У калектыў Уладзімір уліўся лёгка, а будаўнічы вопыт толькі дапамагае – часта прама з магазіна ён тэлефануе рамонтнікам патэнцыяльнага пакупніка і напрамкі высвятляе, што лепш прапанаваць, а нешта можна і замяніць.

– А з кім складаней працаваць у магазіне будматэрыялаў, мяркую, з жанчынамі?

– Прыгожая палова чалавецтва як правіла прыходзіць з канкрэтным спісам неабходнага і ахвотна прыслухоўваецца да парад прадаўца. Складаней з такімі ўсёзнайкамі, якія перасядзелі ў інтэрнэце і лічаць сябе асамі, пераканаць гэтага пакупніка немагчыма. Аднак любыя канфліктныя сітуацыі я перавожу ў гумар, гэта дапамагае. Дзякуй Богу, людзі не развучыліся ўспрымаць жарты!

Так, у гумарыстычнай форме Уладзімір Шалупенка расказваў пра сябе са сцэны ГДК і ў конкурсе «Візітная картка» і атрымаў усе пяцёркі. Ён добра трымаўся і падчас рэкламы тавару, яму выпала «менажница» (талерка з ячэйкамі ўнутры). Мужчына зарыентаваўся, бо такі тавар ёсць і ў яго магазіне, а вось білет з практычным заданнем па выкладцы жаночага абутку выклікаў пытанні. Аднак наш герой сабраўся і справіўся амаль без памылак – гэта пацвердзілі калегі-работніцы магазіна «Універмаг» (тут праходзіў конкурс).

Хутка Уладзімір Шалупенка пачне рыхтавацца да рэспубліканскага конкурсу, гэта другі ўзровень, але гэта яшчэ больш цікава, ці не так? А нядаўна наш герой атрымаў прапанову ад рэжысёра Народнага тэатра Івацэвіцкага ГДК, творчы патэнцыял прадаўца кінуўся ў вочы прафесіяналам. Можа, хутка з Уладзімірам мы сустрэнемся не толькі за прылаўкам, але і на вялікай сцэне. Час пакажа!

У магазіне «Славянка» (філіял «Каапнарыхтпрам»)


У гэтым магазіне харчовых тавараў падчас нашага наведвання панаваў нейкі асаблівы святочны настрой, аказалася, акурат у панядзелак прадаўца Яўгенію Янчыліну асобна віншавала кіраўніцтва філіяла «Каапнарыхтпрам». Яшчэ адзін Дыплом і яшчэ падарунак, а галоўнае – шчырая падзяка ад калег – у скарбонцы пачынаючага прадаўца. Пераможца ў намінацыі «Самы крэатыўны ўдзельнік» Яўгенія Янчыліна стала за прылавак у кастрычніку 2020 года па парадзе старэйшай сястры Веры, якая працуе ў філіяле эканамістам. Яўгенія закончыла курсы ў Баранавіцкім каледжы і прыйшла ў невялікі і дружны калектыў пад кіраўніцтвам загадчыцы Наталлі Мірашнічэнка. На змене наша гераіня працуе побач з вопытнай калегай Марыяй Лажко, яна дапамагла прайсці «курс маладога байца» пачынаючаму прадаўцу.

Яўгенія прызналася, першыя дні работы трасліся рукі і сэрца было не на месцы, зараз жа маладая жанчына ведае ўсіх пастаянных пакупнікоў і нават іх перавагі счытвае з аднаго позірку. Самай першай наша канкурсантка засвоіла новую сістэму «Ф’южн», якая з’явілася ў магазіне ў снежні. На касе цяпер адразу два экраны – і прадавец, і пакупнік бачаць пералік тавару і яго кошт. Зручна, лічу, і лішнія пытанні да прадаўца такая сістэма дапамагае зняць.

– Наш магазін невялікі, у нас два аддзелы – агульны з самаабслугоўваннем і каўбасны, тут з пакупніком працуе прадавец, – расказвае Яўгенія Янчыліна. За апошнія два гады нам абнавілі халадзільнае абсталяванне, выкладка ў нас заўсёды добрая. У нас па 400-500 чэкаў у сярэднім за дзень, а па суботах, калі працуе рынак, бывае і больш. Я задаволеная ўмовамі працы, заробкам, лічу, што знайшла сваё «месца пад сонцам».

Вось і пастаянны пакупнік, пенсіянерка Марыя Іванаўна, пачуўшы размову журналіста з прадаўцом, падышла ды падзякавала за культуру абслугоўвання і заўсёды годны асартымент. Жанчына казала, так, як тут, рыбу ды мясную прадукцыю нідзе не выкладваюць, усё роўненька і прыгожа ляжыць, усё свежае… Лічу, прыемна пачуць такое.

А самым складаным конкурсам для сябе Жэня лічыць творчы – візітную картку. Хоць і аказалася самай крэатыўнай па выніках. А падчас практычнай часткі нашаму прадаўцу неабходна было прапанаваць паўфабрыкат для хуткай вячэры. Яўгенія прапанавала замарынаваную галёнку мясцовага вытворцы, гэта падкупіла журы. Бо сваё трэба прадаваць найперш!

У жыцці па-за прылаўкам наша Яўгенія – маладая жонка і клапатлівая гаспадыня. Зараз маладая сям’я шчыруе над рамонтам у сваім доме, а мужа наша канкурсантка сустракае смачнай выпечкай, надта любіць працаваць з дражжавым цестам.

Вынікамі конкурсу наша прадавец задаволеная і лічыць гэта сапраўднай прыгодай у жыцці, а яшчэ Жэня не адмовілася б ад новых прафесійных спаборніцтваў.

Конкурсу «Лепшы па прафесіі» ў сістэме спажыўкааперацыі сапраўды надаюць вялікую ўвагу. Усе ўдзельнікі і пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі ад арганізатараў і шматлікіх спонсараў: ААТ «Савушкін прадукт», ААТ «Піваварная кампанія Аліварыя», ААТ «Брэсцкі мясакамбінат», ЗАТ «Бабруйскі бровар» і «Гандлёвая кампанія «Мінск Крышталь Трэйд».

А нашы канкурсанты вельмі дзякавалі кіраўніцтву Івацэвіцкага райспажыўтаварыства за дапамогу і падтрымку, казалі, што ўсе, ад спецыялістаў да старшыні праўлення, хваляваліся за іх як за сябе саміх, і гэта дапамагло. А інакш не магло і быць, бо і сама Алена Куратнік успамінала, як у пачатку працоўнага шляху была ў пераможцах абласнога конкурсу прадаўцоў. Гэта быў цікавы старт, які прывёў да вяршынь. Няхай так будзе і з нашымі прызёрамі. Віншуем!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Поделиться