11 дыпломаў і тры пахвальныя водгукі...

19 января 2016 - Administrator
article2193.jpg

 Падведзены вынікі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды

11 дыпломаў і тры пахвальныя водгукі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па школьных прадметах заваявала каманда нашага раёна.
15 студзеня завяршыліся інтэлектуальныя спаборніцтвы трэцяга этапу  рэспубліканскай алімпіяды па 14 школьных прадметах, якія праходзілі ў шэрагу гарадоў Брэсцкай вобласці. У ім прынялі ўдзел 38 лепшых школьнікаў нашага раёна.

Каманда нашага раёна ўжо болей дзясятка гадоў паспяхова роўна выступае ў інтэлектуальным марафоне  на абласным узроўні  і сёлета атрымала 11 дыпломаў і тры пахвальныя водгукі. 

– Касцяк каманды раёна склалі вучні ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. І сваімі інтэлектуаламі гэтая навучальная ўстанова можа ганарыцца – у іх камандзе пяць дыпломаў і два пахвальныя водгукі. Радуе, што нашы вучні традыцыйна заваёўваюць дыпломы па такіх складаных прадметах, як фізіка, матэматыка, а сёлета і па англійскай мове два дыпломы, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Іванаўна Данілюк. – Вельмі прыемна, што да нашай зорачкі па матэматыцы Кірыла Суражава – вучня 9 класа ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, які летась атрымаў Дыплом другой ступені, а сёлета ўзнагароджаны дыпломам трэцяй ступені (настаўніца Анжаліка Віктараўна Чарота), дадалося новае імя пераможцы-матэматыка з ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” – 11-класніцы Таццяны Коршун, якая летась атрымала Дыплом трэцяй ступені па рускай мове, а сёлета ўзнагароджана Дыпломам трэцяй ступені па матэматыцы (настаўніца Галіна Мікалаеўна Загдай).
Паспяхова выступілі фізікі. У настаўніцы фізікі ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” Валянціны Уладзіміраўны Арцюшэня амаль штогод ёсць дыпламанты, і сёлета Дыпломам другой ступені ўзнагароджаны адзінаццацікласнік-ліцэіст Андрэй Голуб. Дыплом трэцяй ступені па фізіцы атрымаў дзевяцікласнік ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы” Арцём Шут (настаўніца Кацярына Валер’еўна Падгорная).

Два дыпломы трэцяй ступені па англійскай мове і абодва ў ліцэістаў: вучаніцы 10 класа Кацярыны Трафімовіч (настаўнік Аляксандр Мар’янавіч Сарока) і вучня 11 класа Яраслава Юзэфовіча (настаўніца Марына Іванаўна Абрамчук). Юлія Маргун, 11-класніца ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, замацавала мінулагоднюю перамогу на ўзроўні вобласці і атрымала зноў Дыплом другой ступені па беларускай мове (настаўніца Алена Ула-
дзіміраўна Самасюк). Не адзін год дзяўчына абараняла гонар раёна на апошнім рэспубліканскім этапе алімпіяды і мела добрыя вынікі.

Як заўсёды, паспяхова выступілі вучні  ДУА “Велікагацкая СШ”. У настаўніка па тэхнічнай працы Сяргея Фёдаравіча Скарупіча зноў два дыпламанты: 11-класнік Максім Гурко – Дыплом другой ступені, 9-класнік Ігар Гурскі – Дыплом трэцяй ступені, у абодвух хлопчыкаў вынік, як і ў мінулым годзе. Дыпломам трэцяй ступені па працоўным навучанні ўзнагароджаны Мікіта Падгорны, 9-класнік ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” (настаўнік Сяргей Пятровіч Дзяркач).

Дыпломам трэцяй ступені па грамадазнаўстве ўзнагароджана Крысціна Кот, 10-класніца ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы” (настаўнік Анатоль Дзмітрыевіч Глушэня), якая летась атрымала пахвальны водгук па рускай мове і літаратуры. Пахвальнымі водгукамі ўзнагаро-
джаны: па геаграфіі – Наталля Парашка, вучаніца 9 класа ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” (настаўніца Ала Тадэвушаўна Сцепанчук), па гісторыі – Марыя Гембар, 10-класніца ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” (настаўнік Пётр Васільевіч Сітнік) і па хіміі – Ксенія Коршун, 11-класніца ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” (настаўніца Валянціна Мікалаеўна Богук).

Напрыканцы размовы Алена Іванаўна ад імя раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму найперш падзякавала ўсім настаўнікам, хто рыхтаваў дзяцей, вучням і іх бацькам за ўпартую працу і паспяховы вынік, і павіншавала пераможцаў з узнагародамі. 
Валянціна БОБРЫК.
Комментарии (0)
Добавить комментарий