Супрацоўнікамі Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь за 12 месяцаў 2022 года прынята 31 рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па арт. 306 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Парушэнне правіл аховы працы».

У дзейнасці службовых асоб не назіраецца складу злачынства, але, разам з тым, назіраюцца парушэнні адміністрацыйнага характару (паведамленні аб гэтым накіраваны ў Бярозаўскую міжраённую інспекцыю аховы працы). Аднак за адпаведны перыяд па тым жа артыкуле ўзбуджана дзве крымінальныя справы ў адносінах да службовых асоб.

Найбольш часта падобныя факты фіксуюцца на вытворчасці ў дзвюх папраўчых установах, што размешчаны на тэрыторыі раёна, – ПК-5 і ПК-22. Але насцярожвае той факт, што ў шэрагу іншых прадпрыемстваў раёна склалася не самая спрыяльная сітуацыя з захаваннем тэхнікі бяспекі.

У адным з сельгаспрадпрыемстваў Целяханшчыны пасля таго, як там прайшоў ураган, наспела неабходнасць тэрміновага правядзення работ па рамонту пашкоджанага даху на некаторых будынках – іх праводзілі на вышыні некалькі працаўнікоў гаспадаркі, але кіраўніцтва на аб’екце не аформіла нарад допуску да работ, не праведзены быў адпаведны інструктаж, а работнікі не забяспечаны надзейнымі сродкамі абароны, страхоўкі і г. д. У выніку адзін з работнікаў паляцеў з вышыні ўніз. На шчасце, ён моцна не пацярпеў, тым не меней, атрымаў траўмы, следчымі нашага райаддзела праведзена дасканалае вывучэнне дадзенай сітуацыі, у адносінах да прараба сельгаспрадпрыемства ўзбуджана крымінальная справа, ён аштрафаваны на 70 базавых велічынь (2 240 рублёў).

Падобныя здарэнні, якія скончыліся гібеллю работнікаў, мелі месца і на іншых прадпрыемствах Івацэвічаў і раёна (пра некаторыя з іх «ІВ» ужо расказваў, таму не будзем спыняцца канкрэтна). Звернем толькі ўвагу, што першапрычына – парушэнне тэхналагічнай дысцыпліны, калі выконваць работы даручаюць чалавеку, які не мае права за іх брацца. Спадзяванні на «авось» прыводзяць да калецтваў і смяротных траўм.

І яшчэ. 57-гадовая жыхарка Івацэвічаў, якая пражывала ў шматпавярхоўцы райцэнтра і вылучалася любоўю да бадзяжных сабак і катоў, у адзін з дзён сутыкнулася з наступнай праблемай: кот пра-
браўся ў памяшканне спецыяльна абсталяванай электрашчытавой, а вылезці не мог. Ён толькі мяўкаў. Жанчына вырашыла самастойна правесці аперацыю па вызваленні жывёлы, бо мела магчымасць пранікнуць у памяшканне шчытавой (меўся свой ключ). На сённяшні момант немагчыма сказаць, як канкрэтна развіваліся падзеі, але жанчына папала пад высокае напружанне і загінула ад удару токам.

Падкрэслю: яна пранікла ў памяшканне, куды не мела права заходзіць. Магла выклікаць і дачакацца дзяжурнага электрыка, але замест гэтага вырашыла дзейнічаць самастойна. Да чаго можа прывесці падобная самастойнасць – вывад зрабіце самі.

Поделиться