Такая слава пранеслася па наваколлі пра дзвюх жанчын-гарталянак, якія «зажигали» тыдзень таму ў тэлеперадачы Андрэя Малахава «Песні ад усёй душы»

Ніна Афанасьеўна Гапонік і Любоў Мікалаеўна Дзягцярык – сяброўкі не адзін дзясятак гадоў, а апошнім часам – не разлі вада. Жанчыны – пенсіянеркі, але застаюцца весялушкамі і аптымісткамі. Яднае іх адно захапленне – народная песня. І спяваюць яны ад душы, так, што хата звініць. Пад гарачы бубен і звонкую гармонь ногі самі просяцца ў скокі і радасная ўсмешка міжволі расплываецца на твары. Такі жыватворны струмень народнай творчасці, такі агонь яскравых яе фарбаў і пранікнёнасці не можа не ўскалыхнуць душу, не можа не крануць яе да самай глыбіні.

Пасля рэкамендацыі прагляду тэлеперадачы знаёмым і землякам каторы дзень атрымліваю і я добрыя водгукі і падзякі, якія сугучны словам Таццяны Казлоўскай, што жыве ў Івацэвічах: «Вось дык парадавалі! Дзякуй вялікі! Перад камерай вельмі няпроста і спяваць, і гаварыць. А гонар які за нашых землякоў!»

Спяваць буду, колькі буду жыць
Улетку на лавачцы каля хаты Любові Мікалаеўны Дзягцярык становіцца цесна, як толькі зайграе гармонь. Спевы сябровак на два галасы раздаюцца ў святы па ваколіцы і прыцягваюць слухачоў, вясковых аматараў паспяваць у кампаніі, сігналяць ім, вітаючы, і запавольваюць рух праезджыя аўто. Раней на гэтай лавачцы збіраліся жанчыны-пявунні старэйшага пакалення, равесніцы матулі Любові Мікалаеўны, якая па спадчыне перадала дачцэ такі высокі голас. Песня тады была неад’емнай часткай вясковага жыцця. Каля хат па розных ускраінах і ў цэнтры вёскі моладзь збіралася, падпявала і танчыла, а там, глядзіш, нехта адзін аднаму падміргнуў – і спявалі праз месяц-другі ўжо на іх вяселлі. Вёска разрасталася, гудзела звонкімі спевамі… З песняй і працавалі, і адпачывалі. Цяпер усё інакш, але гэтыя дзве жанчыны засталіся тым астраўком, дзе захавалася народная песня ў тым яе выпеставаным продкамі выглядзе.

Жанчынак гэтых я ведаю, бо сама родам з гэтай вёскі. Яны, як і аўтар радкоў, са шматдзетных сем’яў, а тады шматдзетнай лічылася сям’я, дзе бегала не менш за пяць дзяцей, і вызначалася кожная найперш працавітасцю. Любоў Мікалаеўна Дзягцярык – аднакласніца маёй сястры. Замуж Любоў Мікалаеўна пайшла рана, у 17, але жыццё не складвалася з першага дня. Люба працавала даяркай, трымала карову, і на яе жаночых плячах быў клопат аб гаспадарцы: пасвіць карову – сама, сама сена нарыхтаваць… Але як толькі бралася за работу, прасілі жанчыны: «Люба, запявай!» і Люба спявала. У песні растваралася крыўда на лёс, душа адтайвала і з’яўлялася жаданне жыць. Жанчына, лічы, сама выгадавала чатырох сыноў. Валерый, Сяргей, Мікалай і Алёша сталі ёй апорай у жыцці, а як параз’язджаліся, то не забываюць матулю, прыязджаюць, дапамагаюць. Сёння Любоў Мікалаеўна багата шасцю ўнукамі і адной унучкай, і ўжо яна двойчы прабабуля.

Жыве жанчына ў бацькоўскай хаце, яе перапісалі бацькі на Любу як захварэлі, і Люба іх даглядала да апошняга. Перад пенсіяй, за гадоў пяць, Любоў Мікалаеўна пакінула ферму пасля траўмы нагі. Два гады па бальніцах, а пасля пабаялася вяртацца да кароў, бо ўрачы папярэдзілі: яшчэ адна такая траўма – і нагу прыйдзецца адняць. Што рабіць? І пайшла яна прыбіральшчыцай у Гортальскі СДК. За прыгожы голас запрасілі яе спяваць.

«Іншы раз пачуеш: колькі ўжо можна спяваць?! А я думаю: колькі жыць буду, столькі буду спяваць. Пакуль будуць сілы», – падзялілася жанчына.

