Галоўнай маладзёжнай арганізацыі краіны – 20 гадоў!
ГА «БРСМ» святкуе юбілей
Так, самая масавая маладзёжная арганізацыя, правапераемнік камсамола, толькі на Брэстчыне аб’ядноўвае сёння каля 40 тысяч маладых людзей ад 14 да 31 года. Рашэнне аб стварэнні арганізацыі было падпісана 6 верасня 2002 года на аб’яднаным з’ездзе.
У сваім віншаванні Прэзідэнт краіны Аляксандр
Лукашэнка адзначыў, што арганізацыя стала пляцоўкай для маладзёжных ініцыятыў і своеасаблівым сацыяльным ліфтам для юных талентаў.
Дарэчы, юбілей арганізацыя святкуе актыўна: новымі праектамі і тэматычнымі мерапрыемствамі, сустрэчамі.
Так, у нашым раёне падчас абласнога фестывалю «Дажынкі-2022» у цэнтральным скверы Целяхан на брацкіх могілках з’явілася таблічка з QR-кодам. Рэспубліканскі праект «Лічбавая зорка» пры дапамозе такіх QR-кодаў дорыць актыўным карыстальнікам гаджэтаў і сацсетак магчымасць быць бліжэй да гісторыі. Чалавек, які адсканіруе код, атрымае на тэлефон поўную інфармацыю аб месцы пахавання 63 партызанаў і ваеннаслужачых Чырвонай Арміі ў Целяханах.
Першы сакратар абкама ГА «БРСМ» Юрый Сегянюк, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Кацярына Шыян, ветэран студатрадаўскага руху Яўген Карпік (а сёння дырэктар УА «Высокаўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійна-тэхнічны каледж») разам з моладдзю ўрачыста адкрылі таблічку. Цяпер гісторыя патрапіла і ў тэлефоны…
Да значнага юбілею наша раённая арганізацыя ГА «БРСМ» падышла з добрымі вынікамі: на сёння яна аб’ядноўвае 1 209 чалавек (тры сотні юнакоў і дзяўчат далучыліся за апошні год). У нас дзейнічаюць 80 пярвічак, у апошнія гады актывізавалася працоўная моладзь, і гэта радуе. А гэтай вясной і летам у раёне дзейнічалі 23 студатрады, першыя грошы зарабілі 276 чалавек!