“Забірайце…” – і цяплее прахалоднае лета…

19 июля 2017 - Administrator
article3302.jpg

 Першы раз пабачыў кавалак кардону з напісанай аб’явай на плоце мо з месяц таму. А пад ёй ля плоту стаялі тры пустыя ўжо скрынкі з рэшткамі зямлі – відавочна, што людзі разабралі прапанаваныя ім гаспадыняй кветкі.

І вось зноў выпадкова іду міма, а гаспадыня якраз выстаўляе свой “тавар”. І тая ж кардонка, і тая ж аб’ява: “Забірайце, каму патрэбныя ірысы розных колераў”.
Забірайце. Проста так, падыходзьце і бярыце. Бясплатна.

Не ведаю, не прыцэньваўся на рынку да садовых кветак, але, мабыць жа, нейкую капейку яны каштуюць.
Сёння мы сустрэліся. Гаспадыня дома па вуліцы Савецкай у Івацэвічах – Святлана Андрэеўна Кібальнік. Не стаў распытваць яе пра жыццё ды іншае. Не тое галоўнае. Бо самае важнае пра яе гаворыць просценькі кавалак кардону са словамі: “Забірайце…”
– А я нешта не магу прадаваць кветкі на рынку, – ціха заўважае Святлана Андрэеўна. – Іх у мяне многа, яны ж разрастаюцца, ім патрэбна воля. А прадаваць не магу. Мне быццам сорамна перад кветкамі. Ды і не кожны можа купіць на рынку. А так – возьме, пасадзіць, і будзе ў яго жыць прыгожае…
Свет мяняюць людзі вакол нас. Невялікая выпадковая сустрэча пераконвае мяне, што сярод нас – шмат добрых і бескарыслівых людзей. І іх спагада і жаданне падзяліцца прыгожым мяняюць сусвет. І мяняюць нас.

Быццам пацяплела, па праўдзе. І на душы стала не так турботна, і прасцей успрыняліся штодзённыя клопаты. І памацнела вера ў тое, што ўсё ўрэшце будзе ў нас добра. Таму што не знікнуць дабрыня і бескарыслівасць ні ў які, нават самы прагматычны час. З тым і жывём.
Валерый Гапееў.
Комментарии (0)
Добавить комментарий