Кнопачкі
З Нінай Афанасьеўнай Гапонік увогуле мы раслі ў амаль суседніх дамах на адной вуліцы. Яна гадавалася ў сям’і, дзе было восем дзяцей, і з траіх дзяўчат Ніна – старэйшая. Помніцца мне яна сваёй разважлівасцю, упэўненасцю і паслядоўнасцю ва ўчынках. Ніна была дзяўчынай з пярчынкай гумару, здаецца, іншы раз пажартуе так непасрэдна, а ўсе за жываты хапаюцца…

І колькі памятаю, у яе руках заўсёды была гармонь. Толькі цяпер пры сустрэчы Ніна Афанасьеўна расказала:
– Гармошку да нас прывёз старэйшы брат Лёня з заробкаў. А брат Федзя іграў на ёй са сваім сябрам Колем Крыўко. Я вочы ўстаўлю на гармонь і гляджу на кнопачкі, па якіх бегалі іх пальцы. Гля-
дзела ўважліва, вачэй адарваць не магла, так мне падабалася. Хацелася запомніць кожны рух. Аднойчы думаю, дай і сама паспрабую. Узяла стул, села перад люстэркам і пачала націскаць па памяці на тыя кнопачкі, што і яны. Першай у мяне атрымалася «Лявоніха». З тае пары кожную свабодную хвіліну бралася за гармонь. Іграла, на слых падбіраючы мелодыю, і спявала. Як была дзеўкай, пасля танцаў з гармонікам ішла сюды да лазні (Люба жыве побач) і рыпала, а каля мяне ўся моладзь збіралася. Потым стала ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці ў Гортальскім СДК. Першы склад спявачак «Гарталянкі» мяне браў і пад язык вучылі жанчыны іграць «Кракавяк» і розныя напевы. Іншы раз паедзем на канцэрт, то па 30 нумароў адыгрывала за вечар. Дарэчы, твая маці мне калісь пашыла касцюм для выступленняў. Я купіла тканіны, «надзея» называлася, ленты, а яна пашыла, і я ў ім выступала…

Працавала Ніна Афанасьеўна на лыжнай фабрыцы ў Целяханах, а калі пайшла працаваць у Гортальскае паштовае аддзяленне, то не адразу заўважылі вяскоўцы, што ў Ніны не гармонь у руках, а цяжкая сумка паштальёна. І тое, і другое пасавала ёй. Старым людзям падабалася яе дакладнасць, яе няспешнасць у дзень налічэння пенсіі і ўменне пагаманіць, падбадзёрыць, расказаць пра навіны ў свеце і ў вёсцы.

А яшчэ я памятаю, як Ніну з гармонікам і кампаніяй жанчын з каляднай зоркай заўсёды з нецярплівасцю чакалі на Каляды ў нашай хаце, ды і іншыя вяскоўцы любілі іх. Толькі яны з усіх каляднікаў не саромеліся зайсці ў хату і спявалі некалішнія песні пра Хрыста. Усе, хто быў у хаце, а на гэтае свята збіралася сям’я ў поўным складзе, абступалі іх і слухалі… Свята тады набывала асаблівы святочны настрой.

Толькі сямейнае жыццё і ў Ніны Афанасьеўны не склалася. Сама гарадзіла плот, сама касіла, і гаспадарчыя пабудовы жанчына сама ўзводзіла і падладжвала. Лёс застаўляў усё самой рабіць. Затое радуюць трое дзяцей: Уладзімір, Ірына і Вольга.

– Я сама і дровы на станку рэзала, але аднойчы паранілася. І сын сказаў: «Усё! Хопіць!» Пасля таго сам рэжа, а мне стул прынясе, каб я сядзела і толькі адкідала парэзаныя, – расказала Ніна Гапонік.

Шлях да Малахава
Сябраваць Ніна Гапонік і Любоў Дзягцярык сталі цесна ў «Гарталянцы». Гэты калектыў славіўся на ўвесь раён і за яго межамі. Здымаць яго прыязджала Аксана Вечар на перадачу «Наперад у мінулае», запіс захоўваюць беражліва жанчыны, ёсць граматы і дыпломы на сцяне ў хаце за ўдзел у конкурсах і аглядах.

А потым стала «Гарталянка» не модная… Шкада… Баліць…
Нездарма кажуць: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Так і ў сябровак. Малодшы сын Любові Мікалаеўны купіў маці тэлефон у Мінску. І весялушкі пачалі здымаць свае песні.
– Сядзем на канапу, настроім табурэты насупраць, каб тэлефон стаяў, – кажа Ніна Афанасьеўна. – Дзве такія зоркі малахаўскія сядзім і спяваем, а потым запіс у «Аднакласнікі» выкідваем. Пасля сталі прасіць, каб дзеці зрабілі нам канал на Ютубе. Дачка сястры Наташка пасядзела і зрабіла Любе Ютуб.

