Тыдзень таму здзейснілася мара, якая з’явілася ў бібліятэкара Святланы Яцкевіч больш за 20 гадоў таму, у далёкім 2000 годзе, калі яна толькі пачала працаваць у Яглевіцкай сельскай бібліятэцы.

Гэта не першае працоўнае месца Святланы Яцкевіч, яна родам з Бярозаўскага раёна, дзе шчыравала ў Пескаўскай бібліятэцы. Школьны музей актыўна дзейнічаў у школе, якую закончыла Святлана Мікалаеўна. І пазнаёміўшыся з вёскай Яглевічы, куды маладая жанчына прыехала следам за мужам (тут яму прапанавалі работу ў калгасе), і з яе прыветлівымі і дапытлівымі жыхарамі, так спадабалася ёй тут, што спачатку патаемная мара пра этнаграфічны куточак займела аздабленне ў галаве руплівага бібліятэкара, а пасля і экспанаты назбіраліся, і месца знайшлося. Актыўна дапамагалі і дапамагаюць Святлане Яцкевіч з вывучэннем гісторыі вёскі і пошукам каштоўных крыніц для бібліятэчнага музея ветэраны педагагічнай працы. «Гэта мае самыя актыўныя паплечнікі, хачу выказаць ім словы падзякі і пакланіцца да зямлі. Васілій Васільевіч Пякарскі, Валянціна Васільеўна Міхнюк, Надзея Герасімаўна Таўрэль, вялікі Вам дзякуй за супрацоўніцтва і Вашу неабыякавасць да гісторыі роднага краю», – падзялілася Святлана Яцкевіч.

А Надзея Герасімаўна імкнулася нас упэўніць, што бібліятэка на вёсцы – сапраўдны культурны цэнтр прыцягнення: «Бы магнітам цягне нас сюды прыйсці. Мы ж яшчэ помнім бібліятэку ў маленькім доміку, бо ў нашай вёсцы яна існуе з 1950 года».

Гэта зараз тут прыгажосць: і прасторна, і ўтульна. Тут і навінкі літаратуры (асабліва з павагай і гонарам чытаем кнігі мясцовых аўтараў – Святаслава Кажадуба і Алеся Зайкі), і рэлігійная літаратура, і розныя творчыя сустрэчы праводзяцца, ды і проста цягне пагаварыць з разумным і прыемным чалавекам. А той вопыт, які мы назапасілі за ўсё жыццё, не меў бы працягу без нашай Святланы. Вось дзе сапраўды чалавек на сваім месцы!»

Этнаграфічны куточак уяўляе сабой пакой накшталт традыцыйнай сялянскай беларускай хаты, дзе галоўнае месца займае печ. Яна ўмела зроблена рукамі афарміцеля з Івацэвіч. Але ў печы стаіць чыгунок, і вучні Яглевіцкай СШ, якія разам з бібліятэкарам, праводзяць экскурсіі дэманструюць, як вілкамі ставіцца чыгун у печ. Ёсць ложак, каля якога вісіць люлька. Гэтай люльцы гадоў пад сотню, не адно пакаленне гушкалі ў ёй. З аднаго боку пакоя – мужчынская палова: тут і кашулі саматканыя, і ручнікі, і прылады працы сялян у полі і ў хаце – косы, кашы, корабы, сярпы… У жаночай палове шырока прадстаўлена адзенне, а яшчэ збаночкі для квасу і малака, качалка, маслабойка, прас, калаўрот. Вышытыя сукенкі, кашулі і ручнікі, вытканыя залатымі рукамі бабуль, ахвяравалі для музея Вера Пятроўна Бахур і Таццяна Аляксандраўна Чарнова.

Кожны экспанат, які знаходзіцца ў музеі бібліятэкі, мае пэўную гісторыю. І пра кожнага, хто падараваў тую ці іншую рэч дзеля экспазіцыі, Святлана Мікалаеўна можа расказаць. «Гэта нашы мясцовыя жыхары, якіх я люблю», – падкрэслівае яна. Як, напрыклад, расказала нам пра ручнік 1914 года, які трапіў у музей ад Ніны Мікалаеўны Гідзюк, – бялюткі, і час яго не сапсаваў, а якой тонкай работы карункі і вышыўка на вензелі.

Сярод каштоўных экспанатаў кніга, у якой распісаны службы Велікоднага тыдня. У 1926 годзе Яглевіцкай царкве ў асобе Антонія Амбражэўскага яе падарыў мітрафорны протаіерэй Вячаслаў Якубовіч. Каштавала яна ў той час 25 злотых. За такія грошы можна было б набыць карову.

«На працягу двух гадоў збіраліся экспанаты. Цяжка было толькі пачаць. Пачалі з галоўнага для беларуса ў хаце – з печы. А пасля неяк зайшоў у бібліятэку айцец Віталій, запытаў, што новага. Я падзялілася, што ў нас з’явілася памяшканне, але нешта марудзіцца справа, як усё да толку давесці, экспанатаў шмат, хочацца граматна ўсё абсталяваць. Ён прапанаваў асвяціць месца пад будучы музей, падказаў, з чаго лепей пачаць, нават і сам паўдзельнічаў – некаторыя рэчы з экспазіцыі яго, ад матулі прывёз. Вось так з Божага блаславення ўсё закруцілася, і за два тыдні ўсё зрабілі», – успамінае Святлана Яцкевіч.

Падчас адкрыцця этнаграфічнага куточка прайшла ў Яглевіцкай сельскай бібліятэцы краязнаўчая сустрэча «Мае Яглевічы – край прыгожы, гасцінны». Наведвальнікаў было шмат: успомніць аднавяскоўцаў, іх лёс і добрыя справы расказаць пра старонкі з гісторыі вёскі хацелася многім.

Завітваць у бібліятэку падабаецца не толькі людзям сталага ўзросту, школьнікі і дашкольнікі з задавальненнем прыбягаюць па кніжкі і каб паўдзельнічаць у мерапрыемствах да прыветлівага і цікавага бібліятэкара Святланы Мікалаеўны. А цяпер у іх з’явіцца яшчэ адна прычына – наведаць этнаграфічную экспазіцыю і даведацца больш пра родную старонку. Вялікі патрыятызм пачынаецца з малога – з таго месца, дзе жывеш, вучышся і працуеш!

Медалі і працоўныя ўзнагароды свайго бацькі – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Іосіфавіча Пытляка – перадала для экспазіцыі яго дачка Любоў Фосцікава.

Марыя Сазонава. Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться