Формула паспяховай здачы ЦТ ад выпускніц СШ № 1 г. Івацэвічы Вольгі Церашонак і Аляксандры Паўловіч

У 2022 годзе біялогію здавала больш за 18 500 чалавек, з іх 100-бальны вынік атрымалі толькі 39 чалавек, у ліку якіх і выпускніца ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Івацэвічы» Вольга Церашонак.
«Вучыць, вучыць і яшчэ раз вучыць»
Вольга Церашонак, сарамлівая дзяўчына з вельмі прыгожай усмешкай, скончыла школу з залатым медалём, са стабальным атэстатам. Акрамя біялогіі Вольга здавала яшчэ ЦТ па хіміі і рускай мове, бо з дзяцінства хацела стаць толькі ўрачом. Агульнай колькасці балаў у 350 хапіла, каб мары дзяўчынкі ажыццявіліся: Вольга паступіла на бюджэт у Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт на медыка-дыягнастычны факультэт.
Пасля заканчэння ўніверсітэта школьная выдатніца марыць працаваць урачом ультрагукавой дыягностыкі, такім чынам дапамагаць у правільнай пастаноўцы дыягназаў, каб усе людзі былі здаровыя.
Паспяховая здача ЦТ па біялогіі – гэта не выпадковасць. Вольга мэтанакіравана займалася біялогіяй з сёмага класа, былі перамогі і на раённым узроўні на алімпіядах. Дзяўчынка-выдатніца разумела, што будучаму ўрачу без біялогіі не абысціся. Але сапраўдную любоў і зацікаўленасць да таямніц гэтага прадмета здолела прывіць Наталля Яўгенаўна Сагановіч, якой Вольга бязмерна ўдзячная. «Біялогія – гэта дакладная навука, тут трэба вучыць, вучыць і яшчэ раз вучыць, а пасля тэорыю ўмела прымяняць на практыцы – рашаць алімпіядныя заданні і тэсты ЦТ, і будзе вам поспех», – з усмешкай расказвае Вольга наконт сваёй методыкі падрыхтоўкі. У 11 класе любімаму прадмету дзяўчынка прысвячала пяць гадзін на тыдзень: чатыры разы – урокі біялогіі ў профільным класе, а яшчэ адна гадзіна дадатковых заняткаў з настаўнікам.
«З Наталляй Яўгенаўнай мы маглі займацца далёка не адну гадзіну, а значна больш. Калі настаўнік бачыць вашу зацікаўленасць у прадмеце, часу свайго не шкадуе, і для вас час ляціць цікава і незаўважна. Вельмі пашанцавала нам з ёй, ды не толькі з ёй, са ўсімі. Выказваю словы ўдзячнасці настаўніку рускай мовы Але Васільеўне Валінскай, мне вельмі падабаецца гэтая разумная і энергічная жанчына, хочацца быць падобнай на яе, а таксама – настаўніку хіміі Любові Рыгораўне Іванец, надта грунтоўныя яе ўрокі былі. Дзякуючы іх прафесійнасці ЦТ паддалося, а мая мара вучыцца на доктара спраўдзілася», – дзеліцца з намі выпускніца СШ № 1 г. Івацэвічы Вольга Церашонак.
Да нашай размовы далучылася Аляксандра, падкрэсліўшы, што Вольга сціплая і не расказала пра свае поспехі і ў іншых сферах: Дзіцячую школу мастацтваў г. Івацэвічы, ды з адзнакай, скончыла ў восьмым класе, але наведваць яе не перастала да заканчэння сярэдняй школы. У 2022 годзе Вольга стала дыпламантам 1 ступені міжрэгіянальнага конкурсу інструментальнай музыкі ў складзе ансамбля «Забавушка» (кіраўнік – Алег Іванавіч Зыбайла). «Гэта быў мой спосаб пераключыцца ад вучобы на занятак для душы», – сціпла дадае Вольга.
«Заняткі павінны прыносіць радасць»
У 2022 годзе замежную мову (гэта англійскую, нямецкую і інш.) здавала больш за 27 000 чалавек, з іх 100-бальны вынік атрымалі толькі 47 чалавек, у ліку якіх і выпускніца ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Івацэвічы» Аляксандра Паўловіч.
Аляксандра – неардынарная і прыгожая дзяўчына, адказы якой часта былі непрадказальнымі. Сярэдні бал атэстата ў яе – 9 з паловай, васьмёркі толькі па двух прадметах, астатнія – 9 і 10. На ЦТ здавала нямецкую і рускую мовы, гісторыю Беларусі – агульная колькасць балаў разам з балам атэстата – 364. Цяпер выпускніца СШ № 1 г. Івацэвічы будзе вучыцца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце на факультэце міжнародных адносін, і гэта будучы перакладчык-рэферэнт.