– А нам і Ютуба мала, – дадае Любоў Мікалаеўна. – Нам трэба Цік-ток. Я да нявесткі: «Настачка, зрабі…» Тая Насця зрабіла. Мы выкінулі толькі пяць песень. І раптам у «Аднакласніках» мне і Ніне напісала Кацярына Кузіна, маўляў, запрашаем на перадачу да Малахава. Я не паверыла, падумала, што гэта махляры. Тут Ніна звоніць: «Люба, нас нейкая Кацярына Кузіна да Малахава запрашае». Я адкрываю паведамленне, сяджу, а ў мяне трасуцца рукі. Пішу: вы нас разыгрываеце? А яна – не, пазваніла на ватсап па відэа і паказала рэдакцыю, з калегамі знаёміць, стала распытваць…

Жанчыны ад хвалявання вінавацілі адна адну, а потым не спалі начамі. Пра Ванюшу песня набрала найбольш праглядаў, дзесьці 46 тысяч, і пра цыган таксама, вось гэтыя песні і прапанавалі ім праспяваць у Маскве на перадачы Малахава «Песні ад усёй душы».

Як рыхтаваліся? Як у кіно. Усё пазапіхвалі на скорую руку, каб было ў хаце прыгожа, а самі аб’ехалі Івацэвічы і Пінск у пошуках новых сукенак. Часу шыць сабе прыгожыя ўборы не было. Уражаных жанчын нават запомнілі на рынку ў Пінску, бо яны не адзін круг нарэзалі, перш чым выбраць абноўкі.

Калі прыехалі рабіць здымкі для перадачы ў вёску, то нямала цікавага адкапалі сталічныя журналісты для сябе: чаму бульбу трэба капаць у тры кашы, чаму капачкай-трохзубкай, што гатуюць з гарбузоў… І гортальскія пазітыўныя артысткі самы вялікі гарбуз павезлі на перадачу, а яшчэ мех адборнай бульбы, якую ад пясочку трэба было пачысціць. Як кажуць яны, работы ў нас ого-го было!.. Пра песні не было часу думаць. Дзякаваць, машыну прыслалі пад хату, на поезд білеты ўзялі (на самалёт пабаялася Люба) і там усе было бясплатна.

– Пасля перадачы як адчуваеце сябе? – цікаўлюся.
– Хоць з хаты не выходзь, зоркі зрабіліся!

– Глядзела, добра трымаліся.
– Добра? Усё трэслася. На рэпетыцыю як выйшлі, ногі калаціліся. Мікрафоны папрышчэплівалі, спяваем, а самі не шавелімся. Я не памятаю, ці Люба барабаніла тую песню ці не, – кажа, смеючыся, Ніна Афанасьеўна. – А стаялі разам, адна на адну глядзелі і нічога не бачылі… Іншыя прыколы былі. Што тут казаць, вёска ў сталіцу прыехала. Шведскага стала паспрабавалі. Селі за столік і чакаем… У Любы хоць паняцце было пра шведскі стол, а я дзе была, адкуль ведаю? Потым зарыентаваліся, але ўсё роўна няёмка адчувалі сябе. Вечарам я заказвала сама стравы. Свініна брызоль, хай на яе. Звычайная свініна з грэчкай. Хоць і не хацела з грэчкай, але пераблыталі афіцыянты і грэчка пайшла за мілую душу, як прагаладаліся.

– Якія мары далей?
– Гэтую перадачу заўсёды глядзім. Марылі на яе папасці, але не так хутка. Далей мара на Еўрабачанне. Дзе яно знаходзіцца? Бо нам жадаюць: давайце, дзяўчаты, прасоўвайцеся далей. А куды далей? Далей толькі Еўрабачанне. А калі сур’ёзна, то яшчэ два разы да Малахава плануем. Пакуль пастарэем, то два разы яшчэ папасці паспеем.

Пра жыццё-быццё
Вясковае жыццё з песняй лягчэй. Як напрацуюцца ў полі ды агародах сяброўкі, то мараць пра адну кватэру ў горадзе на дваіх. Але гэта пакуль не адыдуць ногі і спіны. Вёску яны любяць. А ў горадзе што, дзеці па работах, а ты сядзі савой, у вокны заглядвай. Толькі дома сапраўдны прастор, дыхаецца лёгка, спяваецца.

Бывае, сяброўкі пасварацца. Не без таго. Але не надоўга і так крыху. Ніна першая ідзе на прымірэнне: «Любачка, чаго ты крычыш?» І ўсё адступае ад яе спакою і ўраўнаважанасці.

Жанчын часта запрашаюць паспяваць на юбілеі вяскоўцы і жыхары навакольных вёсак. Тады селі жанчыны з гармонікам на веласіпед, бубен – у пакет і паперлі. Людзі ў захапленні.

На развітанне нам жанчыны таксама паспявалі. З бубнам і гармонню – яшчэ тая прыгажосць! Адразу жыццё заіграла новымі фарбамі – свята! І гады куды падзеліся…

Валянціна БОБРЫК.
Фота Таццяны ДЫЛЮК.

Поделиться