12 жніўня 2022 г. – 74 гады з дня нараджэння Алеся Фаміча Зайкі (1948–2018), педагога, пісьменніка, краязнаўцы, этнографа.
Амаль цягам 40 гадоў Алесь Фаміч правёў у пошуках і збіранні. Агулам – месяцы працы ў розных архівах, агулам – многія тысячы з’езджаных дарог, тысячы сустрэч з людзьмі, многія тысячы запісаных дыялектаў нашага краю, фразеалагізмаў, прымавак і прыказак, гісторый… Ён збіраў і збіраў, нястомны ў сваім занятку…
Потым прыйшоў час сістэмнай работы. Увесь час плённа Алесь Фаміч супрацоўнічаў з “Івацэвіцкім веснікам”. Сотні краязнаўчых артыкулаў, гістарычных нарысаў, невялікіх эсэ і цудоўных замалёвак публікавалася на старонках газеты.
Пакрысе ён вярнуў гісторыю кожнаму населенаму пункту нашага раёна. Дакладную, сапраўдную гісторыю, з датай нараджэння. Мы сёння – ці не адзіны раён у Беларусі, які мае незвычайную кнігу: “Населеныя пункты Івацэвіччыны”, этнаграфічную і гістарычную, каштоўнасць якой ужо сёння ацэнена жыхарамі вёсак, мясцовай уладай, культработнікамі. Гэта надзвычай важна – ведаць пра свае карані, бо толькі гісторыя надае існаванню сапраўднае завяршэнне, мэту і сэнс. І першымі ў нашым раёне пачалі масава ўстанаўлівацца памятныя валуны ў вёсках з прымацаванымі таблічкамі, якія кожнаму госцю тут падказвалі: мы не проста жыхары, мы спадчыннікі, мы сваю гісторыю маем, мы сваю гісторыю ведаем… Спадчына Алеся Фаміча – “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны”, “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны”, “Прымаўкі і прыказкі Косаўшчыны”, дзе з сапраўдным навуковым падыходам і шчырай любоўю і павагай сабрана моўная спадчына нашага народа як частка нашай культуры. Дырэктар выдавецтва “Тэхналогія” Зміцер Санько заўважыў, што зробле-нае Алесем Зайкам раўназначнае працы некалькіх інстытутаў, а то і большае за гэта.
Дзве кнігі прозы Алеся Зайкі – “Дым з коміна” і “Чысты чацвер” – сталіся ўвасабленнем тонкай назіральнасці, лірычнасці і любові да зямлі і людзей.
На пахаванне Зміцер Санько і Алесь Разанаў прывезлі ўзгодненую вокладку новай кнігі Алеся Зайкі “Мікратапанімічны слоўнік Івацэвіччыны”. І гэты слоўнік – плён шматгадовых вандровак і збірання. У ім – назвы нашых мясцін, якім народ даваў прыгожыя і незвычайныя, трапныя па сваёй глыбіні назвы, якія гэтаксама – наша багацце. Гэтую кнігу меркавалася выдаць і прэзентаваць на 70-годдзе Алеся Фаміча – 12 жніўня 2018 года…
Як і планаваліся, кніга была выдадзена ў 2018 годзе.
Як і была прадоўжана праца над яго кнігай, над якой ён працаваў нястомна ў апошнія свае дні – кніга да 500-годдзя Івацэвічаў. Убачыла свет кніга ў 2019 годзе.
Алесь Фаміч Зайка не жыў. Ён – служыў. Усё ягонае жыццё – то служэнне Беларусі, свайму народу, сваёй зямлі, сваёй малой радзіме – любай Косаўшчыне.
Рэдакцыя “ІВ”