У дзяцінстве Саша марыла стаць доктарам, пайсці па слядах сваёй маці. Але дзесьці ў класе шостым-сёмым перадумала, яе настолькі зацягнула філалогія, а канкрэтна – нямецкая мова, што медыцына адышла ўбок. На выбар дзяўчынкі-падлетка на той час паўплывала асоба настаўніка нямецкай мовы – Наталлі Леанідаўны Янковіч. Яна пераканала Сашу паспрабаваць сябе на алімпіядзе спачатку, небеспаспяхова, а далей – болей: Аляксандра стала пастаяннай удзельніцай не толькі алімпіяд, але і навуковых канферэнцый. Другі год запар Аляксандра з’яўляецца дыпламантам 1 ступені другога і 3 ступені трэцяга этапаў рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, а ў гэтым навучальным годзе ў скарбонку дадаўся дыплом 1 ступені раённага і 3 ступені абласнога этапа навукова-даследчай канферэнцыі «З навукай у будучыню» (кіраўнік – Н. Л. Янковіч). «Наталля Леанідаўна – рознабаковы і цікавы чалавек, у яе мноства задумак і ідэй, чым яна і запальвае сваіх вучняў, хочацца яе не падвесці. Падрыхтоўка да алімпіяд была грунтоўная, таму заданні ЦТ не надта пужалі, можа, яны і лягчэйшыя былі: я штудзіравала іх самастойна, а тыя заданні, дзе ўзнікалі цяжкасці, мы разбіралі разам з настаўнікам. Веды па астатніх прадметах падцягвала падчас урокаў і дадатковых заняткаў. Асобна трэба спыніцца на гісторыі Беларусі. Восенню здала рэпетыцыйнае тэсціраванне і зразумела, што я неяк легкадумна адносілася да дадзенай дысцыпліны. Вельмі дапамаглі цудоўныя ўрокі Ірыны Сяргееўны Макарэвіч, яна дала грунтоўную базу, а ўсе астатнія нюансы я дапрацоўвала самастойна. Нельга не адзначыць цікавыя і карысныя ўрокі рускай мовы Алы Васільеўны Валінскай, яе падачы матэрыялу хапіла, каб здаць ЦТ без рэпетытараў, – расказвае Аляксандра і працягвае ўдумліва:
– Нельга зацыклівацца толькі на вучобе, заняткі павінны быць у радасць, і аддушына нейкая павінна быць. Для мяне такой з’яўляўся жывапіс. Я наведвала заняткі Святланы Дзмітрыеўны Тарасюк у нашым Цэнтры дзіцячай творчасці. Там, разумееце, нават атмасфера нейкая асаблівая, творчая і радасная. На працягу ўсіх гадоў вучобы настаўнік па жывапісе падтрымлівала мяне ва ўсім і верыла ў мой поспех».
«Рэалізаваць сябе можна паўсюль у нашай краіне»
І Аляксандра, і Вольга былі ўдзельніцамі прыёму-сустрэчы старшыні Брэсцкага аблвыканкама Ю. Шулейкі са стабальнікамі Брэстчыны. «Гэта вельмі ганарова і адначасова хвалююча быць сярод лепшых на прыёме ў самога губернатара нашай вобласці», – выказалася Вольга. А Аляксандра дадала, што мець магчымасць задаваць пытанні прадстаўніку ўлады ў нефармальнай абстаноўцы – гэта вельмі цікава і запамінальна. «Вельмі спадабаўся наш губернатар, такі разумны чалавек. Шкада, што да мяне не дайшоў мікрафон, – усміхаецца дзяўчынка і дадае: – Мяне яшчэ ўразіла экскурсія па прадпрыемстве «Савушкін прадукт», падкрэсліла для сябе, што мае калегі, перакладчыкі, таксама там запатрабаваныя і што рэалізаваць сябе ў нашай краіне можна ў любых сферах, было б толькі на тое жаданне».
Запомніцца на ўсё жыццё
У нашым раёне таленавітую моладзь ушаноўваюць у велічных залах Косаўскага палаца. «Баль адоранай моладзі» праводзіцца пры падтрымцы кіраўніцтва раёна, і трэба адзначыць, што кожны баль не падобны на астатнія. Дзяўчатам пашчасціла стаць удзельніцамі балю два гады запар. У мінулым годзе, калі дзяўчаты былі ўпершыню на такім мерапрыемстве, быў стымул вучыцца і праяўляць сябе, каб і ў наступным годзе апынуцца ў гэтай чароўнай і казачнай атмасферы, кружыцца пад гукі вальса ў шыкоўных строях і зноў убачыцца з таленавітымі равеснікамі.
Мары дзяўчат спраўдзіліся – яны зноў сталі гасцямі «Балю адоранай моладзі». Толькі каб мары гэтыя збыліся, дзяўчаты шмат вучыліся і былі актыўнымі ўдзельніцамі алімпіяд, канферэнцый і конкурсаў. Няхай і далей шанцуе на жыццёвай дарозе разумным, таленавітым, прыгожым і такім разважлівым дзяўчынкам – Вользе і Аляксандры!
Марыя САЗОНАВА, фота аўтара.