Цёплае надвор’е і дожджыкі спрыяюць добраму росту травы. А яна адным радуе вока, а другім дастаўляе нязручнасці. На мінулым тыдні у рэдакцыю паступіў вусны зварот ад жыхароў Івацэвічаў, якіх непакоіць зарослая травой мясцовасць паміж каталіцкім касцёлам і гаражным масівам па вул. М. Танка.
– Мала таго, што карціна для горада вельмі непрыглядная, дык яшчэ гэта добрае прыстанішча для кляшчоў і насякомых-крывасмокаў! – абураюцца гараджане.
А, між іншым, яшчэ мінулай восенню раёнка пісала пра гэтае месца, якое было прыстанішчам зусім не для насякомых, а для кампаній, якія там і пасядзелкі ўстройвалі з алкаголем, і смецце пасля сябе пакідалі. У красавіку, падчас правядзення раённага суботніка, на гэтым праблемным участку разам з Івацэвіцкай ЖКГ шчыравалі некалькі арганізацый горада, якія навялі парадак на землях агульнага карыстання: прыбралі смецце, выдалілі драўніна-хмызняковую расліннасць.
А вось сёння там шуміць высокая трава, якая даросламу чалавеку амаль у пояс. Адзіная вытаптаная сцежка вядзе ад гаражнага масіву да раскідзістага дуба, а адтуль – да магазіна Івацэвіцкага райста «МЕГА опт». Некалькі пустых бутэлек ад спіртных напояў пад дрэвам красамоўна гавораць, што нехта тут усё ж такі бавіць час. Што ж, сховішча на-дзейнае, бо з дарогі ў высокай траве ды пад вялікай зялёнай кронай дрэва там нікога не разгледзіш.
Высвятляючы, хто ў адказе за пакос травы на згаданым праблемным участку, звярнуліся ў ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» да намесніка дырэктара Васілія Германа, які дапамог разабрацца ў нюансах нарматыўных актаў, што вызначаюць парадак работ па ўтрыманні належнага стану зялёных тэрыторый горада. Між іншым, у гэтай тэме нярэдка ўсплываюць спрэчныя пытанні, у якіх жыхары вінавацяць камунальнікаў, прычым забываюць пра ўласнікаў, якія павінны сачыць за парадкам не толькі на сваёй, але і на прылягаючай тэрыторыі.
Так, згодна з рашэннем Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта ад
2 лістапада 2021 года № 1380 «Аб прыцягненні да выканання работ па падтрыманні належнага санітарнага стану адпаведных тэрыторый», юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі на зямельных участках, на якіх размешчаны нежылыя збудаванні, з боку фасада збудавання павінны абкошваць траву ад граніцы зямельнага ўчастка да тратуара, а ў выпадку яго адсутнасці – да граніцы праезнай часткі вуліцы ці дарогі, па астатніх баках зямельнага ўчастка – палову адлегласці разрыву да граніцы суседняга ўчастка, але не больш за 30 метраў. Падтрымліваць належны санітарны стан неабходна і на зямельных участках, прадстаўленых для будаўніцтва і (або) эксплуатацыі гаражоў, аўтамабільных стаянак для захоўвання транспартных сродкаў на адлегласці 5 метраў па перыметры зямельнага ўчастка.
– Мы ні ў якім разе не знімаем з сябе адказнасці, і названая тэрыторыя будзе абкошана сіламі ЖКГ у бліжэйшыя 7-8 дзён, але і Івацэвіцкаму райста, якому належыць магазін «МЕГА опт», і касцёлу, і ўласнікам гаражоў патрэбна прытрымлівацца ўстаноўленых нарматываў, – адзначыў Васілій Іванавіч.
Ён таксама паведаміў, што пакос травы камунальнай службай выконваецца згодна з графікам. Прычым, за «зялёную стрыжку» камунальнікі ў адказе не толькі на ўчастках райцэнтра, але і на тэрыторыі Косава і Целяхан. Работа па касьбе арганізавана штодзённа, яе выконваюць дзевяць касцоў з трымерамі. Яшчэ ў Івацэвіцкай ЖКГ маецца адзін міні-трактар «Вікінг», дзве касілкі на базе трактара МТЗ – яны прадугледжаны для касьбы на вялікіх пляцоўках.
Акрамя таго, згодна з раённым планам мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі ў г. Івацэвічы ў маі на дапамогу камунальнікам выйшлі 12 арганізацый для пакосу травы на прыдамавых тэрыторыях па вуліцах Леніна, Савецкай, Механізатараў, Дэпутацкай, 60 год Кастрычніка, Камуністычнай, Чарткова і Шаўчэнкі райцэнтра.
Між іншым, і да нуднага гудзення бензакасы зранку адказныя службы таксама просяць жыхароў шматпавярховак ставіцца з паразуменнем. Зразумела, што хтосьці ў гэты час і адпачывае, але неабходна таксама ўвайсці і ў становішча касца, якому трэба папрацаваць зараней, каб пад спякотным сонцам і пад нагрузкай бензакасы не страціць прытомнасць.
Работы па пакосе травы ў межах горада хоць і не надта імкліва, але рухаюцца. У Івацэвіцкай ЖКГ паабяцалі, што першы ўкос на землях агульнага карыстання, што размешчаны на тэрыторыі паміж каталіцкім касцёлам і гаражным масівам па вул. М. Танка, завершаць у бліжэйшы час, жыхарам застаецца або набрацца цярпення, або самім выйсці з трымерамі і дапамагчы.
Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.