"Удача в придачу”, або Мядовы месяц амаль праз 40 гадоў

21 августа 2017 - Administrator
article3370.jpg

 “Віншуем, вы сталі пераможцам 36 тура гульні “Удача в придачу” ад “Еўраопт”. Ваш прыз – турыстычная пуцёўка на дзве асобы ў Грузію…” –  такое СМС-паведамленне, што прыйшло на тэлефон жыхарцы Івацэвічаў Надзеі Антаноў-скай 1 ліпеня, успрынялося адразу як жарт або нейкая памылка. Аднак, калі эмоцыі сціхлі і адбылася размова ў вялікай сям’і Антаноўскіх, стала зразумела – гаспадыня сямейства На-дзея Апалосаўна і сапраўды “злавіла за хвост” тую самую вядомую птушку шчасця і адзін з зарэгістраваных ёй кодаў стаў выйгрышным.

 

Так, вялікая гульня ад сеткі “Еўраопт” “Удача в придачу” распачалася яшчэ ў лютым мінулага года, за гэты час тысячы беларусаў далучыліся да яе і атрымалі самыя розныя прызы. Нагадаем, у любым магазіне “Еўраопт” пакупнік-уладальнік дысконтнай карты “Е-плюс” можа атрымаць выйгрышныя коды за кожныя 10 рублёў у чэку, калі ён не забыў набыць адзін з “тавараў удачы”. Спіс тавараў мяняецца кожныя два тыдні, пасля розыгрышу. Наша зямлячка На-дзея Антаноўская толькі паўгода таму далучылася да гульні, з рэгістрацыяй дапамаглі дзеці. Сама жанчына прызналася, што без вялікага энтузіязму адносіцца да падобных розыгрышаў. Ёй ніколі не шчасціла ў латарэях і ў гульнях, ды і азартнай яе не назавеш. Праўда, некалькі грашовых сертыфікатаў на суму ў 10 рублёў ад “Еўраопта” яна ўсё ж выйграла за гэты час. І гэта добра, думалася нашай суразмоўцы. А тут такая навіна – адпачынак у незвычайнай, гасціннай Грузіі… Як і многія “шчасліўчыкі”, Надзея Антаноўская не глядзела эфір розыгрышу, вось і не паверыла такой навіне. Але, калі сертыфікаты былі ўжо на руках, варыянтаў не было – у Грузію паедуць маці і тата, так рашылі на сямейным сходзе. Бо яны ніколі не бачылі мора і нідзе не адпачывалі.

На гэты раз фартуна ўсміхнулася добрым людзям, якія дакладна гэтага заслужылі. Антаноўскія – простыя людзі, Надзея Апалосаўна – медыцынская сястра па фізіятэрапіі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, яе муж Міхаіл Пятровіч – брыгадзір-каменшчык УП “Івацэвіцкая ПМК-11”. У далёкім 1980 годзе Міхаіл прывёз на сваю радзіму ў Івацэвічы нявесту з далёкана Іжэўска (сталіца Удмурдскай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі). З той пары яны і пусцілі карані ў нашым горадзе, маюць тут кватэру, дачу, выхавалі сыноў Андрэя і Аляксандра, а сёння Антаноўскія – шчаслівыя бабуля і дзядуля ўжо чатырох унукаў! Так думаецца, іх сакрэт увогуле ў пастаянстве, з таго ж 1980 года муж і жонка працуюць на адных працоўных месцах і шчаслівыя ад таго, ды і павагай карыстаюцца ў калектыве. Нават кіраўніцтва аднеслася з разуменнем да такога нечаканага адпачынку і ўнесла карэктывы ў графік водпускаў. Аднаго для поўнага шчасця не было ў сямейным жыцці Антаноўскіх – мядовага месяца. Яны былі на радзіме ў жонкі ў Іжэўску, вандравалі па Беларусі, а вось замежжа не бачылі.

Таму паездка ў Грузію, што адбылася з 3 па 10 жніўня, – гэта той самы чаканы сямейны адпачынак. За паўтара года сетка “Еўраопт” ужо разыграла пуцёўкі ў Турцыю, Грэцыю, Егіпет, Марока, Кіпр, Туніс, Іарданію, але наша гераіня прызнаецца, менавіта Грузію яна марыла наведаць усё жыццё.
 – Калі і ехаць куды, дык у гэтую краіну: сонца, Чорнае мора, горы і ветлівыя людзі, – разважае Надзея Антаноўская. – Грузія незвычайная. Невялікі ўтульны Батумі… І зараз перад вачыма мясцовыя вадаспады, крэпасць Гойя, мост Царыцы Тамары…

– Надзея Апалосаўна, а калі скласці свой асабісты топ цікавосткаў Грузіі?
– Нікога не здзіўлю, калі скажу, што ўразілі найперш горы і вадаспады, яшчэ ветлівасць і гасціннасць
мясцовых жахароў, то візітоўка грузінаў. А яшчэ незвычайныя расліны. Мы з мужам апантаныя дачнікі, таму мы не адрывалі вока ад мясцовых кветак і кустарнікаў. Наша любімая гарбата каркадэ расце там паўсюдна, такія чырвоныя і ружовыя кветачкі, а ківі расце там літаральна як вінаград, таксама пляцецца, а плады звісаюць над галавой. А колькі фота пальм, алеандраў і драцэн у нашым архіве! 

– А што прывезлі з сабой з адпачынку?
– Не паверыце – атожылкі мясцовых раслін! Паспрабуем з мужам развесці іх на нашай дачы, і, канечне, мясцовыя прысмакі для дзяцей і ўнукаў.
Шмат успамінаў у маіх герояў, і яшчэ доўга яны будуць успрымаць гэтае падарожжа як адно з самых незвычайных здарэнняў у іх жыцці, падарунак лёсу. Добра, што пашчасціла такім працавітым і шчырым людзям, і добра, што гэта быў менавіта адпачынак. Бо ўсе матэрыяльнае ў іх ёсць. А паездка застанецца ў памяці і ў душы назаўсёды. І няхай прымуцца і растуць незвычайныя расліны з Грузіі на дачы ў Антаноўскіх, няхай там стане яшчэ прыгажэй і ўтульней! 
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота з архіва сям’і Антаноўскіх.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий