x
Close
ГАИ Новости Общество Происшествия

Гарачая пара на дарогах: чатыры рэзанансныя ДТЗ адбыліся ў раёне за два тыдні

Гарачая пара на дарогах: чатыры рэзанансныя ДТЗ адбыліся ў раёне за два тыдні
  • Опубликовано:18 августа, 2023

Супрацоўнікі АДАІ Івацэвіцкага РАУС адзначаюць, што апошнім часам здарэнняў на дарогах летам нават больш, чым у зімовы слізкі перыяд. Так, вадзіцелі і пешаходы больш акуратныя і абачлівыя зімой, а вось летам часта забываюць пра гэта, хоць рух у час канікулаў і водпускаў на дарогах немалы…

За два тыдні ў ліпені і жніўні адбыліся адразу чатыры рэзанансныя ДТЗ. 22 ліпеня дзвюм турысткам, жанчынам з Расіі, і жыхарцы Мінска прыйшлося скарэкціраваць турыстычны маршрут па знакавых месцах Ружаншчыны і Івацэвіччыны, бо па дарозе з Ружанскага замка іх «Міні Купер» сутыкнуўся з грузавым аўто «Івека AS 440». Гэта адбылося на 144 км аўтадарогі Р44 «Гродна – Ружаны – Івацэвічы». Абодва вадзіцелі былі цвярозыя, пакуль яшчэ даецца прававая ацэнка здарэнню, аднак, па папярэдняй інфармацыі, віноўнік аварыі – вадзіцель вялікагрузу. У гэтай аварыі абышлося без сур’ёзных траўм, а вось здарэнне ў в. Доўгая, што адбылося двума днямі пазней, скончылася шпіталізацыяй пацярпелых, у тым ліку дзіцяці.

У светлы час сутак на роўным участку дарогі вадзіцель «Хонды Акорд» пайшоў на абгон «МАЗа», не ўпэўніўшыся, ці чыстая сустрэчная паласа, у выніку сутыкнуўся з «Фальксвагенам Пола». За рулём «Фальксвагена» была маладая маці, яна з трохмесячнай дачушкай з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі патрапіла ва УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ». Былі траўмы і ў вадзіцеля, а таксама пасажыра другой легкавушкі. Па факце ДТЗ з чатырма пацярпелымі ўзбуджана крымінальная справа па
ч. 2 арт. 317 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Працягнуў сумную статыстыку выпадак са смяротным зыходам. Раёнка ўжо пісала раней, што
4 жніўня на аўтадарозе М1/Е30 «Брэст – Мінск – граніца РФ» у 22.25 62-гадовы пешаход патрапіў пад колы «Форда». У цёмны час вадзіцель не заўважыў пешахода без флікера. Следства яшчэ дасць прававую ацэнку здарэнню, але якой бы яна не была, жыццё мужчыны ўжо не вярнуць.

З непрыемнага здарэння пачаў свой вадзіцельскі стаж 18-гадовы юнак, які 8 жніўня прыкладна ў 22.30 збіў дзікую жывёлу (лася). Гэта адбылося непадалёк ад Няхачава, малады вадзіцель не заўважыў жывёлу, яна раптам вынырнула з лесу, і здзейсніў наезд. У стрэсавым стане і з траўмамі вачэй ад разбітага шкла малады вадзіцель «Фальксвагена» праехаў яшчэ прыкладна кіламетр. Пасля вярнуўся на месца здарэння, але за лічаныя хвіліны тут жа адбыўся паўторны наезд на збітага лася. Месца здарэння яшчэ не было абазначана знакам аварыйнага прыпынку, на тушу наехаў «Мэрсэдэс», і яго адкінула ў кювет. Абодвум вадзіцелям спатрэбілася дапамога медыкаў, адміністрацыйную адказнасць яны не панеслі, аднак да вялікага стрэсу дадайце яшчэ і немалыя сродкі на рамонт аўто ў дадзеным не страхавым выпадку.

Даішнікі прызываюць вадзіцеляў у летні час, калі жывёлы становяцца больш актыўнымі, быць асцярожнымі на дарогах, што непадалёк ад лясных масіваў. Канкрэтна ў гэтым выпадку абышлося без вялікіх страт, а сцэнарый мог быць зусім іншым…

Два тыдні, і такія розныя здарэнні з рознымі развязкамі, але вынік можна зрабіць адзін – бяспека на дарогах у большай ступені залежыць менавіта ад чалавечага фактару. І пешаходам, і ва-
дзіцелям неабходна прытрымлівацца Правілаў дарожнага руху і быць пільнымі нават на самай бяспечнай на першы погляд дарозе!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.