17 студзеня 1927 года ў вёсцы Воля нарадзіўся Мікалай Васільевіч Гойшык – юны герой Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна.
Мікалай Гойшык навучаўся ў польскай школе, а потым – у Яблонкаўскай пачатковай школе. Адзін з першых уступіў у піянеры, марыў стаць у будучым даследчыкам таямніц прыроды.
24 чэрвеня 1941 года Івацэвіцкі раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Чатырнаццацігадовы Мікалай Гойшык актыўна ўключыўся ў барацьбу з акупантамі. Піянер збіраў зброю і боепрыпасы, бацькі перапраўлялі іх у лес партызанам. Распаўсюджваў сярод насельніцтва лістоўкі, выконваў заданні партызан-разведчыкаў. Валодаючы добрай памяццю, прыносіў каштоўныя звесткі аб колькасці немцаў у гарнізонах, аб наяўнасці варожай тэхнікі.
У лютым 1943 года немцы высачылі і арыштавалі бацьку – Васілія Дзям’янавіча Гойшыка (1901–1943), які як партызанскі сувязны прыходзіў у Івацэвічы. Над ім здзекаваліся, патрабавалі навесці на партызан, але ён маўчаў, патрыёта расстралялі 17 лютага. Над яго сям’ёй навісла пагроза расправы. Маці, старэйшая сястра Ніна і Мікалай пайшлі ў Жытлінскі лес да партызан.
Мікалай Гойшык уліўся ў партызанскае жыццё 112-га атрада. Першым камандзірам атрада быў Аляксей Чарткоў (1920–1943). У красавіку 1943 года Мікалая Гойшыка прынялі ў камсамол. Юнака залічваюць у камсамольска-дыверсійную групу 112-га партызанскага атрада брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага. Мікалай Гойшык удзельнічаў у падрыве сямі варожых эшалонаў з тэхнікай і жывой сілай.
Партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага створана ў снежні 1943 года на базе атрадаў імя Молатава (арганізаваны ў красавіку 1942 г. як 112-ы партызанскі атрад, у ліпені 1942 г. аб’яднаны з атрадам В. М. Манахава, з кастрычніка 1942 г. называўся атрадам імя Молатава) і інш. Дзейнічала на тэрыторыі Бярозаўскага, Косаўскага і Целяханскага раёнаў, удзельнічала ў «рэйкавай вайне» на ўчастку чыгункі Бяроза – Івацэвічы.
Вечарам 23 красавіка 1944 года партызанам стала вядома, што а трэцяй гадзіне ночы ў накірунку Мінска пройдзе цягнік з танкамі. Падарваць гэты цягнік пайшлі Коля Гойшык і Лёня (Аляксей) Савошчык. На чыгуначным перагоне Бяроза – Івацэвічы замініраваць рэйкі не ўдалося з-за ўзмоцненай нямецкай аховы. Мікалай Гойшык кінуўся з мінай (сумка з 10 кг толу) пад надыходзячы эшалон, адбегчы і ўратавацца не паспеў. У выніку ўзрыву цягнік быў скінуты ў адхон паравоз і 16 вагонаў з танкамі, гарматамі і жывой сілай ворага, было забіта каля 200 гітлераўцаў. Чыгунка была выведзена са строю на 17 гадзін.
Мікалай Гойшык быў пахаваны на брацкіх могілках партызан ва ўрочышчы Курылец. У 1959 годзе перазахаваны ў брацкай магіле воінаў і партызан у скверы па выліцы Савецкай г. Івацэвічы.
27 красавіка 1945 года М. В. Гойшык узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» І ступені (пасмяротна). Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 снежня 1948 года М. В. Гойшык узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені (пасмяротна).
Каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага раёна, дзе загінуў герой, у Дзень савецкай моладзі 1968 года ўрачыста адкрыты помнік (скульптар М. Рыжанкоў, архітэктары В. Занковіч, Л. Левін).
У 2005 годзе Акадэміяй праблем бяспекі, абароны і правапарадку (Расія) М. В. Гойшык узнагароджаны ордэнам Святога князя Аляксандра Неўскага І ступені (пасмяротна). Узнагароджванне беларускага партызана праходзіла ў зале Перамогі Цэнтральнага музея Узброеных Сіл (Масква).
Па інфармацыі сайта Краязнаўства Берасцейшчыны.