Большасць маіх знаёмых, суседзяў нават не ведае, што пэўная частка беларусаў адзначае 25 сакавіка Дзень волі. Дата непрыкметна забылася, хаця напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, пасля распаду СССР, ёй надавалася вялікае значэнне.
Але чаму прапала цікавасць да гэтай даты?
Справа ў тым, што сучасныя гісторыкі і палітыкі змаглі данесці да грамадства наступны пасыл: ніякае гэта не свята, бо нарадзілася Беларуская народная рэспубліка (БНР) тады, у 1918-м годзе, калі наша зямля была акупіравана немцамі. Так бы мовіць, воля з дазволу немцаў. Акупацыйныя ўлады не былі асабліва супраць стварэння марыянетачнай дзяржавы, тым больш, існавала яна, шчыра кажучы, на паперы. І суровыя падзеі наступных гадоў “здзьмухнулі” гэтае ўтварэнне, а калі вырашаўся лёс краіны, якую разрэзалі на дзве палавіны – на Заходнюю (у складзе Польшчы) і Усходнюю (у складзе СССР), то меркаванне БНР на гэты конт мала каго цікавіла. Нядзіўна, што ў 1925-м годзе ўрад БНР заявіў ад самароспуску. Адбылося гэта ў Берліне.
Здаецца, гэтая марыянетачнасць і незапатрабаванасць БНР моцна зніжае павагу і аўтарытэт да яе. БНР не стала апорай для беларусаў, нават падчас перабудовы і распаду СССР людзі толкам не разумелі сутнасць гэтага ўтварэння. Таму цікавасць да Дня волі зышла паступова. Сучасная моладзь ва ўзросце ад 16 да 30, як, зразумела, і сярэдняе і сталае пакаленне, ушаноўваюць Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, Дзень Канстытуцыі… Гэтыя святы нарадзіліся не з дазволу акупанта; за нашу агульную перамогу ў гады Вялікай Айчыннай беларусы ахвяравалі тысячы жыццяў. Мы сталі незалежнымі, сталі людзьмі звацца дакладна не 25 сакавіка.
Таму мае суседзі, знаёмыя з Івацэвічаў і раёна нават толкам і не ведаюць пра той Дзень волі. Гэтая дата – не краявугольны камень нашай дзяржаўнасці, а падзеі тых часоў выклікаюць шмат пытанняў, бо неадначнымі сімваламі сталі герб “Пагоня” і бела-чырвоны-белы сцяг.
Увасабленне нашай незалежнасці – іншыя даты і сімвалы. Людзі гэта падтрымалі падчас рэферэндуму ў 1995-м годзе, адмовіўшыся ад сімволікі БНР і паступова забыўшыся пра Дзень волі.
Мы крочым у будучыню з іншымі святамі.
Ігар МАКСІМЕНКА.